Вялікі пост – час, калі чалавек крыху спыняецца, суцяшае свой звычайны бег і намагаецца зазірнуць у сваё нутро, зразумець, што там адбываецца, каб змяніць сваё жыццё на лепшае.
У сучасным свеце ёсць шмат розных парадаў, як добра перажыць Вялікі пост: можна прыняць удзел у рэкалекцыях, нават онлайн – праз інтэрнэт, можна ўзяць шмат добрых пастановаў, напрыклад, чытанне Божага слова штодня або нейкай іншай духоўнай літаратуры. Я ж прапаную прыняць для сябе адну канкрэтную тэму на пост і паразважаць над ёй. Магчыма, добра было б, каб гэтай тэмай стала прабачэнне. Чаму мне б хацелася звярнуць увагу на прабачэнне? Бо гэта тэма – адна з найбольш жывых і балючых момантаў чалавечых адносінаў. Кожны з нас калісьці быў кімсьці моцна паранены, магчыма, сваімі бацькамі, настаўнікамі, родзічамі, сябрамі, калегамі, кіраўнікамі. Амаль кожнаму з нас вядомае пачуццё крыўды, злосці на крыўдзіцеля, расчараванне. Крыўда спальвае нас знутры, дае хваравітае, атрутнае пачуццё, якое вынішчае добрае стаўленне да чалавека. І мы пачынаем насіць у сваім сэрцы глыбокую горыч, гнеў, нянавісць, што з цягам часу пачынае забіваць нас саміх. Увогуле тэма крыўды, віны і прабачэння настолькі хвалюе, што можна знайсці шмат прысвечаных гэтаму кніг, артыкулаў, лекцый. Я б хацела распавесці пра тыя рэчы, якія ўдалося адшукаць, зразумець і засвоіць асабіста мне ў гэтай тэме.
Чаму варта прабачыць і быць прабачаным?
Прабачэнне – гэта вызваленне чалавека з няволі. Гэта значыць, што калі мы не прабачаем, то нібы змяшчаем гэтага чалавека ва ўнутранай вязніцы. Незалежна ад таго, вялікае гэтае прабачэнне альбо малое, яно звязвае чалавека і замыкае яго ў вязніцы. Мы праз сваё непрабачэнне становімся таксама звязанымі, мы не можам спакойна рухацца далей і развівацца ў поўнай свабодзе. Думаю, што крыўды і непрабачэнне можна параўнаць з вялізным чамаданам, які штодня носіш паўсюль з сабою, а ў ім носіш і ўсіх непрабачаных людзей, іх словы і дзеянні. Каб можа больш яскрава ўявіць, што адбываецца ў вашым сэрцы, паспрабуйце хаця б тыдзень панасіць паўсюль з сабою вялікі камень. Думаю, што калі нават вы і прызвычаіцеся да яго, асалоды ад гэтага будзе не шмат. Хачу дадаць, што чамадан крыўдаў і непрабачэнняў з цягам часу толькі набывае яшчэ большы цяжар, і ў рэшце рэшт можа стаць ужо зусім невыносны. Непрабачэнне таксама мае ўплыў на нашу псіхасаматыку і выклікае наступствы ў нашым целе: становіцца прычынай многіх хваробаў і кепскага самаадчування.
Ці змушае нас хрысціянства прабачаць?
Калі я разбіралася ў тэме прабачэння і шукала нейкія шляхі для сябе, мне было цікава даведацца, што Святое Пісанне кажа пра прабачэнне. Слова “прабачэнне” сустракаецца ў Біблі 13 разоў, а слова “прабач” ажно 28! Увогуле можна сказаць, што Святое Пісанне – гэта бясконцая гісторыя пра любоў і прабачэнне. Але для мяне біблейскае прабачэнне было занадта ідэалістычным, уменне прабачаць успрымалася хутчэй як цнота. Думаю, што такое меркаванне склалася ў мяне праз няправільнае ўспрыманне маёй “балючай сітуацыі” на самым пачатку, дзе гэта бачылася, хутчэй, як пакаранне, чым блаславенне, якім стала ўжо пазней. Хрысціянскі пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс пра прабачэнне пісаў так: “Прабачаць тое, што сапраўды заслугоўвае прабачэння, – не з’яўляецца хрысціянскай міласэрнасцю. Гэта толькі справядлівасць. Быць хрысціянінам – значыць, дараваць тое, што не даруецца, таму што Бог дараваў недаравальнае табе самому“.
Міф пра тое, што час гоіць усе раны
Часта можна пачуць ад іншых людзей такое суцяшэнне: “Спакойна, не пераймайся, час гоіць усе раны…” Калі мы думаем, што для прабачэння патрэбны толькі час, які гоіць усе раны, то гэта няпраўда.
Калі нас моцна раніць іншая асоба, то прабачэнне не можа прыйсці хутка і быць чымсьці само сабой зразумелым. Гэта павінен быць доўгі працэс глыбокай унутранай працы над сабою і сваімі пачуццямі. Безумоўна, час вельмі патрэбны ў гэтай справе. Але не толькі для таго, каб рана зацягнулася, час патрэбны ў першую чаргу для працы над сабою і разуменнем сітуацыі.
Сякера, якая заўсёды на пагатове…
Калі мы падыходзім да тэмы прабачэння фармальна, то кажам “я прабачаю”, не дараваўшы шчыра. Мы робім выгляд, што даравалі, фармальна выканаўшы сацыяльныя і рэлігійныя “нормы і правілы”. Мы кажам: “Я табе прабачаю, але не хачу мець з табою нічога супольнага”. Такім чынам мы не толькі не выкрываем гнайнік, а заганяем яго глыбока ўнутр. Але гнайнік нікуды не знікае. Гэта пастка. Такое “прабачэнне” можа сведчыць толькі пра адсутнасць шчырага даравання і наяўнасць моцнай крыўды і ўнутранага болю. Чалавек, які кажа, што прабачае, але заўсёды памятае, што адбылося, гэта той, хто закопвае сякеру ў зямлю, а сякерышча трымае на паверхні – так, на ўсялякі выпадак…
З чаго варта пачаць шлях прабачэння?
З усведамлення ўласных ранаў. Калі прабачэнне іншай асобе не прыходзіць лёгка, гэта можа быць сведчаннем таго, што мы павінны дакрануцца да сваіх унутраных, можа, нават дзесьці ўтоеных ранаў і зразумець свой боль. Калі мы бяздумна падыходзім да ранаў іншай асобы і перакрэсліваем яе як добрага чалавека, не намагаючыся зразумець корань яе нядобрых паводзінаў, гэта можа сігналізаваць нам пра занядбанне нашых уласных ранаў. Бо, верагодна, я сам настолькі зранены, што ўжо не маю жадання шукаць горкі корань свайго крыўдзіцеля. Гэта таксама працуе і ў іншы бок: мы абыякава ставімся да ран, якія наносім іншым таму, што абыякава ставімся да сваіх ран.
Калі ты сапраўды прагнеш прабачыць іншай асобе, пастарайся паглядзець на гісторыю яе жыцця праз прызму любові. Не задавай сабе пытання, чаму ён пакрыўдзіў менавіта мяне? Спытай лепей у сябе: хто і як пакрыўдзіў яго, што ён так крыўдзіць мяне? Кажуць, што кусае не той сабака, які злы, а той, які ў сваім жыцці спазнаў зло…
Першае, з чаго трэба практычна пачаць, гэта перастаць асуджаць іншую асобу і чакаць пакарання. Кажуць, што не бывае аднаго вінаватага, заўсёды вінаватыя абодва. Магчыма. Але не факт. Бывае па-рознаму. І вось на дадзеным этапе я прапаную гэтым не займацца. Не выясняць, хто з’яўляецца агрэсарам у пэўнай сітуацыі, а хто ахвярай. Ёсць той Суддзя, Які стаіць па-над усім і ведае ўсе абставіны лепш за нас. На гэтым этапе варта пастарацца зразумець, што я не маю права быць Суддзёю.
Памятаю, як мне па-чалавечы хацелася ўбачыць пакаранне майго крыўдзіцеля. Я чакала “Божай справядлівасці”, і вельмі пажадана было ўбачыць тую “справядлівасць” на ўласныя вочы… Але гэтага не адбывалася. І я была абураная. Але Бог значна большы за нашае малое ўяўленне пра Яго, Божая міласэрнасць значна большая за нашае чалавечае ўяўленне справядлівасці. Ведаеце, гэта як у тым жарце, дзе сусед крыўдзіцца на Бога, калі Той не выслухоўвае яго вельмі важную просьбу: каб здохла карова ў суседкі…
Напэўна, самым мудрым рашэннем наконт малітвы за свайго крыўдзіцеля будзе не тая, калі адразу пасля “ранення” ты пачынаеш па-хрысціянску маліцца за “сваіх ворагаў і ганіцеляў”, а тая, калі, ужо стоячы крыху над сітуацыяй, калі ўжо не так баліць, пачынаеш прасіць Госпада, каб Ён аздаравіў гэтую гісторыю так, як Ён гэтага хоча.
Не зайздросць, што твой Бог добры…
Маім ўлюбёным урыўкам з Бібліі з’яўляецца гісторыя прарока Ёны, які павінен быў ратаваць нінівіцянаў – тых людзей, якіх фактычна лічыў сваімі непрыяцелямі. Уявіце сабе: Ёна, які пасля доўгіх выпрабаванняў пагаджаецца з Божай воляй і ідзе прарочыць і абвяшчаць нінівіцянам (сваім ворагам) пакаянне, бачыць, што яго ворагі не толькі не загінулі, але навярнуліся да Бога і ўратаваліся. Уявіце яго эмоцыі. Ёна выканаў сваю прароцкую місію не з любові, а з паслухмянасці Богу. Але яго сэрца не прабачыла нінівіцянам. І тут Госпад вельмі мудра змяняе сэрца Ёны…
Стаяла гарачае надвор’е. Ёна сядзеў на ўскрайку горада і назіраў, з надзеяй чакаючы гібелі Нінівы. Госпад у адну ноч вырасціў нейкую расліну, пад ценем якой схаваўся Ёна ад пякучага сонца. Ёна вельмі ўзрадаваўся. А на наступную ноч Госпад зладзіў так, што чарвяк падтачыў корань расліны, і яна загінула. А сонца пачало прыпякаць яшчэ мацней. Ёна быў стомлены, расчараваны і абураны. Я ўяўляю, як ён сядзеў і, магчыма, ад бяссілля проста плакаў. Не вытрымаўшы, ён пачаў прасіць Бога пра смерць. Госпад спытаў у Ёны, што з’яўляецца прычынай ягонага смутку? Ёна адказаў, што расліна, якая загінула. І тады Госпад сказаў: “Ты шкадуеш расліну, над якой не працаваў і якую не гадаваў, у адну ноч яна ўзнікла і ў адну ноч знікла. Ці мне не пашкадаваць Нінівію, горад вялікі, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, і якія не адрозніваюць правай рукі ад левай?”
Гісторыя, пасля разважання над якой я паглядзела сабе на рукі і падумала: не адрозніваць левую ад правай – гэта ж страшна! Ці я зайздрошчу, што Госпад добры?..
Чалавек, які ў сваім жыцці не спазнаў любові, не можа адразу палюбіць іншых. Ён робіць гэта так, як разумее ці адчувае само паняцце любові. Чалавек, які калісьці быў моцна зранены кімсьці, будзе раніць іншых. Атрымліваецца як бы замкнутае кола…Такі просты прыклад: на працы на вас накрычаў начальнік, па дарозе дадому ў транспарце нехта вам выпадкова стаў балюча на нагу або неяк непрыемна на вас паглядзеў… Усё, настрой сапсаваны. Вяртаецеся дадому – і ўжо тут знаходзіце сваю “мішэнь”, і раніце кагосьці з блізкіх. Знаёма? Канешне, прыклад утрыраваны, але так адбываецца з нашымі крыўдамі і непрабачэннем.
Каб скончыць з хворым ланцужком крыўдаў, нам важна усвядоміць, што адбываецца: мяне крыўдзяць, мне баліць, але я не ўступаю ў гэтую гульню і не іду крыўдзіць далей. Я прабачаю. Ланцужок крыўдаў распадаецца…Толькі ўявіце сабе, што было б з намі, калі б Езус не прабачыў тым, хто асудзіў Яго на крыж? Алё Ён першы разрывае гэты ланцужок крыўдаў і дае нам гэты прыклад.
Я прабачаю ў сэрцы, і мне гэтага хапае…
Існуюць такія сітуацыі, калі думаць пра прабачэнне ўжо позна або нават прабачаць ужо няма каму, бо чалавека ўжо няма на гэтым свеце. Здавалася б, складаная сітуацыя. Але калі мы верым у жыццё вечнае, то прабачэнне заўсёды застаецца важным і магчымым.
Існуе таксама такое меркаванне, што дастаткова чалавеку прабачыць толькі ў душы, бо гэта толькі твая асабістая справа, твая ўнутраная свабода. Кажуць, што эфект прабачэння ніяк не залежны ад іншай асобы.
У кнізе Д. Анджа “Зранены пастушок” ідзе гаворка пра моцна зраненага чалавека, які ў сваім жыцці нарабіў шмат памылак. Але аднойчы, сустрэўшы Езуса, ён атрымлівае магчымасць быць аздароўленым. Для свайго аздараўлення яму трэба толькі адно: прабачыць усіх сваіх крыўдзіцеляў. Езус, дакранаючыся да кожнай раны зраненага чалавека, дакранаўся да кожнай хворай гісторыі гэтага чалавека і праз яго прабачэнне аздараўляў яго раны. Зранены, прыпамінаючы ўсё сваё жыццё, у сваіх думках і ў сэрцы прабачаў кожнаму крыўдзіцелю. Але Езус пазней паказвае яму, што гэтага недастаткова. Ён прыводзіць чалавека да дзвярэй дома яго былога сябра, які яго моцна раніў. Вядома, што зранены чалавек проста марыць, каб іх сустрэча не адбылася. Але Езус настойвае, каб тое, што адбылося ў сэрцы чалавека, яго прабачэнне, было даравана гэтаму чалавеку пры асабістай размове.
Мне здаецца, што гэтая гісторыя ёсць добрай ілюстрацыяй да дзеянняў чалавека, які хоча быць аздароўлены і атрымаць свабоду.
Ад словаў да дзеянняў. Практычныя парады
- Калі ёсць такая магчымасць, выкажы чалавеку сваё прабачэнне / або прасі пра дараванне ў асабістай размове.
- Калі няма магчымасці асабістай размовы, напішы да гэтай асобы ліст.
- Паблаславі чалавека, які цябе зраніў.
- Калі адчуваеш, што ўчыненая крыўда перастала моцна балець і ты стаіш нібыта над сітуацыяй, можаш пачаць маліцца і прасіць, каб Госпад заняўся гэтай гісторыяй.
- Калі зусім не можаш справіцца з сітуацыяй непрабачэння і гэта з’ядае цябе, раю звярнуцца да хрысціянскага псіхатэрапеўта: магчыма, ты патрабуеш дапамогі.
Важна! Падумай: калі ты просіш у кагосьці прабачэння ці прабачаеш ты ў сваім жыцці? Калі ты памыляешся ў сваім жыцці, ці даеш ты права на памылку іншай асобе?
Я жадаю вам, каб у вашым жыцці не знайшлося такой гісторыі, якую б не змог аздаравіць Госпад.
Вікторыя Арфеева
