- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамант бежмавання ў Астраўцы

[1]Сёлета свята Спаслання Духа Святога было па-асабліваму ўрачыстым, бо падчас святой Імшы адбыўся сакрамант канфірмацыі (бежмавання). У гэты дзень у святыні было мнагалюдна. 111 вернікаў з парафіі Адшукання Святога Крыжа і парафіі Святых Космы і Дам’яна, якія доўгі час рыхтаваліся да гэтага важнага кроку ў сваім жыцці былі благаслаўлёны і мірапамазаны ксяндзом біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімірам Гуляем падчас святой Імшы, што распачалася ў нядзелю а дзявятай гадзіне.

У святочны дзень і сама Імша, і цырымонія бежмавання прайшлі велічна, прыгожа і грунтоўна. У храме на працягу ўсяго набажэнства гучаў цудоўны і ўзнёслы спеў. Здавалася, Дух Святы благаславіў вернікаў, бо падчас бежмавання праз вокны касцёла іх асвяціла яркае сонейка.

У сваім казанні біскуп Уладзімір заклікаў годна несці годнае сведчанне пра Хрыста ў асяроддзі. Іерарх нагадаў пра дары Святога Духа, менавіта пра сакрамант канфірмацыі, што гэта не рытуал, гэта моц Божая. Адзначыў, што некаторым не падабаецца насіць крыж і яны хаваюць яго, саромеюцца веры. Прыпомніў вернікам пра 2025 год, які праходзіць у Касцёле пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”.

[2]

На завяршэнне прагучала шмат найлепшых пажаданняў і слоў удзячнасці ў адрас біскупа Уладзіміра Гуляя, за ўдзяленне сакраманту і гадавіны біскупскага пасвячэння. Цёплыя словы былі накіраваны і ў адрас ксяндза пробашча Юрыя Кузьміча, ксяндза каноніка Юзафа Багдзевіча, а таксама с. Марыны і с. Ірыны – якія рыхтавалі святыню да канфірмацыі і дапамагалі ўзрастаць у веры.

Дзякуем Богу за гэтую велічную ўрачыстасць і магчымасць праслаўляць Яго, а таксама за асаблівыя дары і ласкі, атрыманыя з Яго шчодрай рукі.

[3]

Вольга Заянчкоўская, тэкст
Дзмітрый Сакалоўскі, фота