- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Будзь патрыётам! Забі святара!”

c901c654fe813c04ddd56d70c1ae5846 [1]Як паведамляе “Беларуская служба Ватыканскага радыё, 3 лютага 2015 г. Папа Францішак упаўнаважыў кардынала Анжэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, да публікацыі дэкрэтаў, якія датычаць прызнання мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў трох кандыдатаў на беатыфікацыю. Сярод іх і сальвадорскі арцыбіскуп Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес.

Асоба Оскара Рамэры асаблівым чынам прыцягвае да сябе ўвагу ў кантэксце абвастрэння сацыяльных праблем у сучасным свеце і безабароннасці перад імі бедных пластоў грамадства, на што пастаянна звяртае ўвагу і Рымскі Пантыфік, які таксама з’яўляецца прадстаўніком грамадстваў Лацінскай Амерыкі.

Бедная краіна са святой назвай

Сальвадор* – гэта невялікая краіна ў Цэнтральнай Амерыцы, якая з’яўляецца найменшай па плошчы і найбольшай па шчыльнасці насельніцтва ў рэгіёне (на 21 тыс. кв. км. жыве каля 7 млн. чал.). Узровень злачыннасці тут – адзін з самых высокіх у Лацінскай Амерыцы, а колькасць забойстваў – самая высокая ў свеце на душу насельніцтва (гэты “рэкорд” утрымліваецца на працягу апошняга дваццацігоддзя). У канцы 1970-х гадоў камбінацыя эканамічных і палітычных фактараў – падаўленне іншадумства сілавымі метадамі, грубыя падтасоўкі на выбарах, уціск апазіцыйнай прэсы, змяненне рэгіянальнай сітуацыі ў сувязі з Сандынісцкай рэвалюцыяй у Нікарагуа – прывяла ў краіне да пачатку грамадзянскай вайны паміж ваенным рэжымам, які затым змяніў правацэнтрысцкі ўрад, і “левымі” палітычнымі групамі.

Каталіцкае духавенства ў гэтай сітуацыі таксама займала актыўную пазіцыю. Яскравым выразнікам меркаванняў Касцёла і абаронцам сацыяльнай справядлівасці выступаў арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес. З нябачаным раней радыкалізмам ён выступаў супраць беднасці, сацыяльнай няроўнасці, забойстваў і катаванняў, што зрабіла яго вядомым і па-за межамі краіны.

У 1979 г. у выніку перавароту да ўлады ў краіне прыйшла «ваенна-грамадзянская хунта». У адрас арцыбіскупа сталі паступаць частыя пагрозы. Ён выступіў з асуджэннем ЗША за прадастаўленне ваеннай дапамогі новаму ўраду і ў лютым 1980 г. напісаў Джыму Картэру, што павелічэнне ваеннай дапамогі з боку ЗША «абвострыць несправядлівасць і рэпрэсіі», накіраваныя супраць людзей, якія часта змагаюцца за элементарныя чалавечыя правы. Урад ЗША, не жадаючы, каб Сальвадор стаў другой Нікарагуа, дзе распачалося гарачае супрацьстаянне паміж дзвюма групоўкамі, ніяк не адгукнуўся на заклікі арцыбіскупа. У той жа час з’явіліся ўлёткі з надпісам “Будзь патрыётам! Забі святара!”

Забойства падчас Імшы

24 сакавіка 1980 г. падчас богаслужэння ў капліцы бальніцы «Божага провіду» стрэлам у галаву арцыбіскуп Рамэра-і-Гальдамес быў забіты. Трагедыя сталася праз дзень пасля казання, у якім святар заклікаў сальвадорскіх салдат як пабожных хрысціянаў спыніць гвалт і парушэнні правоў чалавека. Як вынікае з аўдыёзапісу імшы, ён быў забіты ў той час, калі трымаў Найсвяцейшы Сакрамант. Пасля стрэлу кроў заліла алтар… Вынікам гэтага стаў ўсеагульны 8-дзённы страйк, на пахаванне прыбылі 45 іерархаў Каталіцкага Касцёла, сабралася больш за 250 тыс. чалавек з розных краін свету. Падчас цырымоніі на плошчы перад саборам выбухнула бомба, пасля чаго пачуліся стрэлы. У распачатай цісканіне загінулі некалькі дзясяткаў чалавек. Забойства арцыбіскупа стала перадумовай грамадзянскай вайны ў Сальвадоры.

Прыклад біскупа Рамэры патрэбны сёння Касцёлу

Пастулатар працэсу беатыфікацыі арцыбіскуп Вінчэнца Палья бачыць асаблівы знак у тым, што арцыбіскуп Оскар Рамэра будзе беатыфікаваны першым у гісторыі Папам-лацінаамерыканцам, “Папам, які просіць Касцёл быць бедным для бедных, а гэта менавіта тое, чым жыў Рамэра аж да праліцця крыві”. Гэты чалавек, дадаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, “з’яўляецца для нас сведкам любові, якая ў сваёй крайняй праяве, аддаючы жыццё, перамяняе свет і дае надзею. Ён заўсёды быў побач з самымі беднымі і слабымі, з людзьмі “напалову мёртвымі”, прычым да такой ступені побач з імі, што памёр сам”, быў “чалавекам малітвы, чалавекам Божым і чалавекам Касцёла, чалавекам Святога Пісання і глыбокіх традыцый, вернікам, які абраў жыццё сярод беднякоў, ведаючы, што Валадарства Божае, як казаў Езус, знаходзіцца паміж самых бедных і побач з імі. Гэтае вучэнне набліжае асобу Рамэры да многіх сучасных пакутнікаў і да Папы Францішка, які імкнецца ўсіх нас прыцягнуць на гэты шлях блізкасці і любові да найбяднейшых”, – адзначаецца ў паведамленні Ватыканскага радыё.

Кожная эпоха мае пэўную характэрную адметнасць у хрысціянскай пабожнасці і духоўнасці. Кіруючыся галоўнай запаведдзю любові, у канкрэтных гістарычных абставінах дзеці Касцёла, наследуючы прыклад свайго Пана, знаходзяць той шлях жыцця і сведчання веры, якога ў дадзены момант ад іх чакае Бог. Арцыбіскуп Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес з’яўляецца прыкладам веры нашага часу, прыкладам для кожнага з дзяцей Касцёла. Той факт, што гэты прыклад узносіцца на алтар, сведчыць пра важнасць такога сведчання менавіта ў нашым часе. Гэты прыклад для нас у тым, каб рабіць усё, што магчыма, дзеля справядлівасці вакол нас, а магчымасці нашыя заўсёды большыя, чым гэта можа здавацца на першы погляд.

Біяграфія

Оскар Рамэра нарадзіўся 15 жніўня 1917 г. у шматдзетнай сям’і тэлеграфіста Сантаса Рамэры і Гуадалупе дэ Хесус Гальдамес. 4 красавіка 1942 г. у Рыме быў высвечаны на святара, атрымаў прызначэнне ў муніцыпалітэт Анаморас, але затым пераехаў у Сан-Мігель, дзе на працягу 20 гадоў служыў парафіяльным святаром. Затым быў прызначаны рэктарам Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Сан-Сальвадоры. У 1966 г. абраны сакратаром епіскапальнай канферэнцыі Сальвадора. Таксама стаў галоўным рэдактарам дыяцэзіяльнай газеты Orientación.

У 1970 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Сан-Сальвадора. У снежні 1975 г. прыняў прызначэнне біскупам дыяцэзіі Сант’яга-дэ-Марыя. 23 лютага 1977 г. стаў арцыбіскупам Сан-Сальвадора.

24 сакавіка 1980 г. быў забіты стрэлам у галаву.

У жніўні 2014 г. Папа Францішак афіцыйна дазволіў пачаць працэс беатыфікацыі.

*Сальвадор па-іспанску азначае “Збаўца”.

Айцец Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст