[1]Паводле новай справаздачы Аб’яднанага Біблейнага Таварыства (UBS), Біблія цалкам або часткова перакладзена на 4121 мову свету. Гэта азначае, што сёння прыкладна 6,6 мільярда чалавек маюць доступ да яе на сваёй роднай мове.
Аб’яднанае Біблейнае Таварыства (UBS) — гэта міжнародная і міжканфесійная сетка, якая аб’ядноўвае прыблізна 150 нацыянальных біблейскіх таварыстваў і асацыяцый. Заснаванае ў 1946 годзе для ўзаемнай падтрымкі ў распаўсюджванні Бібліі, яно каардынуе і падтрымлівае біблейскія праекты прыблізна ў 240 краінах і рэгіёнах.
У сваёй новай штогадовай справаздачы (за 2025 год) UBS пералічваюць 4121 мову — з прыблізна 7400 моў, на якіх размаўляюць у свеце. У мінулым годзе ўпершыню былі завершаны пераклады ўсіх кніг Бібліі як мінімум на 13 моў. Такім чынам, агульная колькасць поўных перакладаў Святога Пісання дасягнула 795 моў. Гэта павялічвае колькасць карыстальнікаў, якія могуць чытаць усю Біблію на роднай мове, прыблізна да 6,6 мільярда.
Паводле звестак Біблейных таварыстваў, новыя пераклады ўключаюць мову, на якой размаўляюць больш за 10 мільёнаў чалавек у Эфіопіі. Некаторыя кнігі Святога Пісання даступныя на мове мыонг, на якой размаўляюць 1,5 мільёна чалавек у В’етнаме, а таксама на мовах Такелаў і пінуюмайн, на кожнай з якіх у Новай Зеландыі і на Тайвані размаўляе ўсяго некалькі тысяч чалавек. У справаздачы пералічаны завершаныя перакладчыцкія праекты на 100 моў. У асноўным яны тычацца перакладу фрагментаў Бібліі.
Паводле звестак UBS, ні на адной іншай мове няма столькі розных перакладаў Бібліі, колькі на нямецкай ці англійскай. Толькі на нямецкай мове існуе больш за 35 варыянтаў перакладу — пачынаючы ад версій, блізкіх да арыгіналу, і заканчваючы гутарковымі. Толькі некалькі іншых моў у свеце маюць больш за адзін пераклад Бібліі.
Лічбы
Вось статыстыка на пачатак 2026 года, паводле звестак Wycliffe Global Alliance, SIL International і ProgressBible Partnership. У свеце існуе 7397 вядомых жывых моў. Гэтая лічба ўзята з Ethnologue, найбольш поўнага ў свеце каталога моў. З гэтых 7397 моў: 795 маюць поўную Біблію (Стары і Новы Запаветы). На гэтых мовах размаўляюць прыблізна 6 мільярдаў чалавек.
1821 мае поўны Новы Запавет, але пакуль не мае поўнай Бібліі. Гэтыя мовы прадстаўляюць сотні мільёнаў людзей. Яшчэ 1511 моў маюць хаця б нейкую частку Святога Пісання: Евангелле, падборку ўрыўкаў.
Усяго больш за 4100 моў маюць хаця б частку Святога Пісання. Прыблізна 1665 моў да гэтага часу не маюць перакладу Святога Пісання. А з іх 544 нават не маюць праекта перакладу. Гэта тычыцца каля 36,8 мільёнаў чалавек, якія ўсё яшчэ чакаюць Божага Слова.
Па матэрыялах credo.pro [2]
Пераклад Марыны Ткач