[1]Ад самага дзяцінства я сваім розумам дасвядчала гэтую праўду. Але сэрца маё толькі спрабавала адкрыць дзверы гэтага магуцця. Святыя людзі нездарма казалі: “Самы доўгі шлях у нашым жыцці – ад розуму да сэрца”.
Усёю душою веру, што я знайшла гэты шлях… Бог падарыў мне мапу да майго сэрца. Хачу з вамі падзяліцца гэтай гісторыяй.
18 ліпеня моладзь Шчучынскай парафіі св. Тарэзы Авільскай прыехала на даўно запланаваны адпачынак у форме тыднёвых рэкалекцый.
Колькасць ў 27 чалавек мяне, як выхавацеля і аднаго з арганізатараў, даволі моцна насцярожыла, але не спужала і не спыніла. Вясковая хата, вакол авечкі, рэчка, мясцовыя жыхары і наперадзе 7 дзён невядомасці.
Камандныя спаборніцтвы: “Я ведаю Беларусь”, “ Танцавальны батл 2016”, “Нечаканая казка” і шмат-шмат іншых — дазволіла хутка стварыць незвычайную, сямейную і сяброўскую атмасферу сярод моладзі. Ды, акрамя гэтага — смашная ежа, плясканне ў вадзе, звычайныя размовы.
Чырвонай стужкай праз наш адпачынак прайшла тэма 7 смяротных грахоў. Чытанне і разважанні над Славам Божым, дзяленні, падрыхтаваны самымі падлеткамі Крыжовы шлях, пустыння, малітва – усё дапамагала дакапацца да самых глыбокіх і добра замаскаваных “хранічных захворванняў” нашай душы.
Адкрытых фортак для нежаданых гасцей у нашым жыцці знайшлося нечакана шмат. Дык вось,
ужо гатовыя сябе закапаць як горшых грэшнікаў на свеце, мы атрымалі падарунак ад самаго
нашага Айца: Дух Святы прыйшоў ласкай вялікай любові і прабачэння.
Я дапамагаю арганізоўваць такія адпачынкі не першы год , але магу ўпэўнена сказаць, што такой прысутнасці Бога ва ўсіх Трох Асобах перажыла я ўпершыню… І што самае галоўнае, моладзь сведчыла пра вельмі падобнае адчуванне.
Ад усёй Шчучынскай моладзі кажам вялікае “Дзякуй” а. Вітальду Пяцельчыцу (пробашчу нашай парафіі) за магчымасць такога адпачынку; Варонік Віталю – за смачную кашу і не толькі; Атрашкевіч Юлі – за бескарыснае служэнне.
Гэта гісторыя майго падарунка, якой я з радасцю дзялюся. І жадаю кожнаму з вас яго атрымаць.
Хвала Вялікаму Богу!
Алена Мыслівец, тэкст
Юля Атрашкевіч, фота















