[1]З 5 па 8 кастрычніка ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі адбыліся духоўныя практыкаванні для святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Рэкалекцыі правёў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Духоўныя практыкаванні праходзілі ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца». Гэты час быў накіраваны на тое, каб даць святарам магчымасць пабыць у цішыні, памаліцца і аднавіць сваё духоўнае жыццё. У штодзённых разважаннях, якія ўдзельнікі слухалі кожны дзень, біскуп Алег Буткевіч распавядаў пра сваю веру і адносіны з Найвышэйшым Святаром – Езусам Хрыстом.
Галоўнай падзеяй кожнага дня была Імша, на якой асаблівым чынам маліліся за прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне.
У апошні дзень рэкалекцый літургію ў санктуарыі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У звароце да прысутных іерарх адзначыў, што час, які святары праводзяць разам на малітве, спрыяе іх адзінству. Іерарх падзякаваў біскупу Віцебскаму за правядзенне рэкалекцый і выказаў падзяку святарам за тое, што яны, нягледзячы на абавязкі, узялі ўдзел у гэтых духоўных практыкаваннях.
Рэкалекцыі ў Росі сталі для святароў Гродзеншчыны часам духоўнага ўмацавання і братэрскай еднасці ў служэнні Богу і людзям.
grodnensis.by [4]

