- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Біблійны фланэлёграф і экскурсія ў праваслаўную царкву: спатканне катэхетаў прайшло ў Глыбокім

[1]16 кастрычніка ў Глыбокім адбылося спатканне катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі. Гэтая сустрэча прайшла ў другі раз і зноў дзверы гасцінна адчыніў і прадаставіў памяшканне Гарадскі Дом культуры.

Мерапрыемства распачалося з супольнай малітвы, якую правёў а. Андрэй Сідаровіч МІС, адказны за правядзенне гэтага спаткання. На самым пачатку словы прывітання скіраваў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, які адмыслова завітаў на гэта важнае мерапрыемства, дзе можна здабыць не толькі новыя веды і спосабы навучання, але і падзяліцца з іншымі сваім набытым вопытам.

Прэзентацыю сучасных мадэляў катэхезы прадставіла с. Таццяна Гмыза, якая цяпер катэхезуе ў Полацку. Манахіня прадставіла Біблійны фланэлёграф* і іншыя патрэбныя матэрыялы для катэхезы, з дапамогай якіх нашмат лягчэй растлумачыць дзецям вызначаную тэму. Сястра Таццяна ўзгадала, што пажадана і дзецям, і дарослым пакінуць нейкі вобраз ці ўяўленне пасля заняткаў, каб ім было што ўспомніць.

[2]

Таксама была прадстаўлена «Медыя-Азбука па Новым Запавеце» — прэзентацыя, з дапамогай якой можна праверыць веды пасля катэхез, не ў звычайнай, а ў вельмі цікавай форме. Пасля канферэнцыі была хвілінка дыскусіі, дзе катэхеты маглі задаць пытанне выступоўцы.

Некалькі слоў да ўдзельнікаў сустрэчы скіравала і с. Нунэ Цітаян, якая выкладае ў Духоўнай семінарыі ў Пінску курс «Практычная катэхеза». Сястра звярнула ўвагу на вельмі важны момант не толькі для кожнага настаўніка, але і катэхета — ўменне пісаць канспект. У ім абавязкова павінна быць вызначана дыдактычная і выхаваўчыя мэты. Калі катэхет будзе ставіць перад сабой такія мэты і старанна прадумваць кожны занятак — вынік будзе добры.

[3]

Пасля кавы-паўзы, падчас якой быў час падзяліцца паміж сабой пэўным выхаваўчым вопытам, катэхетаў чакаў сюрпрыз ад арганізатараў — наведванне глыбоцкай праваслаўнай царквы Нараджэння Багародзіцы, якая да 1867 года была кармеліцкім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аповед і экскурсію ў падзямеллі храма правёў праваслаўны экскурсавод Юрый Калбасіч.

[4]

Затым святары, законныя сёстры і свецкія катэхеты накіраваліся ў касцёл, дзе біскуп Алег узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ў Віцебскай дыяцэзіі займаецца справай катэхезы, каб заўсёды Езус Хрыстус з Паннай Марыяй у Сваім Духу былі прысутныя ў часе навучання і давалі натхненне і сілы для добрага прапаведвання Божага Валадарства ў нашай краіне.

[5]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

* Фланэлёграф — гэта дошка, абцягнутая фланэллю, на якую па тыпу аплікацыі мацуюцца выразаныя фігуры. Фігуры можна перамяшчаць па экране, рабіць імі рухі, змяняць карцінку, робячы яе ажыўленай, што нельга зрабіць са звычайнай кніжнай ілюстрацыяй.