[1]Сёстры Марызэле Касіяна і Марыса дэ Паўла, бразільскія законніцы з кангрэгацыі Copiosa Redenção («Шчодрае адкупленне»), сталі зоркамі сацыяльных сетак пасля імправізаванага бітбокса (Бітбоксінг — гэта мастацтва стварэння і імітацыі рытмічных узораў (бітоў) і мелодый з дапамогай артыкуляцыі рота).
Паводле звестак «Catholic Herald», сёстры ўдзельнічалі ў праграме на каталіцкім тэлеканале Pai Eterno, вядучым якой быў дыякан Джаване Бастос з ордэна рэдэмптарыстаў. Калі сястру Марызэле спыталі пра яе пакліканне, яна пачала спяваць прыпеў песні пра пакліканне да кансэкраванага жыцця: «Vocação, ooh». Затым яна перайшла на бітбокс-імправізацыю, яе падтрымала сястра Марыса, якая ўстала і пачала танцаваць. Дыякан Бастос таксама далучыўся да сясцёр.
Кангрэгацыя Copiosa Redenção апякуецца людзьмі, якія пакутуюць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасцяў. Яна была заснавана ў Бразіліі ў 1989 годзе айцом Уілтанам Мараэсам Лопесам, святаром-рэдэмптарыстам. Ён натхніўся на заснаванне кангрэгацыі ў 1987 годзе, калі ўбачыў, як маладая жанчына паклала пакет з наркотыкамі на алтар падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.
Сястра Марызэле пачала сваё кансэкраванае жыццё, калі ёй было каля 25 гадоў. Падчас пастулату яна адчула, што ў Бога ёсць асаблівы план для яе, звязаны з музыкай.
Пяць гадоў таму с. Марызэле запрасілі прыняць удзел у праграме Programa Vozes («Галасы») на бразільскім каталіцкім тэлебачанні, дзе яна адчула, што Бог абуджае новую місію ў яе пакліканні. «Пасля праграмы я зразумела, што Бог кліча мяне евангелізаваць праз музыку. Гэта было Яго абяцанне, якое пачало прарастаць у маім сэрцы», — сказала яна, маючы на ўвазе гэтае ранейшае пачуццё паклікання.
Абраўшы гэты шлях, сястра Марызэле запісала альбом рэлігійных песень «Celebrar a Redenção» («Давайце святкаваць адкупленне»). Ён складаецца з васьмі песень, чатыры з якіх яна напісала сама.
41-гадовая сястра служыць Богу ў кангрэгацыі ўжо 14 гадоў. Гісторыя яе паклікання пачалася ў дзяцінстве: святар аднойчы сказаў яе бацькам: «Бог быў шчодры, даўшы вам дзвюх дачок; цяпер вы павінны быць шчодрыя з Ім». У падлеткавым узросце сястра Марызеле была актывісткай у моладзевай групе сваёй парафіі, а ў 18 гадоў падчас рэкалекцый яна адчула пакліканне да кансэкраванага жыцця.
Відэа з бітбоксам сясцёр стала вірусным, і толькі ў Instagram-акаўнце дыякана Бастоса яго праглядзелі амаль чвэрць мільёна чалавек.
credo.pro [2]
пераклад Марыны Ткач