- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Быстрыца адсвяткавала 625-цігоддзе свайго існавання

bystryca [1]Калі мы кажам пра ўзрост святынь ці парафій, то стагоддзе здаецца вялікім адрэзкам часу. Век жа ў паўтысячы гадоў – наогул цяжка ўсвядоміць. Але да яго можна дакрануцца і сёння, калі святкуецца юбілей. У Быстрыцы, што ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці нам пашчасціла наталіцца гісторыяй і хрысціянскім духам. Гэты край мы наведалі па ласкаваму запрашэнню кс. Казіміра Ляховіча, пробашча мясцовай парафіі з нагоды 625-годдзя Быстрыцы.

Каб узгадніць працу супрацоўнікаў рэдакцыі “Каталіцкага Весніка”, тэлефаную наўпрост ксяндзу Казіміру. На тым канцы провада чуецца прыемны мужчынскі голас з цудоўнай дыкцыяй. “Каталіцкі Веснік”? Газета? Канешне прыязджайце! І камеры бярыце, усіх супрацоўнікаў. У нас тут вялікі фэст, юбілей парафіі, вёскі, будзе выстава беларускіх народных інструментаў і выступленне трох харавых калектываў.”

“Ад такой багатай праграмы ніводзін рэдактар не адмовіцца. Не паехаць туды — гэта грэх”, — думаю пра сябе і пагаджаюся на рэпартаж.

Таямнічая вёска

У вызначаны дзень 27 чэрвеня запакоўваем камеры, фотапапарты, мікрафоны і вырушваем у падарожжа. Напярэдадні пошукавы сэрвіс Гугл упарта адмаўляўся падказваць месца знаходжання Быстрыцы. “Што ж гэта за вёска такая, пра якую нават Гугл не ведае?” – думаў я пераглядаючы іншыя варыянты Быстрыц то з Берасцейскай вобласці, то наогул з Украіны ці Славакіі.

Але нас выратаваў GPS у маім тэлефоне, які імгненна праклаў дарогу да мясцовасці каля самай літоўскай мяжы. Шлях з Глыбокага заняў няпоўныя дзве гадзіны. Апошнія дваццаць хвілін давялося ехаць нібы ў пясчанай буры. Гравейка без дажджу разам з цяжкімі мазамі, што сноўдаюць паміж блізкай атамкай і кар’ерам, пераўтвараюць звычайную паездку ў прыгодніцкае падарожжа дзе-небудзь на Месяцы.

bystryca003 [2]

Імша на сцэне

Пры ўездзе ў вёску кідаюцца рознакаляровыя сцяжкі і надпісы пра юбілей. Ля касцёла збудаваная вялікая сцэна, на якой стаіць алтар, крыж, і расстаўлены лаўкі для канцэлебры.* З прыпаркаванай машыны дастаем камеры і вітаемся з кс. Казімірам. “Малайцы, што прыехалі! Яшчэ чакаем хор з Мінска і будзем вітаць біскупа”, — кажа пробашч і спяшаецца даць апошнія ўказанні сваім памочнікам-міністрантам.

bystryca2 [3]

Урачыстасць святкавання юбілею Быстрыцы ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі. Спецыяльна для гэтага ён прыехаў на заходнюю поўнач Беларусі аж з Гомеля – месца свайго пастаяннага прабывання. Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамант бежмавання больш чым васьмідзесяці маладым вернікам. Напэўна таму яго казанне гучала, як настаўленне моладзі і яе бацькам.

bystryca049 [4]

“Памятайце, што Біблія – гэта кніга мудрасці, якая дае адказы на ўсе пытанні. Так сказаў Пушкін. Біблія нам кажа, хто такі Бог. Ён — наш стварыцель, а мы яго — дзеці. Паміраюць каралі і цары, распадаюцца дзяржавы, а св. Імша адпраўляецца, як і раней – гэта словы Генрыка Сянкевіча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі”, — біскуп Велікаселец шчодра перасыпаў казанне цытатамі выбітных пісьменнікаў і навукоўцаў.

Генерал дэ Голь і Брэжнеў

Пастыр распавёў выпадак з савецкіх часоў, калі ў Крэмль прыляцеў прэзідэнт Францыі генерал дэ Голь. Паміж кіраўнікамі краін адбылася гутарка. “Леанід Ільіч, я — католік. І мой абавязак у нядзелю быць на службе, а не ў Крамлі. У вас ёсць касцёл?” – спытаў прэзідэнт Францыі ў Брэжнева. Тады Брэжнеў пытаецца ў сваіх: ёсць у нас касцёл у Маскве? Так, так – адказваюць яму, але няма кснядза. – А што рабіць тады? – Ну, на самалёт і ў Ленінград. Там ёсць касцёл і ксёндз.” Калі я быў на рэкалекцыях у Рызе, — працягнуў біскуп — то бачыўся з гэтым святаром і ён пацвердзіў мне: так, сапраўды, у мяне на Імшы быў сам прэзідэнт Францыі генерал дэ Голь.

Біскуп Казімір закрануў тэму Эўхарыстыі. Ён нагадаў прысутным, што Цела і Кроў Хрыста даюць чалавеку вялікую сілу. “Хадзіце да споведзі, кожны дзень маліцеся раніцай і вечарам, штонядзелю прыходзьце ў касцёл, кожны месяц спавядайцеся і нікога не бойцеся!” – сказаў біскуп.

bystryca038 [5]

Цвярозасць, малітва і Данбас

Пастыр звярнуў увагу на цвярозасць сярод людзей. “Наша Беларусь! Што робіцца? Дзевяць з паловай мільёнаў жыхароў у нас і больш за мільён алкаголікаў. Чуеце? Як у нашых беларускіх вёсках, гарадках і мясцовасцях паспойваў д’ябал гэтай няшчаснай беларускай гарэлкай? Бачыце, для чаго нам патрэбная малітва, касцёл і сакраманты?”

Біскуп прыгадаў выказванне аднаго пракурора з Баранавіч, які заўважыў, што паводле яго назіранняў сярод вернікаў менш злачынцаў. “Бачыце? Як гэты пракурор, працаўнік юстыцыі пацвярджае біблейскую праўду: дзе ёсць малітва, там няма граху, дзе няма малітвы, там ёсць грэх.”

Іерарх закрануў і тэму Данбаса. “Вось і цяпер на ўсходзе Данбасу ані храма не было, ніякай рэлігіі. Шахцёры працавалі, клуб, кіно, спектакль, забаўляльныя мерапрыемствы, танцы, памятнікі Леніна. А крыжы былі? Хрыстос там быў? Малітва была? Не. І вось цяпер глядзіце, што робіцца. Пагэтаму браты і сёстры, бойцеся толькі аднаго. Каб д’ябал вас не адвёў ад Госпада Бога.

Пасля ўдзялення сакраманту бежмавання і св. Імшы ўсе прысутныя памаліліся Літаніяй да Сэрца Езуса і атрымалі ўрачыстае бласлаўленне Найсвяцейшым Сакраманатам. Свята працягнулася выступленнем харавых калектываў. На сцэне перад гледачамі выступілі хор “Голас душы”, хор “Czerwone maki”, а таксама ансамбль “Тутэйшая шляхта”.

bystryca051 [6]

bystryca085 [7]

Пробашч пра парафію

Давялося таксама пагутарыць і з пробашчам ксяндзом Казімірам, які знайшоў час на размову, нягледзячы што ў юбілейны дзень парафіі ў касцёле яшчэ адбыўся шлюб маладой пары. Кс. Казімір падзяліўся сваімі асцярогамі адносна будучыні Быстрыцы. Пачаткі гэтай мясцовасці звязаныя з 1390 годам, калі тут быў першы драўляны касцёл, збудаваны Ягайлам. Цягам стагоддзяў парафія развівалася і займела сваю мураваную святыню. Цяперашні выгляд храм набыў 155 год таму. Раней суседнія Міхалішкі былі філіалам Быстрыцкай парафіі, а горада Астраўца наогул не было. Толькі цяпер лёс беларускай вёскі агульнавядомы: моладзь з’язджае ў гарады. У Быстрыцы за год адбываецца 10-11 хростаў і 30-33 пахаванні. Што тычыцца планаў, то пробашч быстрыцкай парафіі марыць пра завяршэнне рамонту касцёла.

На маё пытанне, чаго ж сёння найбольш не хапае беларусам, адказвае: “Веры і чалавечнасці. Хоць мы, канешне, бывае, стогнем, што цяжка, але які-ніякі дабрабыт сёння ёсць у нас. І ён псуе чалавека. Гэты інтэрнэт, іншыя дасягненні цывілізацыі замінаюць людзям быць добрымі, міласэрнымі, звяртаць увагу на другога чалавека. На жаль гэта так. Таму неабходная сёння беларусам вера і чалавечнасць. Пра гэта і біскуп Велікаселец казаў моладзі на св. Імшы”. Аднак у будучыню трэба глядзець з аптымізмам. Таму кс. Казімір Ляховіч пажадаў Быстрыцы як мінімум яшчэ 625 гадоў.

*канцэлебра – сумеснае адпраўленне св. Імшы некалькімі святарамі

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота