У другой палове дня 13 лістапада Бэнэдыкт XVI прыняў у кляштары Mater Ecclesiae чатырох навукоўцаў, якія ў той жа дзень былі ўзнагароджаны Папам Францішкам Прэміяй Ратцынгера.
Французскага філосафа і тэолага Жан-Люка Марыёна і аўстралійскую даследчыцу Трэйсі Роўланд, якія атрымалі Прэмію за 2020 год, і нямецкіх прафесараў Ханну-Барбару Герль-Фалькавіц і Людгера Швіенхорст-Шонбергера, лаўрэатаў 2021 года, суправаджаў старшыня Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.
«Гэта была вельмі жывая сустрэча, якая доўжылася цэлую гадзіну, з удзелам абп. Георга Генсвайна, падчас якой кожны навуковец мог распавесці Бэнэдыкту XVI пра сваю працу і пагутарыць з ім. Аўдыенцыя завяршылася малітвай «Вітай, Марыя» і благаслаўленнем ад Папы-эмерыта, які ўручыў кожнаму з навукоўцаў памятны медаль і ружанец», — паведаміў у спецыяльнай заяве Ватыканскі фонд.
Прэмію Ратцынгера прысудзілі сёлета ўжо ў адзінаццаты раз. Яна ўручаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Эксперты называюць яе Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Яго стварыў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Цяпер Фонд падтрымліваюць дабрачынцы.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
