- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Кашкевіч благаславіў сутаны студэнтаў гродзенскай семінарыі і ўдзяліў ім паслугу лектарату

[1]16 верасня на св. Імшы ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) шасцёра студэнтaў трэцяга курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі духоўнае адзенне – сутаны. Трое семінарыстаў сталі лектарамі, a адзін – кандыдатам да пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату.

Ва ўрачыстай Эўхарыстыі з гэтай нагоды ўзялі ўдзел мадэратары семінарыі на чале з яе рэктарам ксяндзом канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, студэнты гэтай навучальнай установы і іх блізкія.

Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх благаславіў сутаны і ўдзяліў семінарыстам паслугу лектарату.

У гаміліі кс. Алег Пятрашка, які быў духоўным айцом першага курса семінарый у Гродне і Пінску, a з нядаўняга часу з’яўляецца дырэктарам каталіцкага дабрачыннага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі, казаў пра важнасць сведчання, якое павінен даваць сваім жыццём чалавек, які носіць духоўную вопратку.

[2]

Святар заклікаў семінарыстаў быць для сённяшняга свету відавочным знакам таго, што варта і нават трэба прысвячаць сваё жыццё Пану Богу.

У канцы Эўхарыстыі да студэнтаў звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён выказаў радасць з нагоды гэтай урачыстасці і нагадаў семінарыстам, што сутана “застаецца важным знакам – знакам для іншых людзей, знакам для Хрыста, а таксама знакам для таго, хто яе атрымлівае і носіць”.

“Дарагія семінарысты, памятайце, што не само адзенне ўпрыгожвае чалавека. Сама сутана не збаўляе семінарыста ці святара. Да збаўлення вядзе адважнае сведчанне аб Хрысце адпаведным адзеннем, злучанае з правільнымі, хрысціянскімі паводзінамі, учынкамі i словамі”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

[3]

Па словах іерарха, “нашэнне сутаны абавязвае да пастаяннага ўсведамлення, што, паколькі я апрануты ў яе, гэта значыць, што ад ног да галавы я ўвесь Хрыстовы”.

Студэнтам, якім была ўдзелена паслуга лектарату, біскуп пажадаў, каб гэты важны этап на шляху семінарыйнай фармацыі яшчэ больш набліжаў іх да Бога і людзей, да якіх яны будуць пасланы ў недалёкай будучыні.

Іерарх падкрэсліў, што святары, якія сёння патрабуюцца вернікам, павінны быць людзьмі, захопленымі Богам, чалавекам і святасцю.

“У святарскіх шэрагах не патрэбна наймітаў, сапсаваных людзей і кар’ерыстаў”, – падсумаваў біскуп.

Карыстаючыся нагодай, пастыр дыяцэзіі падзякаваў кіраўніцтву семінарыі, яе выкладчыкам і свецкім супрацоўнікам за штодзённае руплівае служэнне, перадачу ведаў і дзяленне сваім прыкладам веры і жыцця.

Бацькоў семінарыстаў біскуп заклікаў працягваць спадарожнічаць малітвай сваім сынам, на якіх Касцёл глядзіць з надзеяй.

Пасля св. Імшы студэнт семінарыі Павел Догель ад імя ўсіх семінарыстаў падзякаваў Богу за пастаяннае суправаджэнне і ласкі, а тым, хто паспрыяў фармацыі і падрыхтоўцы семінарыстаў да гэтай падзеі, паабяцаў удзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.

Ускладанне сутан з’яўляецца чарговым крокам у семінарыйнай фармацыі і знакам прыналежнасці да Касцёла.

[4]

Задачай лектараў з’яўляецца абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, а таксама, чэрпаючы з Божага слова веру і адвагу, увасабляць яго ў жыццё, выконваючы штодзённыя абавязкі.

Стаць кандыдатам да дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў – значыць публічна пацвердзіць сваё пакліканне і гатоўнасць прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям. Кандыдат, які выказаў жаданне атрымаць пасвячэнне дыяканату або прэзбітэрату, ведае патрэбы Касцёла і гатовы адказаць на заклік Хрыста словамі прарока Ісаі: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8).

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі [5]
Фота: Станіслаў Бервячонак