[1]15 жніўня парафія ў Мёрах адзначыла патранальнае свята — урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ганаровым госцем адпусту стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў канцэлебраваную святую Імшу а 18-ай гадзіне і ўдзяліў сакрамант канфірмацыі.
На свята сабралася шмат парафіянаў і гасцей. Праз супольную ружанцовую малітву і сакрамант пакаяння вернікі рыхтаваліся да годнага перажывання Эўхарыстыі. На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік прывітаў прысутных і прадставіў святароў, якія прыбылі з суседніх парафій, а таксама Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Полацкага і Докшыцкага дэканатаў.
У прывітальным слове біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў: «Мы сабраліся разам, каб праславіць Багародзіцу ў такі важны дзень — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У дзень, калі мы адзначаем трыўмф Багародзіцы. Трыўмф, бо з душой і целам Яна была ўзята на неба і атрымала ўзнагароду за сваё зямное жыццё, за сваю веру, за сваё «Так», якое было сказана Богу. Мы сабраліся ў гэты дзень разам каб памаліцца ў інтэнцыях, якія маем ў сэрцы, а таксама за пробашча, парафію і ўсіх, хто прыме сёння сакрамант канфірмацыі.»
У сваёй гаміліі Яго Эксцэленцыя, развіваючы тэму ўнебаўзяцця, адзначыў, што Марыя была ўзятая на неба, дзе заняла дастойная месца і была ўкаранавана на Каралеву неба і зямлі. «Але, перш за ўсё, яна Матуля, якая нарадзіла Езуса і была з Ім да канца, да крыжа. Марыя прыкладам свайго жыцця паказала, што кожны чалавек можа ўвайсці ў Божае валадарства, калі будзе выконваць запаведзі і спаўняць Божую волю. <…>
<…> Жыць паводле запаведзяў нам дапамагае Дух Святы, якога мы прымаем у сакраманце канфірмацыі. Ён дапамагае нам таксама даваць сведчанне веры і рабіць правільны выбар там, дзе гэта патрэбна: у нашым асяродку, у непрадбачных сітуацыях. Мы павінны заўсёды памятаць, што Пан Бог любіць і чакае кожнага з нас у сваім валадарстве, а Марыя, як наша нябесная Матуля, прагне каб мы былі шчаслівымі».
Пятнаццаць маладых людзей, урачыста вызнаўшы веру, з хваляваннем і радасцю прынялі сакрамант хрысціянскай сталасці, каб, узмоцненыя Духам Святым, на ўзор Марыі наследваць Хрыста.
Напрыканцы Імшы моладзь выказала шчырыя словы ўдзячнасці і ўручыла кветкі Яго Эксцэленцыі біскупу Юрыю Касабуцкаму за ўдзелены сакрамант, а таксама пробашчу парафіі ксяндзу Андрэю Куліку за духоўную падрыхтоўку да сакраманту хрысціянскай сталасці.
Затым адбылося традыцыйнае асвячэнне кветак і пладоў новага ўраджаю. Па-рознаму вернікі падыходзяць да аздаблення плёну сваёй працы, але галоўнае шчырая радасць ад таго, што ёсць што прадставіць Пану Богу і чым падзяліцца з бліжнім.
Пасля Літургіі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі. Кульмінацыяй свята стала эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Адпустовая ўрачыстасць прайшла зладжана і прыгожа. У гэтым заслуга найперш літургічнай службы і парафіяльнага хору, які ўпрыгожыў Эўхарыстыю сваімі спевамі.
Пасля набажэнства пробашч парафіі падзякаваў прысутным за супольную малітву і ўдзел ва ўрачыстасці. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас тых, хто прычыніўся да яе падрыхтоўкі.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by [10]










