- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Мікалай Дубінін наведаў парафіяльную ўрачыстасць у Глыбокім

[1]15 чэрвеня ў нашым касцёле адбыўся парафіяльны фэст у гонар Святой Тройцы. З’ехалася шмат гасцей, як свецкіх вернікаў, так і святароў. Цэлебраваў святую Імшу дапаможны біскуп Архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве Мікалай Дубінін.

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія на пляцы паміж касцёлам і царквой. Усе святары, сёстры законныя і вернікі пад гукі звона выйшлі за Езусам за парог гэтага храма, каб разам сведчыць пра тое, што мы адзіны Касцёл, што мы верым, спадзяемся і любім і пра тое, што гэтыя вялікія дары мы хочам падзяліць з усімі людзьмі, бо так хоча сам Гасподзь.

[2]

Біскуп Мікалай шчыра падзякаваў пробашчу парафіі кс. Мікалаю Ціхановічу за запрашэнне на ўрачыстасць, святарам і вернікам за супольную малітву, прадстаўнікам свецкай улады за прывітанне і прысутнасць.

Пасля бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам словы падзякі за супольную малітву скіравалі парафіяне ў адраз біскупа Мікалая, а таксама словы віншаванняў былі скіраваны с. Людміле Рубніковіч RM з нагоды яе залатога юбілею.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота