Нягледзячы на канфлікт на Блізкім Усходзе, Бэтлеемскае святло міру было запалена ў Базіліцы Нараджэння Пана і дастаўлена ў Аўстрыю, працягваючы традыцыю надзеі.
Нягледзячы на канфлікт у Святой Зямлі, 11-гадовы Ерыес Фадзі Хіер запаліў у Базіліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме агонь міру. 3 лістапада 2025 года яго даставілі ў Вену, дзе святло сустрэў сёлетні “Дзіця святла міру” Флорыян Мітэр. Акцыю традыцыйна арганізуе аўстрыйская тэлекампанія “ORF”.
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала назваў святло “паўночным ззяннем пасля доўгай ночы”, падкрэсліўшы, што “мір працякае праз сэрцы людзей”. Прадстаўнікі аўстрыйскіх улад таксама адзначылі, што ў часы крызісаў свету патрэбны такія магутныя сімвалы надзеі і салідарнасці.
Як пасланнік міру, Флорыян Мітэр перадасць святло Папу Льву XIV і ў сядзібу Еўрасаюза ў Бруселі. Пасля экуменічнай цырымоніі 6 снежня 2025 года ў Лінцы скаўты з 30 краін павязуць агонь далей па свеце.
Ініцыятыва нарадзілася ў 1986 годзе ў Верхняй Аўстрыі і з таго часу стала неад’емнай часткай Адвэнту ў больш чым 30 краінах. Там у вігілію Божага Нараджэння святло запалае ў храмах, дзяржаўных і грамадскіх будынках, у дамах.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]
