[1]У канцы ліпеня Касцёл успамінае святых Яўхіма і Ганну – бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта гэтым людзям была даручаная важная і адказная місія – выхаванне жанчыны па-над усімі жанчынамі. І з гэтай місіяй, як мы ведаем, Яўхім і Ганна справіліся выдатна. 26 ліпеня прынята віншаваць з імянінамі асобаў, якія носяць адпаведныя імёны. У нашых рэаліях дастаткова складана сустрэць імя Яўхім, а вось імя Ганна сустракаецца значна часцей. Мы пагутарылі з дзяўчатамі і жанчынамі, якія носяць адпаведнае імя, каб даведацца гісторыю выбару імені.
– Некаторым імя выбіраюць яшчэ да нараджэння. Мне выбралі ўжо пасля. Я нарадзілася 8 снежня. У гэты дзень адзначаецца свята Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Імя прыдумаў тата – Ганначка. Маме гэты выбар спадабаўся, і яна яго падтрымала. Толькі мама ў гонар асаблівага дня майго нараджэння прапанавала назваць мяне Ганна-Марыя. Так я была і ахрышчаная. Маё імя мне вельмі падабаецца. Тут ёсць шмат прыгожых і мілагучных памяншальна-ласкальных формаў. Імяніны заўсёды адзначаем. Абавязкова наведваем парафіяльны касцёл у Гальшанах, а пасля сядаем за агульны стол. Зараз я жыву ў Смаргоні, а мая старэйшая сястра – у Гродне. Але мы ўсё ж стараемся сабрацца ў гэты дзень, каб разам памаліцца і адсвяткаваць. 26 ліпеня – мае імяніны, а 27 – маёй мамы Наталлі. Стараемся зрабіць адна адной падарункі. Звычайна гэта невялікія і простыя рэчы, але вельмі памятныя і дарагія сэрцу.
– Імя мне выбіралі родныя калектыўна. Мама расказвала, што яно было адным з варыянтаў, каторы падхапіла мая стрыечная чатырохгадовая сястрычка Юлія і пачала актыўна паўтараць. І дарослыя прынялі яго. А бабуля з татавага боку хацела, напрыклад, каб мяне назвалі Агнешка. Як вядома, ва ўсе часы імя Ганна было адным з найбольш папулярных. Памятаю, што спачатку мне гэта падабалася, а пасля лічыла гэтае імя надта банальным і распаўсюджаным. Знаёмыя часта пыталіся: “Чаму тваю сястру завуць так прыгожа (яна Марта), а цябе так звычайна?” Мяне гэта не крыўдзіла, але я таксама думала: “Няўжо з такой багатай каталіцкай традыцыі нельга было выбраць нешта больш арыгінальнае?” Зараз мне падабаюцца ўсе формы майго імені. А бабуля падарыла мне адмысловы малітоўнік з малітвамі да святой Ганны. У дзень імянін стараюся прачытаць усе малітвы з яго, а таксама прыняць удзел у святой Імшы. З кароткімі малітоўнымі заклікамі да святой апякункі звяртаюся штодня. Падчас вячэрняй сямейнай малітвы мы просім заступніцтва тых святых, імёны якіх маем мы з мужам, а таксама нашы дзеці. Так атрымліваецца маленькая літанія.
– Імя для мяне выбрала мама, бо яно распаўсюджанае ва ўсім свеце. У свой час яна глядзела фільм, дзе галоўную гераіню звалі Ганна-Марыя. І адно, і другое маме падаваліся прыгожымі і мілагучнымі. Пасля майго нараджэння яна доўга не магла вызначыцца, якім імем мяне назваць. Урач-педыятр у чарговы свой візіт спытаў, як запісаць мяне ў картцы. Мама нічога не адказала, папрасіўшы пачакаць. Так паўтаралася некалькі разоў. Пасля, калі адцягваць ужо не было куды, мама дала мне імя Ганна. Свае імяніны адзначаю заўсёды. Наведваю касцёл, дзякую Богу за ўсе ласкі. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй.
Гутарыла Марта Венславовіч


