- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Чаму гімн «Regina Caeli» замяніў малітву «Анёл Панскі»? Ці як велікодная малітва да Марыі адвярнула чуму

[1]Вы заўважылі, што ад Вялікадня моляцца не «Анёл Панскі», а гімн «Regina Caeli»? Варта ведаць, адкуль узялася гэтая малітва, і незвычайную легенду, звязаную з ёй.

У Велікодны перыяд, які доўжыцца ў Каталіцкім Касцёле да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, малітва «Анёл Панскі» замяняецца гімнам «Regina Caeli» («Уладарка неба, усцешся»).

У адрозненні ад першай малітвы, якую прамаўляюць, апошняя, калі адпраўляецца публічна, звычайна спяваюць стоячы. Гэта адна з чатырох вялікіх антыфонаў Маці Божай, а яе тэкст знаходзіцца ў антыфанарыі 1171 года ў базыліцы Святога Пятра.

Аўтар і час стварэння гімна невядомыя, хоць часта лічыцца, што ён быў напісаны паміж IX і XII стагоддзямі. Даволі часта яго аўтарства прыпісваюць Папу Грыгорыю V (996-999гг.). У той час адна цудоўная легенда прадстаўляе аўтарам яшчэ аднаго Папу, які жыў некалькімі стагоддзямі раней, — св. Грыгорыю І Вялікаму (590-604 гг).

Паводле гэтай версіі, у 596 годзе ў Велікодны час у Рыме была чума. Каб спыніць гэта, Папа вырашыў правесці пакутна-хвалебную працэсію. На світанку пэўнага дня ён прыбыў са сваім духавенствам у рымскую святыню Ara Caeli, адкуль працэсія пайшла ў сабор святога Пятра. Папа нёс абраз Маці Божай, аўтарам якога лічаць св. Евангеліста Луку.

Калі працэсія прайшла праз замак Адрыяна, з неба пачуўся голас, які спяваў Марыі Уладарцы Неба. Святы Айцец, уражаны незвычайнай з’явай і ўзрадаваны анёльскім спевам, услых адказаў: «Ora pro Nobis Deum, alleluja» (Маліся за нас Богу, аллелюя). У той жа момант з’явіўся ясны анёл з мячом чумы ў руцэ, які адразу ж схаваў у ножны, і з таго часу эпідэмія спынілася.

У памяць аб гэтай цудоўнай падзеі назва замка была зменена на Замак Святога Анёла, а словы анёльскага гімна былі змешчаны на даху касцёла Ara Caeli. Значна пазней (верагодна, у XII стагоддзі) да гэтага закліку дадалі наступны, і такім чынам была створана сапраўдная антыфона «Regina Caeli».

Яе распаўсюджванню, як і многіх іншых Марыйных малітваў, паспрыялі францішкане, якія першымі пачалі маліцца антыфонай у дадатак да гімна «Магніфікат», які выконваецца падчас Камплеты ў актаве Вялікадня. У другой палове XIII стагоддзя ўключылі ў Брэвіярый. Па волі Мікалая III (1277-1280 гг.) антыфона была ўнесена ў святарскія малітвы ўсяго Рыма. Бенедыкт XIV (1740-1758 гг.) дэкрэтам ад 1742 года рэкамендаваў абвяшчэнне гэтага гімна ў Велікодны перыяд ад Вялікай суботы да суботы перад Спасланнем Духа Святога.

Лацінскі тэкст малітвы:

Regina Caeli, laetare, alleluia,
Quia quem meruisti portare, alleluia,
Resurrexit, sicut dixit, alleluia,
Ora pro nobis Deum, alleluia.

С: Gaude et laetare Virgo Maria, alleluia,
Н: Quia surrexit Dominus vere, alleluia.

Затым наступае малітва: «Oremus. Deus, qui per resurrectionem Filii Tui Domini nostri Iesu Christi mundum laetificare dignatus es: praesta, quaesumus, ut, per eius Genitricem Virginem Mariam, perpetuae capiamus gaudia vitae. Per Christum Dominum nostrum. Amen».

На беларуская мове:

Уладарка неба, усцешся, аллелюя.
Бо той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як прадказваў, аллелюя.
Богу за нас маліся, аллелюя.

С: Весяліся і радуйся, Панна Марыя, аллелюя,
Н: Бо ўваскрос Пан праўдзіва, аллелюя.

Молімся: Божа, Ты праз уваскрасенне Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, напоўніў свет радасцю, учыні, просім, каб праз заступніцтва Яго Маці, Панны Марыі, мы атрымалі радасць вечнага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Пераклад з сайта credo.pro [2] Марыны Сінкевіч