[1]Пра гісторыю свайго паклікання распавядае брат Эмануэль, які належыць да ордэна баніфратраў. Ён свядома прыняў веру ўжо пасля заканчэння школы, а калі скончыў медыцынскі ўніверсітэт, стаў манахам і паехаў працаваць у Польшчу. Мы паразмаўлялі з братам Эмануэлем падчас яго прыезду ў Віцебск, дзе ён прысутнічаў на асвячэнні капліцы ў Доме састарэлых, і папрасілі яго распавесці пра сваю гісторыю паклікання.
Брат Эмануэль кажа, што “сапраўднай гісторыі паклікання няма без Бога, таму я заўсёды Яму дзякую за сваё пакліканне. Я з’яўляюся братам святога Яна Божага, дакладней, прагну кожны дзень станавіцца братам святога Яна Божага. Паходжу я з праваслаўнай сям’і, быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, у касцёл пачаў хадзіць толькі ў васямнаццаць гадоў, калі ўжо паступаў у медыцынскі ўніверсітэт.
Я часта ў дзяцінстве хварэў, даводзілася ляжаць у бальніцах, і туды прыходзілі хрысціяне розных канфесій, якія прапаноўвалі або Біблію прачытаць, або памаліцца разам, бо ў сям’і ў мяне не было такога вопыту веры, не было рэлігійнай практыкі. І зараз я бачу сэнс гэтага цярпення, якое мяне спаткала. Бо аб’явілася вялікае дабро праз такія прабыванні ў бальніцах, гэта стала для мяне своеасаблівым штуршком, каб навярнуцца, каб зрабіцца вернікам-практыкам.
І неяк так сталася, што Каталіцкі Касцёл быў мне больш блізкі, чым Царква, і я пайшоў у знакаміты Чырвоны касцёл у Мінску і там ужо прыняў веру, прыняў усім сэрцам. Было гэта не проста фармальнае прыняцце, але я стаў вернікам-практыкам.
З таго моманту ў мяне ўвесь час было імкненне і жаданне яшчэ больш аддана служыць Богу і іншым людзям. Я паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, паступіў тады, калі ўжо стаў на шлях навяртання. Навяртанне – гэта не нейкі адзін момант у жыцці, гэта праца на ўсё жыццё, на доўгія гады, на кожны дзень. Таму я не кажу, што я навярнуўся, а толькі стаў на гэты шлях.
Неяк выпадкова трапіла да мяне кніжка, у якой згадвалася пра баніфратраў. І ў мяне ў галаве нарадзілася думка, якая не адпускала падчас усёй вучобы ва ўніверсітэце: баніфратры, шпітальны ордэн, які апякуецца хворымі, дзе ёсць лекары, які арганізоўвае шпіталі, дамы апекі, дамы састарэлых – гэта маё, бо тут можна спалучыць і знаходжанне ў ордэне ў якасці брата, і быць лекарам.
Некалькі разоў я быў на рэкалекцыях для распазнання паклікання ў Польшчы, і як толькі закончыў універсітэт, то адразу, можна сказаць, збег у Польшчу, хоць бацькі былі супраць. Так сталася, што пра сваё рашэнне я сказаў ім у апошнія дні, таму я літаральна ўцёк ад іх. У студзені будзе ўжо дзесяць гадоў, як я выехаў у Польшчу. І Госпад дазваляе мне трымацца ў сваім пакліканні, і не толькі трываць, але Ён хоча, каб я ў Ім радаваўся, каб быў шчаслівы. Каб не хадзіў сціснуўшы зубы, каб мог трываць на зло ворагам, але і радавацца, што я належу да братоў Яна Божага.
Не шкадую, што ў свой час паехаў у Польшчу, але спадзяюся, што будзе магчымасць вярнуцца ў Беларусь. І мне здаецца, што Бог гэтага хоча. Такое ў мяне магутнае перакананне!”
Зміцер Лупач, тэкст і фота