- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Уладзімір Гуляй удзяліў дыяканскае пасвячэнне дваім выпускнікам гродзенскай семінарыі

[1]31 мая двое выпускнікоў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне – Марцін Лудзіч і Яраслаў Казлоўскі – прынялі ў гродзенскай катэдры дыяканскае пасвячэнне. Удзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Марцін Лудзіч паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы, Яраслаў Казлоўскі – з парафіі св. Юзафа ў Гродне.

Пасвячэнне адбылося на Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі. Прысутнічала шмат людзей, у тым ліку родныя новых дыяканаў, духавенства, законныя сёстры, студэнты семінарыі.

З традыцыйным зваротам да біскупа, у якім заключалася просьба ўдзяліць выпускнікам семінарыі пасвячэнне, звярнуўся рэктар гэтай навучальнай установы кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі.

Біскуп нагадаў у гаміліі словы літургічнага чытання свята Адведзінаў Панны Марыі, якое адзначалася ў гэты дзень: “Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (Лк 1, 39). Ён звярнуў увагу на тое, што Маці Божая “паспяшыла, не стала марудзіць, не пакінула Езуса толькі для сябе, а вырушыла ў шлях, каб служыць”. “Гэта першае фундаментальнае пасланне для дыякана – несці Езуса канкрэтным і дзейсным чынам, з паспешнасцю, без прамаруджання, без пошуку зручнасці”, – сказаў іерарх

Ён дадаў, што “няма большага гонару, чым прыносіць Езуса іншым”, і што задача дыякана – “ісці, несучы Збаўцу, часта па цяжкіх дарогах, да бедных, самотных, пакінутых”. Таксама, па яго словах, з самага пачатку існавання хрысціянства місія дыяканаў не была меншай, чым у апосталаў: “гэта была канкрэтная, службовая прысутнасць Хрыста сярод людзей”. Біскуп адзначыў: “Папа Францішак вучыў нас, што дыякан – гэта не святар другой катэгорыі. Дыякан – гэта слуга, які нагадвае ўсяму Касцёлу, што вера павінна быць дзейснай у любові”. “Дыяканат – гэта місія ў дарозе, жыццё ў служэнні, прысутнасць там, дзе Евангелле становіцца целам, – сярод тых, хто галодны, хто плача, хто згубіўся”, – сказаў іерарх.

“Свет сёння моліць аб служэнні, якое мае твар, рукі і сэрца, – адзначыў пастыр дыяцэзіі. –Дыяканат, прэзбітэрат, біскупства – яны не для нас. Яны для іншых. Для Касцёла, для тых, да каго мы пасланы. Калі ў табе няма стаўлення слугі, то ты не гатовы прыняць пасвячэнне”.

 

[2]

Іерарх падкрэсліў, што жыццё дыякана павінна быць “штодзённым абмываннем ног тым, каму ніхто не хоча служыць”, што “дыякан прыводзіць людзей да Езуса, а не адштурхвае іх ад Яго”, і што “гэта асабліва актуальна сёння – у свеце, які падзелены, недаверлівы і жадае любові, якая не ставіць умоваў”. “Дыяканская любоў – гэта не пачуццё, гэта выбар: ахвярнае рашэнне быць для іншага, нават тады, калі гэта таго не каштуе, калі гэта балюча, калі трэба штосьці страціць, – адзначыў біскуп. – Шлях да дыяканату – гэта не духоўнае прасоўванне наперад, а зыход уніз – да тых, каму патрэбны любоў, блізкасць, прабачэнне, служэнне. Інакш кажучы, дыякан – гэта чалавек, які ведае імя беднага. Ён не праходзіць ля яго абыякава. Ён мае час, каб выслухаць. Ён не толькі абвяшчае Евангелле, а жыве ім на каленях перад іншых чалавекам”.

“Дыяканат – гэта таксама гатоўнасць да вучобы, да ўзрастання, пастаяннага навяртання. Сёння вы не гатовы ва ўсёй паўнаце. Дыяканат – гэта пачатак яшчэ глыбейшага працэсу. І на гэтым шляху вы ніколі не будзеце адны”, – сказаў іерарх тым, хто прымаў пасвячэнне. Ён адзначыў, што дыякан “нясе Слова, але і выслухоўвае, служыць ля алтара, але і ідзе да людзей, не ідэальны, але хоча быць верным, не шукае сябе, а шукае Бога ў іншым чалавеку”.

Іерарх дадаў, што “свету вельмі патрэбна надзея, вельмі шмат людзей жыве ў страху, у пакінутасці, у роспачы” і што дыякан павінен прыносіць гэтым людзям Добрую Навіну – “не лозунгам, а прысутнасцю, сэрцам”. “Надзея засноўваецца не на тым, што ўсё будзе лёгка; гэта ўпэўненасць, што Бог ідзе з намі, што нават праз цемру нас правядзе Яго святло”, – сказаў біскуп.

Бацькам новых дыяканаў ён сказаў: “Не бойцеся аддаць вашых сыноў Пану. Гэта найвялікшы дар – дазволіць, каб яны служылі ў Яго Імя. Можа, сёння вы адчуваеце радасць, але і страх. Можа, пытаецеся: “Ці здолее ён?”, “Ці будзе шчаслівы?”, “Ці правільны гэта шлях?” Адкажу словамі Альжбеты: “Шчаслівая тая, якая паверыла” (Лк 1, 45). Верце, як Марыя”.

У канцы літургіі дыяканы падзякавалі Богу за тое, што “выбраў іх для гэтай важнай і адказнай місіі ў Касцёле”, выказалі падзяку біскупу за ўдзяленне пасвячэння, звярнуліся са словамі ўдзячнасці да кіраўніцтва семінарыі, дзе вучыліся, і да ўсіх, хто, як было адзначана, “прычыніўся да іх фармацыі, узрастання ў веры і любові да Бога і чалавека”.

[3]

Яшчэ дваім выпускнікам гродзенскай семінарыі, якія скончылі яе адначасова з Марцінам Лудзічам і Яраславам Казлоўскім – Антону Тышко і Андрэю Янулю, якія паходзяць з Віцебшчыны, – дыяканскае пасвячэнне ўдзяліў 24 мая ў Глыбокім біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Grodnensis.by [4]