Традыцыйна ў ліпені ў каталіцкім Касцёле [1] асаблівым чынам аддаецца пашана Крыві Хрыста. Кроў – адзін з найважнейшых сімвалаў, якія мы знаходзім у Бібліі. У сакраманце Эўхарыстыі ахвярны дар віна пераўтвараецца ў Кроў Езуса, у якой рэальна прысутнічае Той, Хто аддаў сваё жыццё за нас.
Раней, у чэрвені, мы святкавалі ўрачыстасць, якую найчасцей коратка называем “Божае Цела”: гэта асаблівая нагода перажываць і публічна вызнаваць прысутнасць Хрыста ў эўхарыстычных постацях хлеба і віна. Варта памятаць, што поўная назва ўрачыстасці ўзгадвае і Цела, і Кроў Збаўцы: Solemnitas Corpus et Sanguinis Christi. У Рымска-Каталіцкім Касцёле так гістарычна склалася, што вернікі ў Камуніі звычайна прымаюць эўхарыстычнага Езуса ў постаці хлеба, а спажываюць Кроў Хрыста вельмі рэдка. Аднак пасля Другога Ватыканскага Сабору з’явілася рэкамендацыя, прынамсі пры асаблівых нагодах, даваць магчымасць усім вернікам прымаць Хрыста ў абедзвюх постацях для больш поўнага перажывання Эўхарыстычнай Таямніцы. Сакрамантальная прысутнасць Езуса ў Ягонай Крыві, укрытая ў постаці віна, з’яўляецца вельмі вымоўным знакам Ахвяры Божага Сына за нас. Паглядзім, як Святыя Пісанні тлумачаць важнасць гэтага сімвала ў гісторыі збаўлення.
Кроў – сімвал жыцця
Ужо на першых старонках Бібліі згадваецца кроў у трагічных абставінах першага братазабойства: “Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з зямлі”, – кажа Бог Каіну (Быц 4, 10). У біблійным разуменні кроў – гэта жыццё жывой істоты (Лев 17, 11), і калі яна праліваецца, жыццё пакідае цела. Жыццё з’яўляецца Божым дарам і належыць Яму, таму ў Святым Пісанні выразна гучыць запаведзь “Не забівай!” Акрамя гэтага, чалавеку забараняецца спажываць кроў іншых істот з той жа прычыны: яна “заключае ў сабе” жыццё. Памятаючы пра гэта, мы лепш разумеем, чаму словы Езуса ў сінагозе ў Капернауме “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця” (Ян 6, 53) так “скандальна” гучалі для габрэяў, якія выдатна ведалі старазапаветную забарону. Для нас жа словы Пана з’яўляюцца пацвярджэннем праўды пра тое, што менавіта праз сваю Кроў Ён далучае нас да свайго боскага жыцця.
Хоць для нас сёння забарона спажывання крыві (у тым ліку ў мясе) не мае той актуальнасці, як для габрэяў (ці таксама мусульманаў, каторыя маюць свае нормы на гэты конт), усё ж сама думка пра гэта ў большасці выклікае негатыўную рэакцыю. Аднак сучасная медыцына падказвае нам іншы спосаб зразумець “дар жыцця”, пасярэднікам якога з’яўляецца кроў. Дзякуючы практыцы пералівання крыві адна чалавечая асоба можа падзяліцца з іншай асобай часткай сябе, у некаторых выпадках ратуючы жыццё. Хоць гэта не зусім біблійнае трактаванне, але яно можа дапамагчы нам уявіць тое, што Езус робіць для нас, дзелячыся з намі дарам свайго жыцця ў Крыві.
Кроў Запавету
З таго, што сказана вышэй, відавочна, чаму кроў у рэлігійным кантэксце набывае сакральнае значэнне. У сістэме “камунікацыі” з Богам праз ахвярапрынашэнні жывёлаў яна выступае перш за ўсё менавіта як сімвал жыцця, указваючы, што ў абрадах гаворыцца – ні многа ні мала – пра жыццё і смерць. Адным з найважнейшых момантаў, дзе мы знаходзім кроў у гэтым сэнсе, – гэта абрад заключэння запавету паміж Богам і Ізраэльскім народам на гары Сінай (Зых 24). Майсей бярэ кроў ахвярных жывёлаў і адной яе часткай акрапляе алтар, а другой – народ, такім чынам сімвалічна падкрэсліваецца супольнасць жыцця Пана і Яго выбранага люду.
Яшчэ раней, перад самым зыходам з няволі (і пазней на ўспамін – у кожным святкаванні Пасхі), кроў пасхальнага ягняці, якой мазалі вушакі дзвярэй дамоў ізраэльцянаў, уратавала іх ад смерці першародных, калі “нішчыцель” (пар. Зых 12, 23) праходзіў праз егіпецкую зямлю.
У іншым важным рытуале, які здзяйсняўся першасвятаром раз на год (і што іншым чынам і сёння габрэі святкуюць у “Ём Кіпур” – у дзень адкуплення), кроў жывёлаў была часткай абраду ачышчэння Ізраэля ад грахоў: ёю намашчаўся алтар, які знаходзіўся ў “Святой Святых”.
Усе гэтыя абрады, у якіх прысутнічае кроў ахвяраў з жывёлаў, з’яўляюцца “прадвеснікамі” той Ахвяры, якую склаў Божы Сын, праліўшы сваю Кроў для адкуплення ўсяго чалавечага роду, раз і назаўсёды. Як сцвярджае апостал Павел, “Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць сваю справядлівасць у адпушчэнні грахоў” (Рым 3, 25). Супраць граху, які вядзе да адчужэння ад Бога і ў выніку да смерці, існуе “супрацьяддзе”: Кроў Ягняці, якое ўзяло на сябе ўсе чалавечыя правіны і знішчыла іх моцай сваёй міласэрнай любові. Гэта “Кроў Новага і вечнага Запавету”, пралітая раз і назаўсёды на Галгоце, каторая становіцца Сакрамантам адкуплення на алтары ў Эўхарыстыі кожны раз, калі вернікі збіраюцца, каб прынесці Ахвяру на ўспамін аб сваім Збаўцы, паводле Ягонай запаведзі (пар. Лк 22, 19).
Цана адкуплення
“Кроў Хрыста, расплата за нашае збаўленне, выбаў нас!” – молімся мы ў Літаніі да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. “Вы куплены за вялікую цану!” – усклікае апостал Павел да карынцянаў (1Кар 6, 20). Магчыма, выразы “адкупіць”, “заплаціць цану збаўлення” і падобныя выклікаюць асацыяцыі з нейкай “камерцыйнай здзелкай” і “рэжуць вуха”, калі гучаць у кантэксце Крыжовай Ахвяры Божага Сына. У такім выпадку, напэўна, патрэбны дадатковы высілак, каб правільна разумець тое, што маецца на ўвазе. У Старым Запавеце Бог выступаў як Той, Хто “выкупляў” сваіх выбраных з няволі, калі яны туды траплялі праз тое, што пакідалі шляхі Пана. Калі Сын Божы прыходзіць у гэты свет і паказвае, што значыць любіць “да канца”, адкрываецца, як шмат “каштуе” гэтая любоў, якая бярэ на сябе віну тых, каго любіць. Але гэтая праўда сведчыць, наколькі мы каштоўныя ў Божых вачах і як моцна Ён жадае мець нас не як “купленых” нявольнікаў, а як сваіх умілаваных дзяцей. Няхай жа ўсведамленне велічы ахвяры нашага Збаўцы вядзе нас да таго, каб любіць Яго ўсім сваім жыццём, прымаючы дар Яго боскага жыцця!
Айцец Віктар Жук SJ