- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ці будуць сужэнцы злучаныя ў небе?

[1]З вучэння Касцёла вынікае, што чалавек бярэ шлюб, каб атрымаць Божае благаслаўленне на сямейнае жыццё і быць злучаным са сваім сужэнцам у Нябесным Валадарстве. Здараюцца выпадкі, калі адзін з сужэнцаў памірае значна раней, пакідаючы ўдаўца(-ву). З кім у Небе будзе злучаны ўдавец(-ва), калі возьме другі шлюб?»

“Езус сказаў ім: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення” (Лк 20, 34–36).

Шлюб для многіх людзей з’яўляецца пакліканнем. Яны знаходзяць у ім паўнату шчасця, школу любові, нанова вучацца бачыць прыгажосць у свеце.

Здараецца, некаторым людзям сэрца падказвае, што каханы чалавек, які адышоў у вечнасць, павінен заўсёды заставацца самым важным чалавекам у жыцці. Як правіла, гэта дыктуецца надзеяй на спатканне з каханым (-ай) у Божым Валадарстве.

Падчас шлюбавання маладыя людзі прысягаюць, што не растануцца ажно да смерці. Гэта сведчыць, што сакрамант сужэнства скончыцца ў зямным жыцці. Аднак, гэта не азначае, што прыйдзе канец каханню.

У Касцёле ніколі не было сумневаў у тым, што любая сапраўдная любоў не толькі будзе трываць у вечным жыцці, але яшчэ ачысціцца і ўдасканаліцца. Спецыфічнасць і ўнікальнасць любові, якая злучае мужа і жонку, у Небе раскрываецца ва ўсёй сваёй для нас цяпер наогул няўяўнай прыгажосці.

Дык як жа будзе выглядаць любоў у Небе?

Мы будзем там жыць, як анёлы. Містыкі Касцёла кажуць, што анёлы жывуць у сяброўстве, любові і духоўнай блізкасці адзін з адным у прысутнасці Бога. Нам складана гэта зразумець. На Нябёсах мы будзем сябраваць з усімі, у тым ліку з тымі, хто атрымаў сакрамант сужэнства. Жыццё гэтых людзей абапіралася на імкненні да дасканалага Шчасця, таму яны там яго і знайшлі.

Св. Ян Златавуст напісаў, што ў Небе мы знойдзем іншае, лепшае яднанне ў Богу, чым у сужэнстве. Бог ёсць любоў, і ў вечнасці мы будзем напаўняцца ёю ў той ступені, каб стаць Ягонай часткай. Там адбудзецца яднанне адной душы з другой.

Такім чынам, хоць сужэнства заканчваецца на зямлі, яго працяг магчымы на Нябёсах.

Кс. Алег Кудэрка, grodnensis.by [2]