[1]Некалькі месяцаў таму мне давялося рабіць інтэрв’ю з выкладчыцай каледжа. Жанчына доўга адмаўлялася ад такой прапановы. “Знайдзіце кагосьці іншага. Потым толькі плётак не абярэшся. Будуць казаць, што захацела сябе прарэкламаваць”. З такой пазіцыяй я сустракаюся даволі часта. Людзі баяцца асуджэння, палохаюцца аб’ектыва, не хочуць выглядаць смешна, недарэчна, нягегла.
Аднак час дыктуе свае правілы. На сённяшні дзень кожны, хто толькі пажадае, можа паспрабаваць свае сілы ў якасці блогера. Спецыялісты розных сфер расказваюць пра сваю дзейнасць у блогах. Урачы, педагогі, бухгалтары, юрысты актыўна апавядаюць пра ўласныя заняткі шырокаму колу асобаў. Апошнім часам у асяроддзі блогераў можна заўважыць і святароў, якія абвяшчаюць Добрую Навіну з дапамогай стрымаў і рылсаў, запісваюць грунтоўныя ролікі, дзеляцца каларытнымі фотаздымкамі. Душпастыры не баяцца асуджэння. Кожны з іх упэўнены, што евангелізацыя праз інтэрнэт – дзейсны спосаб расказаць пра Божую любоў шырокаму колу людзей. Сёння мы пазнаёмім вас з трыма святарамі-блогерамі, старонкі якіх сталі папулярнымі на розных інтэрнэт-пляцоўках.
На каву са святаром
Вам калі-небудзь даводзілася піць каву ці гарбату са святаром? Думаецца, што большасць чытачоў дасць адмоўны адказ на гэтае пытанне. Ды і ў душпастыраў няма столькі вольнага часу, каб арганізаваць чаяванне з кожным парафіянінам. А вось у Паўла Рудзьмана, адміністратара парафіі Божай Міласэрнасці ў Баранавічах, гэта атрымалася. Штотыднёва ён запрашае не толькі вернікаў са сваёй парафіі, але і ўсіх ахвотных на ўласную кухню, каб паласавацца духмяным напоем і паразважаць над Божым словам. Такі фармат палюбіўся многім інтэрнэт-карыстальнікам. Сёння на старонку святара ў Інстаграме падпісана каля 9000 чалавек. Аўдыторыя паводзіць сябе актыўна: ставіць падабайкі, пакідае каментарыі, дзеліцца ролікамі з роднымі і знаёмымі. Святар адзначае, што на дадзены момант ролікі глядзяць у сямнаццаці краінах свету. Некалькі гадоў таму ксёндз Павел і падумаць не мог, што будзе з лёгкасцю гаварыць на камеру, засвоіць асновы мантажу і нават пройдзе спецыяльнае навучанне. Аднак выпадак зрабіў сваю справу.
Падчас пандэміі сацыяльныя кантакты былі абмежаваныя. Парафіянам ксяндза Паўла па-ранейшаму хацелася мець сувязь са святаром, удзельнічаць у катэхезах, слухаць казанні. Тады хтосьці прапанаваў святару здымаць відэаролікі з разважаннямі над Божым словам і змяшчаць іх на YouTube. У рэшце рэшт, святар вырашыў падтрымаць такую ініцыятыву. Сёння ён з усмешкай прыгадвае дэбютны запіс: тады давялося зрабіць каля ста дубляў і патраціць шмат часу на мантаж роліка. На той момант мантажом займаліся дасведчаныя парафіяне. Крыху пазней хтосьці з творчай каманды прапанаваў не абмяжоўвацца толькі YouTube, але пакрысе пераходзіць і ў Instagram. Святар спачатку скептычна ўспрыняў гэту прапанову. Аднак, падумаўшы, вырашыў распачаць, бо разумеў, што, калі відэаматэрыял зможа нейкім чынам паўплываць на свядомасць хоць адной асобы, гэта ўжо будзе вялікай справай. З цягам часу душпастыр прайшоў адпаведныя курсы, навучыўся прафесійнаму мантажу, “пасябраваў” з відэакамерай. З кожным разам ролікі станавіліся ўсё больш якаснымі ў тэхнічным плане і больш грунтоўнымі – у духоўным. Камера перастала выклікаць дыскамфорт і стала ўспрымацца як неабходны для добрай справы інструмент.
Не абыходзілася і без канфузаў. Аднойчы святар паехаў у прыгожае месца, каб запісаць чарговы ролік на прыродзе. Прыехаўшы, на адным дыханні змантаваў відэа, а зыходны матэрыял выдаліў. Аднак сацыяльная сетка не дазволіла загрузіць разважанне – не адпавядаў фармат. Хтосьці, напэўна, засмуціўся б і адклаў справу. Ксёндз Павел хутка ўзяў сябе ў рукі і перазняў відэа ў хатніх умовах.
Святар стараецца не парушаць перыядычнасць выхаду відэа. Ён ведае, што многія чакаюць новых выпускаў, таму і не падводзіць сваю аўдыторыю. Хаця час ад часу гэта выклікае некаторыя цяжкасці. Хвароба, упадак фізічных і маральных сіл, адсутнасць настрою не з’яўляюцца прычынай для адмены запісу. Ксёндз і сёння прыгадвае той дзень, калі памерла яго любая бабуля. Тады яму неабходна было запісаць чарговы матэрыял пра хрысціянскую радасць. Нягледзячы на смутак і тугу, якія перапаўнялі святарскае сэрца, ксёндз Павел запісаў чарговы ролік. Сёння справа запісу і мантажу займае не так шмат часу. Прайшоўшы адпаведнае навучанне, душпастыр навучыўся рабіць сваю справу якасна і хутка. На дадзены момант ксёндз Павел марыць пра новую і прасторную студыю, дзе можна будзе размясціць прафесійнае абсталяванне і запрасіць яшчэ больш людзей на каву. На каву са святаром.
З ноткай творчасці
У самым сэрцы сталіцы, на праспекце Незалежнасці, знаходзіцца касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха). Адмысловы храм здзіўляе сваёй прыгажосцю, вытанчанасцю і незвычайнасцю. Падаецца, што ў гэтым месцы неба судакранаецца з зямлёй. Гледзячы на касцёл, прыходзіць думка, што пробашчам парафіі павінен быць таксама чалавек асаблівы – творчы, неабыякавы, дасведчаны і актыўны. Так і ёсць на самай справе.
Ксёндз-канонік Юрый Санько не толькі выконвае функцыі пробашча парафіі. Акрамя гэтага, у святара яшчэ мноства служэнняў і абавязкаў: ён з’яўляецца прэс-сакратаром Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказвае за “Альфа-курс”. Святара можна назваць асобай медыйнай. Хрысціяне ведаюць душпастыра як вядоўцу праграмы “Каталіцкія святыні Беларусі”, “Размовы пра духоўнае”, каторыя доўгі час паказваліся на беларускім тэлебачанні. Год таму святар сабраў творчую каманду і вырашыў рэалізаваць адразу тры праекты – “PaxTV”, “К себе – с любовью”, а таксама кулінарнае шоу “Ням-ням”. Кожны з іх мае сваю скіраванасць і адпаведную аўдыторыю. Праект “PaxTV” адрасаваны людзям, якія знаходзяцца на пэўнай дыстанцыі ад Бога і Касцёла, шукаюць адказы на розныя пытанні. Ксёндз Юрый у простай і зразумелай форме адказвае на гэтыя пытанні. У якасці сувядоўцы разам з аўтарам часта выступае ксёндз Юрый Жэгарын, які зараз нясе душпастырскае служэнне ў Навагрудку. Чаму мы не бачым святых? Як развіваць веру асобе, якая нядаўна атрымала сакрамант хросту? Што такое індульгенцыя? На гэтыя і многія іншыя пытанні ксёндз Юрый дае вычарпальныя адказы. На дадзены момант праект прадстаўлены на розных пляцоўках, але найбольшай папулярнасцю ён карыстаецца ў Instagram: на старонку падпісана больш за 7000 асобаў.
Апошнім часам набірае папулярнасць і праект “К себе – с любовью”, які адрасуецца жаночай палове інтэрнэт-карыстальнікаў. Каталіцкая манахіня Міхаліна Маркевіч з’яўляецца вядоўцай праекту. Кожны выпуск накіраваны на тое, каб паказаць жанчыне яе ўнікальнасць, раскрыць духоўны патэнцыял, нагадаць пра ўнутраныя рэсурсы. У якасці экспертаў выступаюць псіхолагі, стылісты, касметолагі. Кожны выпуск – чарговая магчымасць сказаць жанчыне пра яе ўнікальнасць, непаўторнасць, глыбіню. Штодня амаль 5000 жанчын знаёмяцца з карысным кантэнтам, вучацца заўважаць прыгажосць у простых рэчах, з годнасцю ставіцца да сябе. Праект запоўніў нішу, якая патрабавала запаўнення.
Зараз можна знайсці шмат матэрыялаў для дзяцей. Моладзевыя праекты таксама актыўна рэалізуюцца ў фармаце анлайн і афлайн. Жанчыны-каталічкі даўно адчувалі патрэбу ў духоўным умацаванні. Праект стаў падтрымкай і апорай для прыгожай паловы чалавецтва. Сёння пад відэаролікамі можна знайсці шмат каментарыяў, дзе жанчыны выказваюць падзяку за якасны кантэнт.
Многія і цяпер памятаюць кулінарную праграму Андрэя Макарэвіча “Смак”, якая ў сярэдзіне дзевяностых была надзвычай запатрабаванай. Кожную суботу гледачы ўключалі тэлевізар, каб пазнаёміцца з новымі рэцэптамі, а таксама паглядзець, хто ж на гэты раз запрошаны ў кухню да Андрэя. Зусім нядаўна падобная праграма з’явілася і для католікаў. Кулінарнае шоу “Ням-ням” за кароткі час палюбілася гледачам. Харызматычны і творчы ксёндз Юрый Санько не горш за Андрэя Макарэвіча ўмее павесці гутарку ў патрэбным кірунку, трапна пажартаваць і нават знайсці момант для духоўных разважанняў. У час размовы госці смажаць рыбу, робяць салаты, пякуць пірагі. Ксёндз Юрый жартам зазначае, што ўсе кулінарныя шэдэўры, створаныя ў студыі, можна есці без шкоды для жыцця. Ужо выйшла адзінаццаць выпускаў праграмы. На гэтым творчы і крэатыўны святар спыняцца не збіраецца. Далей гледачоў чакаюць чарговыя перадачы, аднак у новым і нязвыклым фармаце.
Калі натхненне дае Парыж…
“У Пастаўскім краі, калі хто не знае, дзе прыгажосць азёр і небасхіл. Парыж родны заўсёды чакае – куток майму сэрцу мілы”. Гэтыя вершаваныя радкі напісаў малады святар з Віцебшчыны Алег Зямчонак. На дадзены момант ксёндз Алег служыць у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах. Вершы пісаць ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве, а крыніцай натхнення для яго стала родная вёска Парыж. Адразу, як і ўсе паэты-пачаткоўцы, аўтар пісаў “у стол”. Зусім нядаўна шчымлівымі і цёплымі радкамі ксёндз стаў дзяліцца на сваіх старонках у сацыяльных сетках. З вялікім натхненнем паэт-пачатковец чытае вершы, прысвечаныя Богу, роднай вёсцы, сустрэчным людзям. Зваротная сувязь не прымушае сябе чакаць: інтэрнэт-карыстальнікі пакідаюць захопленыя каментарыі, дзякуюць за творчасць. Святар здымае краявіды, культавыя пабудовы, якія пасля ілюструюць яго паэзію. Душпастыр заклікае кожнага яшчэ раз палюбавацца прыгажосцю прыроды, заўважыць незвычайнае ў простых і будзённых рэчах.
Верш пра родную вёску ў TikTok набраў амаль 55 000 праглядаў. А вершаваны твор пра касцёл у Мёрах паглядзела каля 139 000 чалавек. Акрамя паэзіі, святар здымае розныя важныя падзеі, якія адбываюцца ў парафіі. Пілігрымкі, футбольныя матчы, спатканні моладзі – усё гэта трапляе ў аб’ектыў захопленага душпастыра.
[8]Актыўна весці сацыяльныя сеткі ксёндз Алег пачаў каля двух гадоў таму, калі прыехаў служыць у Мёры. З першых дзён стаў апекавацца міністрантамі і мясцовай моладдзю. Прэзбітар заўважыў, што юнакі і дзяўчаты не надта горнуцца да касцёла. У той момант у парафіі былі ўсяго толькі тры міністранты. На сённяшні момант гэта лічба павялічылася да трыццаці. Ксёндз Алег зразумеў простую ісціну: каб знайсці падыход да моладзі, з ёй трэба размаўляць на зразумелай для яе мове. Евангелізацыя праз сацыяльныя сеткі аказалася дзейсным і хуткім спосабам прыцягнуць маладых людзей да веры. Хлопцы дапамагаюць здымаць святару відэаролікі. А вось паэзія больш цэніцца асобамі сталага веку. Ходзячы па калядзе, ксёндз Алег чуе шмат добрых слоў ад сваіх парфіянаў, якія дзякуюць за магчымасць дакрануцца да мастацкага слова.
Душпастыр жартам зазначае, што першым слухачом яго новых вершаў з’яўляецца кошка Каця. Менавіта яна вызначае якасць твораў свайго гаспадара. Калі кошка не збегла з пакою падчас чытання, значыць твор атрымаўся якасным, ім можна дзяліцца з чытачамі.
Цікавым з’яўляецца і той факт, што на старонцы ксяндза Алега зусім няма хейтараў. Шчырасць, адкрытасць і дабрыня святара, здаецца, скараюць сэрца кожнага наведвальніка. А вось цёплыя словы і пажаданні можна знайсці пад кожным відэа. Чытаючы цёплыя каментары, прыходзіць разуменне, што са сваёй задачай святар спраўляецца выдатна.
Марта Венславовіч