- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Былы сакратар ЦК КПБ пабежмаваўся ў касцёле

Valovich_bezmavanne [1]Мікалай Валовіч, былы сакратар ЦК КПБ і сябра рэвізійнай камісіі праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, прыняў у касцёле сакрамант бежмавання (мірапамазання) ад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Валовіч — шматгадовы сябра праўладнай КПБ, якую ўзначальвае намеснік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка.

У 2012 годзе Мікалай Валовіч разам з камуністам Мікалаем Юшчанкам звяртаўся ў суд з пазовам да актывістаў Маладога фронту з-за яек, кінутых актывістамі ў помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці падчас камуністычнага свята 7 кастрычніка.

Некаторы час Мікалай Валовіч быў памочнікам Ігара Карпенкі, сакратаром Цэнтральнага камітэту партыі, цяпер ён сябра рэвізійнай камісіі ЦК КПБ. У Маскве ён ускладаў кветкі да помніка Сталіну і сустракаўся з лідэрам расейскіх камуністаў Генадзем Зюганавым.

Valovich_bezmavanne_3 [2]

Сакрамант бежмавання (мірапамазання) — гэта адна з сямі таямніцаў Царквы, якую прымаюць дасведчаныя, практыкуючыя вернікі.

Valovich_bezmavanne_2 [3]

Прымаючы сакрамант, бежмаваны абірае сабе апекуна спаміж святых. Мікалай Валовіч абраў сваім нябесным апекуном вучня Хрыста, першага біскупа Рыму — святога Пятра.

Мікалай Валовіч сказаў Свабодзе, што не бачыць супярэчнасцяў паміж камуністычнай ідэалёгіяй і хрысціянскай верай:

«Калі вы прачытаеце праграму нашай партыі, то пабачыце, што цяпер яна не спрачаецца з царквою, мы паважна ставімся да ўсіх рэлігійных канфэсіяў. Асабліва да тых, якія ёсць у Беларусі — каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. І ваяўнічага атэізму нашая партыя не прапаведуе.

Камуністычная партыя ў свой час рабіла памылкі, і кіраўніцтва царквы таксама рабіла памылкі. Ян Павал ІІ пакаяўся за грахі царквы. Можа, прыйшоў час і кіраўніцтву партыі пакаяцца за грахі партыі і прымірыцца і з Богам, і з царквою».

Галіна Абакунчык для  Радыё Свабода [4]