- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Гродзенскі асвяціў касцёл бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве

[1]28 верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў асвячэнне касцёла парафіі бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве (Гродзенская дыяцэзія).

Парафія была заснавана ў 2019 г., касцёл пабудавалі за кароткі час. У красавіку 2023 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне фундамента і ўмураваў у яго два вуглавых каменя, прывезеных з радзімы Міхала Сапоцькі – вёскі Навасады Валожынскага раёна: з дома, дзе ён нарадзіўся, і з прыступак касцёла, дзе быў ахрышчаны. 28 верасня 2024 г. біскуп Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне крыжа для вежы будучай святыні. Знаходзіцца касцёл каля трасы, якая злучае Гродна з Мінскам, недалёка ад праваслаўнай царквы ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага.

У дзень асвячэння касцёла адзначалася 17-годдзе з часу беатыфікацыі Міхала Сапоцькі, таксама сёлета адзначаецца 50-годдзе з часу яго смерці. Асвячэнне стала для Гродзенскай дыяцэзіі значнай падзеяй. Прысутнічалі шматлікія парафіяне, духавенства, у тым ліку біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, мясцовыя праваслаўныя вернікі са сваім настаяцелем протаіерэем Ігарам Волкавым, прадстаўнікі мясцовай улады.

Пробашч кс. Міхал Васількевіч, вітаючы прысутных, назваў гэтую падзею гістарычнай і непаўторнай, доказам таго, што Бог выбраў гэтае месца і благаслаўляў вернікаў у будаўніцтве святыні.

Біскуп Гродзенскі ў гаміліі сказаў: “Сімвалічна, што гэтае асвячэнне мы распачалі а пятнаццатай гадзіне — у Гадзіну Божай Міласэрнасці, калі Хрыстус аддаў жыццё за нас, каб мы жылі. Сімвалічна, што касцёл прысвечаны апосталу Божай Міласэрнасці — благаслаўлёнаму Міхалу Сапоцьку, які ўсё сваё жыццё паклаў на тое, каб пасланне Божай любові і прабачэння дасягнула ўсіх людзей”.

“Нават самы прыгожы будынак без Езуса — толькі пустая зала. Фундаментам гэтага дома, а таксама нашай веры, павінна быць адна Асоба — Езус Хрыстус, Пан і Збаўца. Каштоўнасць нашай новай святыні у тым, што яна стаіць на Езусе Хрысце, – адзначыў біскуп. – Для Бога найважнейшае не месца, а сэрца. Мы будуем святыні, бо яны патрэбныя чалавеку — каб збірацца разам, маліцца, адчуваць прысутнасць Бога. Але калі сэрца пустое, калі няма даверу, то нават найпрыгажэйшы касцёл не дасць плёну. Пакланяцца ў духу і праўдзе азначае маліцца шчыра, жыць паводле праўды, адкрываць сябе Духу Святому, давяраць Богу ў любых абставінах. Таму гэты касцёл — не толькі прыгожы сімвал, а школа сапраўднай малітвы, месца, дзе мы будзем вучыцца даверу і адкрытасці перад Богам”.

[2]

Іерарх дадаў, што касцёл — “не толькі месца для нядзельнай Імшы”, а “сэрца супольнасці”, “месца, дзе асвячаецца ўсё жыццё чалавека, ад нараджэння да смерці, і будуецца парафіяльная супольнасць”.

Біскуп нагадаў, што ў Гадзіну Божай Міласэрнасці “Езус на крыжы памёр за нас, і з Яго Сэрца выліліся кроў і вада”. “Гэта знакі сакрамэнтаў: Хросту і Эўхарыстыі, якія даюць жыццё Касцёлу, – сказаў іерарх. – Менавіта гэтае пасланне Божай Міласэрнасці мы атрымалі праз благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку. Ён быў духоўным кіраўніком святой Фаўстыны, дапамагаў ёй разумець Божыя аб’яўленні, распаўсюдзіў малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці і абраз Езуса Міласэрнага. Ён быў святаром, які пакутаваў, але не перастаў давяраць. Ён быў чалавекам малітвы і працы, чалавекам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў справе Міласэрнасці.

І цяпер гэты касцёл будзе працягваць яго місію. Гэта месца стане святыняй Міласэрнасці, куды людзі будуць прыходзіць са сваімі цяжкасцямі, сваімі грахамі, сваімі надзеямі”.

[3]

Біскуп назваў гэтую ўрачыстасць плёнам “не толькі Божай ласкі, але і вялікай працы людзей”, у сувязі з чым падзякаваў пробашчу, парафіянам і ўсім, хто дапамагаў у справе будаўніцтва.

“Гэты касцёл — плод вашай любові. Ён — знак таго, што Бог дзейнічае праз людзей, – падкрэсліў іерарх. – Але памятайце: асвячэнне касцёла павінна весці нас да асвячэння сэрца. Бог хоча не толькі гэтага дома, але і нас саміх. Будзем жыць як сапраўдныя хрысціяне, як жывыя святыні. Будзем пакланяцца Богу ў духу і праўдзе. Будзем праслаўляць Яго Міласэрнасць словамі і жыццём. Няхай гэты касцёл стане месцам, дзе кожны будзе адчуваць прысутнасць Бога, дзе будзе нараджацца надзея, дзе будзе жыць вера і дзе будзе праслаўлена Божая Міласэрнасць!”

У канцы літургіі пробашч падзякаваў парафіянам і ахвярадаўцам за працу, малітву і ўсялякую дапамогу, якія садзейнічалі ўзвядзенню святыні.

Grodnensis.by [4]