- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Больш за 600 касцёлаў у Еўропе далучыліся да акцыі «Чырвоны тыдзень»

[1]Ад Вены да Багаты, ад Сіднэя да Парыжа — сотні святынь і грамадскіх будынкаў свецяцца чырвоным колерам, каб нагадаць пра тых, хто пакутуе за сваю веру.

Чырвонае святло для свабоды

«Чырвоны тыдзень» — глабальная акцыя, арганізаваная Папскім фондам дапамогі касцёлу ў патрэбе (ACN), — адбудзецца з 15 па 23 лістапада 2025 года. Мэта мерапрыемства — нагадаць пра мільёны хрысціян па ўсім свеце, якія дагэтуль не могуць свабодна вызнаваць сваю веру.

У гэтым годзе больш за 600 касцёлаў і сабораў у дзясятках краін, у тым ліку ў Аўстрыі, Францыі, Германіі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Канадзе, Мексіцы, Калумбіі і Аўстраліі, будуць свяціцца чырвоным колерам. Паводле ацэнак, больш за паўмільёна чалавек прымуць удзел у малітвах, маршах, канцэртах і чуваннях.

Еўропа ззяе чырвоным

Сёлета ўпершыню чырвоным будзе асветлены будынак Еўрапейскага парламента ў Бруселі — сумесны жэст 27 дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза. У Аўстрыі пройдзе марш міру з удзелам праваслаўных хрысціян, а ў Вене асвятленне будзе ўключаць, сярод іншага, будынак Федэральнага канцлера.

Францыя запланавала серыю «Начэй сведкаў» — малітоўных сустрэч і сведчанняў у шматлікіх гарадах. Упершыню чырвонае святло заззяе на Парыжскім абеліску на плошчы Згоды, Pont Neuf i Pont des Arts, ствараючы незвычайны сімвал веры ў самым цэнтры сталіцы.

У Германіі мерапрыемства ахопіць 185 святынь, у тым ліку саборы ў Рэгенсбургу і Вормсе. У Нідэрландах будуць асветлены 200 касцёлаў, а ў Партугаліі — саборы ў Бразе, Порту і Лісабоне.

У Вялікабрытаніі асноўнае мерапрыемства адбудзецца ў саборы Святога Стэфана і Георгія ў Лондане, дзе 19 лістапада падчас святой Імшы біскуп Нікалас Хадсан уручыць узнагароду «Мужнасць у Хрысце» нігерыйскаму катэхету.

Чырвоны знак надзеі

Як адзначае ACN, 413 мільёнаў хрысціян сёння жывуць у краінах, дзе рэлігійная свабода моцна абмежаваная. 220 мільёнаў з іх падвяргаюцца прамым пераследам, пачынаючы ад забароны на публічныя набажэнствы і заканчваючы фізічным гвалтам і ўцёкамі з краіны. У 62 краінах рэгулярна здзяйсняюцца напады на касцёлы, а ў 45 — рэлігійныя сімвалы забаронена насіць публічна.

Таму чырвоны колер — сімвал крыві пакутнікаў — становіцца ў лістападзе маяком надзеі і салідарнасці. Ён заклікае памятаць тых, хто пакутуе за веру, і, як абвяшчае лозунг Чырвонага тыдня, «ззяць дзеля веры і свабоды».

Дапамога касцёлу ў патрэбе

Фонд «Дапамога касцёлу ў патрэбе» штогод падтрымлівае больш за пяць тысяч праектаў у 130 краінах: будаўніцтва святынь, навучанне катэхетаў і дапамога сем’ям ахвяр гвалту. Чырвоны тыдзень — адна з самых вядомых яго прац — напамін пра тое, што Касцёл адзіны, незалежна ад кантынента.

Паводле pl.aleteia.org [2]
Пераклад Марыны Ткач