[1]Больш за 60 сясцёр з розных манастыроў закрытага тыпу чылійскага горада Сантʼяга здзейснілі сапраўды гістарычны візіт: яны наведалі жаночую турму. Сёстры і зняволеныя маліліся падчас Эўхарыстыі, а потым проста правялі час разам, паведамляе CNA [2].
«Я не ўпэўнены ў тым, каб у гісторыі Сантʼяга калі-небудзь здаралася падобнае. Сёстры з розных ордэнаў прыйшлі сюды, каб маліцца з гэтымі жанчынамі, якія, хоць і знаходзяцца ў турме, застаюцца нашымі сёстрамі па веры», – пракаментаваў падзею кардынал Рыкарда Ецаці, які ўзначаліў святую Імшу.
Такім чынам сёстры адзначылі Юбілей манаскага жыцця ў рамках Года Міласэрнасці, абвешчанага Папам Францішкам.
Кардынал Ецаці распавёў таксама, што такім чынам сёстры, якія глядзяць у твар Хрыста ў малітве за манастырскімі сценамі, маглі ўбачыць пакуты Госпада падчас сустрэчы з жанчынамі, якія перажываюць цяжкі этап у сваім жыцці.
«Гэтыя законныя сёстры – узнятыя рукі нашага горада да неба. Яны моляцца за нас, а асаблівым чынам за тых, хто пакутуе», – сказаў уладыка.
Падчас св. Імшы сёстры спявалі традыцыйныя чылійскія песні ў гонар Багародзіцы і, на здзіўленне ўсіх, яшчэ і танчылі. Пасля Эўхарыстыі сустрэча прадоўжылася ў двары турмы.
Сёстры і зняволеныя былі вельмі задаволеныя гэтым візітам. «Для нас гэта было магчымасцю адчуць радасць і смутак жанчын, а таксама стаць адным з іх» -, распавядае с. Марыя Ружа, кармэлітка з манастыра св. Язэпа.
Зняволеныя жанчыны лічаць гэты візіт «благаслаўленнем і вялікай падтрымкай». «Вельмі добра, што яны прыйшлі памаліцца за нас. Цікава таксама было глядзець на тое, як лётае вэлюм падчас танцаў, якія мы тут зладзілі», – дзеляцца яны.
CREDO [3]