- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Чыгуначныя пілігрымкі хворых вяртаюцца ў Люрд

[1]Пасля пандэмічнага перапынку вяртаюцца цягнікі пілігрымак хворых з Італіі ў Люрд. Традыцыйна іх ладзяць валанцёры арганізацыі “Unitalsi”. Першы цягнік ужо адправіўся з Бары. Падчас усяго шляху хворыя і іх апекуны маліліся за мір на Украіне.

Unitalsi — гэта арганізацыя, якая ўжо больш за 100 гадоў арганізуе для інвалідаў і хворых людзей пілігрымкі ў Люрд і іншыя міжнародныя санктуарыі Еўропы.

Больш за 600 хворых людзей, валанцёраў і лекараў адправіліся да Маці Божай на першым цягніку, які адправіўся з Бары 20 ліпеня. Цягнік з пілігрымамі спыняўся таксама ў Пескары, Анконе і Рыміні, дзе, разам з муніцыпальнымі і касцельнымі ўладамі, быў арганізаваны збор сродкаў на патрэбы  ўкраінцаў і хворых бежанцаў, якія пацярпелі ад вайны.

Гэта паломніцтва міру, таму што мы не хочам і не можам прызвычаіцца да канфлікту ва Украіне — падкрэслівае суправаджаючы пілігрымаў біскуп Леанарда Д’Асцэнца.

Ардынарый з Бары паведамляе, што ў Люрдзе пілігрымы ўдзельнічалі ў міжнароднай малітве за мір, якую падчас вайны ўзначальвае пробашч грэка-каталіцкай парафіі ў гэтым горадзе. Па яе заканчэнні пілігрымы запалілі свечкі міру.

idziemy.pl [2]
пераклад Марыны Ткач