- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біскуп Алег Буткевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў Міхалішках

[1]З 27 па 29 сакавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія па запрашэнні пробашча парафіі кс. Анатолія Захарэўскага правёў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, паведамляе grodnensis.by [2].

Духоўныя практыкаванні, якія некаторыя вернікі называюць “рэкалекцыямі жыцця”, сталі для ўдзельнікаў часам умацавання ў веры, яе сведчання і часам ласкі.

Парафіяне доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі і маліліся аб патрэбных ласках як для біскупа, так і для сябе, каб сэрца кожнага было адкрыта на дзеянне Божай ласкі. Рэкалекцыяніст зрабіў вялікае ўражанне на вернікаў. Сярод іншага яны адзначылі багацце яго сэрца і душы, жыццёвую мудрасць, адкрытасць на падзеі жыцця свету і чалавека, чуласць, уменне ўмацаваць чалавечую свядомасць.

Тры дні, калі біскуп Алег прапанаваў паразважаць над Божым словам, якое было спалучана са штодзённай рэчаіснасцю, былі магчымасцю нанова асэнсаваць вартасць і значэнне жыцця. Іерарх у гэты складаны час, калі свет перажывае пандэмію, настроіў вернікаў на цішыню.

[3]

У межах рэкалекцый вернікі маглі ўдзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта, якая стала медытацыяй сэрца ва ўпрыгожанай святыні, што на працягу стагоддзяў не зачыняла сваіх дзвярэй.

Парафіяне спадзяюцца на духоўны плён гэтых рэкалекцый, а таксама выказваюць падзяку біскупу Віцебскаму за кожнае слова і настаўленне, якое да іх скіраваў.

[4]