- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біблійны лексікон: Воля Божая

[1]Будзь воля Твая” – звяртаемся мы кожны раз да Нябеснага Айца, паўтараючы словы малітвы, якой навучыў нас Пан Езус. Але ці часта мы ўсведамляем, які сэнс укладаем у гэтую просьбу?

Божае ўпадабанне

Варта адразу заўважыць, што ў карацейшай версіі Госпадавай малітвы паводле евангеліста Лукі (Лк 11,2-4) няма гэтага закліку (як і фінальнай просьбы быць збаўленымі ад злога) у параўнанні з даўжэйшай версіяй, якой мы звычайна карыстаемся і якая паходзіць з Евангелля паводле Мацвея (Мц 6,9-13). Такая розніца тлумачыцца тым, што заклік “будзь воля Твая” ўжо ўключаны ў просьбу “прыйдзі Валадарства Тваё”, бо менавіта ў тым, каб Нябеснае Валадарства сталася рэчаіснасцю, і заключаецца жаданне Нябеснага Таты для Яго дзяцей.

Асноўныя арыгінальныя словы для паняцця “воля”, якія знаходзяцца ў габрэйскім і грэцкім тэкстах Бібліі, – гэта адпаведна ratsón і thélema. У той час, як грэцкае thélema ўказвае на сувязь з жаданнем і выбарам, габрэйскі выраз ratsón найчасцей можна перакласці як “прыхільнасць, упадабанне”. Інакш кажучы, калі гаворка ідзе пра Божую волю, нам заўсёды трэба памятаць, што гэта добрая воля Айца: пажаданне сапраўднага шчасця сваім дзецям (аднак варта ўсведамляць, што наша чалавечае ўяўленне пра шчасце не заўсёды адпавядае Божай задуме). Бадай што, найлепшай ілюстрацыяй біблійнага паняцця Божай волі ў Старым Запавеце з’яўляюцца вершы з кнігі прарока Ераміі (хоць у прыведзенай цытаце знаходзім не ratsón, а іншае слова): “Ведаю намеры, якія маю адносна вас, – кажа Госпад, – намеры супакою, а не гора, каб даць вам будучыню і надзею” (Ер 29, 11, пер. Ул. Чарняўскага). Падобнае пасланне нясуць словы анёлаў пра нараджэнне Збаўцы, якія сталі часткай гімну “Хвала на вышынях Богу” ў нашай святочнай літургіі: “супакой людзям добрай волі” (Лк 2, 14) можна перакласці, хутчэй, як “супакой людзям, у якіх Божае ўпадабанне” (“благоволение” на рускай мове). Гэтае ўпадабанне Айца ўнікальным чынам абвяшчаецца ў адносінах да ўмілаванага адзінароднага Сына падчас хросту ў Іардане: “Цябе ўпадабаў Я”, – гучыць голас з нябёсаў (Лк 3, 22). Воля Айца аб’яўляецца ў паўнаце ў Езусе – Яго жыцці і вучэнні.

Сын у цэнтры Божага плану

Гэтую праўду ўрачыста раскрывае гімн на пачатку Паслання да Эфесцаў: “[Бог Айцец] перадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным” (Эф 1,5-6). Божая задума, Божае жаданне – каб усе людзі “нарадзіліся нанова” з вады і Духа (пар. Ян 3,5), становячыся Яго дзецьмі, і такім чынам “аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі” (Эф 1,10), каб мы былі “для хвалы Ягонай славы” (Эф 1,12). Удзел у Божай славе разам з Хрыстом, Які ўзышоў на нябёсы і падрыхтаваў месца для кожнага свайго сябра (пар. Ян 14, 3), – вось канчатковая мэта Божага плану для нас.

Езус дзейнічае ў свеце, каб гэтая задума сталася рэчаіснасцю: “Воля таго, хто паслаў Мяне, такая, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень. Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае” (Ян 6, 39-40). У той жа прамове ў сінагозе ў Кафарнауме Хрыстус сцвярджае: “Я сышоў з неба не для таго, каб чыніць сваю волю, але волю таго, хто Мяне паслаў” (в. 38). У першыя стагоддзі Касцёла ўзнікла ерась, згодна з якой Езус не меў сваёй уласнай чалавечай волі, а толькі волю Божага Сына, якая была ідэнтычнай з воляй Айца. Аднак Пан не пра гэта гаворыць у прыведзенай вышэй цытаце. Тое, што Ён меў уласную волю, найбольш яскрава відавочна падчас Яго малітвы ў Аліўным садзе перад выданнем на смерць: Езус шчыра выказвае свой супраціў да таго жаху, які Яго чакае, аднак прымае гэты план як той, што прынясе збаўленне – спаўненне Божага жадання для заняпалага чалавецтва. Так Ён становіцца для нас дасканалым узорам таго, чаму павінна служыць чалавечая воля: удзелу ў Божым плане збаўлення. Мука Хрыста – крыніца Божай мудрасці для нас супраць “надта чалавечых” чаканняў, бо нават у болі і цярпенні здзяйсняецца Божы план. Аднак трэба правільна разумець, якім чынам дзейнічае Божы Провід у неспрыяльных абставінах.

Цярпенне і боль – Божая воля?

Часам можна пачуць фразы накшталт “На ўсё воля Божая” ці “Трэба прыняць волю Божую”, якія гучаць у кантэксце непрыемных падзей у жыцці чалавека. Такія фразы могуць хаваць няправільнае разуменне таго, што ёсць насамрэч Божае жаданне і план для нас. У тэалогіі на гэты конт існуе важнае адрозненне паміж “Божай воляй” і “Божым дапушчэннем”. Бог дапускае, што ў гэтым свеце (да пэўнага моманту) ёсць зло і цярпенне, і яны так ці інакш закранаюць жыццё кожнага чалавека. У значнай частцы праявы зла, несправядлівасці і гвалту – гэта наступствы грахоўнага выбару людзей, у якіх Бог, шануючы іх годнасць, не забірае свабоды, хоць няспынна імкнецца “дастукацца” да іх сумлення. Бог жадае ўзмацніць нас у выпрабаваннях, звязаных з рознымі формамі цярпення, і сваім цудоўным Провідам такія непрыемнасці і нават нашыя ўласныя грахі можа ператварыць у нагоды для  ўзрастання ў сапраўднай свабодзе і здольнасці любіць: “Усё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове” (Рым 8,28). Варта прыняць як пэўную “аксіёму” наступнае сцвярджэнне: воля Божая – гэта найлепшае, што можа здарыцца ў маім жыцці. У любой сітуацыі Нябесны Тата любіць мяне, дзейнічае дзеля майго дабра, каб прывесці да большай блізкасці з Ім, нават калі з чалавечага пункту гледжання абставіны могуць здавацца цалкам супраць мяне.

Як нашую чалавечую волю прывесці ў згоду з Божай воляй? У наступны раз паразважаем над адказам на гэтае важнае пытанне, бо наша заданне – не толькі правільна разумець тое, чаго Бог жадае для нас, але і супрацоўнічаць з Яго святой воляй у нашым жыцці.