[1]1 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі даў спецыяльнае інтэрв’ю Catholic.by, у якім выказаў ацэнку сённяшняй няпростай сітуацыі Касцёла ў Беларусі.
— Ваша Эксцэленцыя, з-за вымушанай адсутнасці арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча цяпер Вы як Генеральны вікарый ажыццяўляеце пастырскае кіраванне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Што здарылася?
— Сітуацыя складаная і незразумелая. На гэты момант па-ранейшаму няма ніякіх афіцыйных тлумачэнняў ад прадстаўнікоў улады. Арцыбіскуп звярнуўся непасрэдна да старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Анатоля Лапо, але адказу на пытанне, чаму пагранічнікі не дазволілі [2] яму вярнуцца на Радзіму, ад яго не атрымаў.
З Беластока, дзе арцыпастыр цяпер вымушана знаходзіцца, ён скіраваў да паствы нашага Касцёла зварот [3], у якім заклікае нас маліцца аб вырашэнні гэтай прыкрай сітуацыі і ўсяго грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне. Наш Мітрапаліт не хоча, каб тое, што яму не дазволілі вярнуцца на радзіму, яшчэ больш пагоршыла і без таго няпростую сітуацыю ў грамадстве.
Але пакуль арцыбіскуп не можа вярнуцца, наша архідыяцэзія застаецца без пастыра, а каталіцкі епіскапат Беларусі — без свайго кіраўніка.
Таму нам трэба быць асабліва салідарнымі і аб’яднанымі ў гэты няпросты час, а Бог нас не пакіне.
— Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў у Баранавічах, што арцыбіскуп Кандрусевіч нібыта «ўлез у палітыку», выязджаў у Варшаву для нейкіх «кансультацый» і атрымаў там «пэўныя задачы», а таксама, што правяраецца наяўнасць у яго не аднаго грамадзянства? Як Вы можаце гэта пракаментаваць?
— Усе заявы арцыбіскупа Кандрусевіча знаходзяцца ў адкрытым доступе, кожны іх можа прачытаць і рабіць высновы самастойна. Прадстаўнікі Касцёла, перадусім біскупы, маюць права і абавязак не быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў грамадстве, асабліва ў такой сітуацыі, якая сёння склалася ў нашай краіне. Гэта ўжо не палітыка, гэта — сапраўдны гуманітарны крызіс, які пагражае стаць катастрофай, калі нічога не рабіць.
Пра якую палітыку гаворка? Наш Мітрапаліт не падтрымліваў нікога з кандыдатаў да выбараў і пасля іх, не рабіў ніякіх палітычных заяў, а толькі заклікаў да сумленнасці, адказнага падыходу, спынення насілля і дыялогу.
Усе яго дзеянні і выказванні знаходзяцца ў межах сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла і дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Гэта перадусім маральныя аспекты грамадскага жыцця, хрысціянскія і агульначалавечыя каштоўнасці, адыход ад якіх становіцца прычынай крызісаў у грамадстве.
Мне здаецца, Аляксандра Лукашэнку недастаткова добра інфармавалі. Зрэшты, ён і сам прызнаў [4], што не мае поўнай інфармацыі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч можа выязджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад Папы Францішка, але не ад кагосьці іншага, напрыклад, у Варшаве, у Маскве ці дзесьці яшчэ.
Яго паездка ў Польшчу была звязана перадусім з тым, што арцыбіскупа запрасілі ўзяць там удзел у шэрагу ўрачыстых набажэнстваў. Гэта — звычайная ў Касцёле практыка. Да гэтага ў жніўні наш Мітрапаліт узначальваў урачыстыя набажэнствы ў Валкалаце (Віцебская вобласць), у Мінску, у Браславе (Віцебская вобласць), у Гродне, адкуль выехаў у Польшчу. У бліжэйшую нядзелю ён планаваў [5] маліцца разам з вернікамі ў Заслаўі, якія ўрачыста адзначаюць 600-годдзе існавання сваёй парафіі. І мы спадзяемся, што да гэтага часу ён вернецца на радзіму, каб быць разам з намі і маліцца аб міры і згодзе ў Беларусі.
Ніякіх перашкод для гэтага быць не павінна.
У арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае, і згодна з законам яго права на ўезд не можа быць ніякім чынам абмежавана.
Беларускія грамадзяне па закону не могуць трапіць у «спіс неўязных», таму тут яўнае непаразуменне.
— Ці можна меркаваць, з-за чаго склалася такая ненармальная сітуацыя з Касцёлам у Беларусі?
— Сітуацыя сапраўды ненармальная. Відавочна, што на Касцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца пераслед Касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не кажа. Зрэшты, і ў савецкія часы змагання з верай і Касцёлам ніхто адкрыта не казаў пра пераслед, хоць ён быў вельмі жорсткім. Пра тое, што сітуацыя цяпер падобная, гавораць факты.
Па-першае, наш арцыбіскуп не можа ўехаць у краіну, хоць гэта незаконна і парушае яго правы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Па-другое, 31 жніўня ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі адбылося пасяджэнне Кансультацыйнай міжканфесійнай рады, у склад якой уваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў праваслаўнай, рыма-каталіцкай, юдэйскай, мусульманскай, стараабрадскай і пратэстанцкай канфесій і рэлігійных кірункаў. Нягледзячы на тое, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі з’яўляецца другой па колькасці вернікаў традыцыйнай канфесіяй, яго прадстаўнік не быў запрошаны на пасяджэнне кансультацыйнай рады, пра якое мы нават не ведалі.
Пасля пасяджэння з намі звязаліся прадстаўнікі іншых канфесій і падзяліліся, што на ім нас, беларускіх католікаў, літаральна «палівалі брудам».
Відаць, прадстаўніка Касцёла не запрасілі таму, што мы заўсёды маем, што адказаць на неабгрунтаваныя прэтэнзіі.
Па-трэцяе, як спробы аказання ціску на нашу канфесію можна расцэньваць і незразумелыя дзеянні з боку розных дзяржаўных структур у адносінах да адной з самых вялікіх каталіцкіх парафій Мінска — касцёла святога Сымона і святой Алены, Чырвонага касцёла.
— Як вы, Ваша Эксцэленцыя, расцэньваеце тое, што адбывалася і адбываецца ў Чырвоным касцёле?
— Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўжо больш за месяц таму выступіла з заявай [6] па справе Чырвонага касцёла адносна запазычанасці, якая ўзнікла раптам, можна сказаць, «з паветра». Былі налічаны велізарныя сумы, якія парафія павінна аплаціць, хоць гэта выглядае даволі несправядліва і непрыгожа.
У сувязі з нядаўнім інцыдэнтам у Чырвоным касцёле, калі прадстаўнікі сілавых структур заблакавалі ў ім усе ўваходы, я заявіў рашучы пратэст [7].
Зразумела, што падобныя дзеянні абсалютна недапушчальныя і мы ніколі не пагодзімся з парушэннем права людзей на свабоду веравызнання.
— Якім чынам можна паспрыяць вырашэнню гэтай складанай сітуацыі?
— Перадусім малітвай. Я заклікаў да асаблівай малітвы святароў і ўсіх вернікаў нашай архідыяцэзіі, каб гэтая сітуацыя як найхутчэй вырашылася. Мяне парадавала, што мой зварот [8] імгненна знайшоў водгук, прычым не толькі сярод католікаў.
Я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія сабраліся ўчора на малітву, на святую Імшу ў нашых касцёлах, а таксама ўсім тым, хто нас падтрымаў.
Вось, напрыклад, група праваслаўных жанчын прыйшла ўчора ў нашу катэдру, каб разам з намі маліцца аб міры і згодзе, аб як мага хутчэйшым вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча на Радзіму. Дзякуй ім за гэта!
Я лічу, гэта важна, што цяжкасці нас не падзяляюць, а аб’ядноўваюць. Разам мы іх хутчэй пераадолеем. Таму яшчэ раз заахвочваю ўсіх вернікаў да трывалай малітвы і салідарнасці ў кожнай жыццёвай сітуацыі.
Размаўляў Мікола Гракаў, Catholic.by [9]