- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Без чалавечнасці не будзе вечнасці. Меркаванне

[1]Некалькі месяцаў таму давялося быць на пахаванні. На дзіва, ля труны нябожчыка не было ні слёз, ні смутку, ні горычы. Мужчына адышоў па ўзнагароду да Пана, маючы 92 гады. Ён пражыў прыгожае жыццё, напоўненае верай і жывымі адносінамі з Богам, выхаваў дзяцей, дачакаўся ўнукаў.

Я прыгадвала, як калісьці прыходзіла ў гэты дом з бабуляй. Акурат тут, дзе стаіць труна з нябожчыкам, праходзілі маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы. Гаспадар дому зацягваў знаёмы матыў “Chwalcie łąki…”, а кагорта мясцовых жанчын падхоплівала песню. У адзін момант пакой напаўняўся самымі рознымі галасамі, якія славілі Бога. Дастаткова часта можна было заўважыць гаспадара з роварам. У светлым плашчыку і пад гальштукам ён ехаў у касцёл, што знаходзіўся за 10 км ад вёскі. А яшчэ прыгадалася, як спачылы ставіў драбіну і рамантаваў вясковы крыж або замяняў стужкі на ім. Дзятва з ваколіц збягалася, каб паглядзець на тое, што адбываецца.

Адкінуўшы свае думкі, я агледзелася і заўважыла, што ніхто з прысутных не плача. Адна з дачок зазначыла: “Нарэшце тата пайшоў туды, дзе яму будзе добра”. Адсутнічала напружанасць, драматызм, цяжкая атмасфера. Чалавек пражыў прыгожае жыццё і заканамерна завяршыў свой шлях.

Колькі гадоў таму на адной з ажыўленых аўтатрас адбылося маштабнае здарэнне, якое забрала жыцці маладых бацькоў і іх дзяцей. Гэта трагедыя стала шокам не толькі для родных і знаёмых сям’і, але і для цалкам незнаёмых людзей. Можна прадбачыць, што на тым пахаванні была ўжо зусім іншая атмасфера.

Тэма смерці была і застаецца адной з самых балючых. Людзі стараюцца яе абыходзіць і лішні раз не закранаць. Хоць усім вядома, што зямное жыццё кожнага з нас у нейкі момант скончыцца. Гэтая з’ява такая ж натуральная, як і нараджэнне. Чаму чалавек адчувае страх перад смерцю? На такое пытанне нельга адказаць адназначна. З аднаго боку, яго палохае перспектыва развітацца з роднымі і блізкімі людзьмі, пакінуць дом. З іншага – пужае невядомасць. А што там? Нават людзі, якія практыкуюць веру, час ад часу падвяргаюцца сумненням. Ад асобаў старэйшага ўзросту таксама можна пачуць думку: “А ці ёсць там што?” Вера становіцца абстрактнай. Чалавек наведвае касцёл, прыступае да сакрамантаў і, здаецца, верыць у тое, што фізічная смерць – гэта не канец, а пачатак новага жыцця. Аднак гэтая вера часта спрацоўвае толькі ў дачыненні да іншых людзей. Калі балючая тэма закранае ўласную сям’ю, адносіны да такога пытання кардынальна змяняюцца, з’яўляюцца сумненні, страх перад невядомасцю.

Сутыкаючыся з неспадзяванай і раптоўнай смерцю, я прыйшла да высновы, што чалавек павінен пастаянна быць гатовым пакінуць гэты свет. У любы момант яго жыццёвая нітка можа абарвацца, і яму ж давядзецца стаць перад Богам. І гаворка тут ідзе не пра псіхалагічную падрыхтоўку, а пра духоўную. Варта дбаць пра чысціню сумлення, пабожнасць учынкаў і думак. На жаль, такое жыццё для большасці з нас з’яўляецца задачай павышанай цяжкасці. Складана трымаць сябе ў руках, не раздражняцца, не асуджаць, не брыдкасловіць… Гэты пералік можна весці бясконца. Але калі ў момант агрэсіі, панікі ўявіць, што нашае жыццё можа ў любы момант абарвацца, адносіны да праблемы адразу змяняюцца.

У 1965 годзе вядомы беларускі паэт Пімен Панчанка напісаў верш “За вогненнымі вякамі”. А завяршыў свой твор такімі словамі: “Толькі б захаваць усё найлепшае, толькі б пахаваць усё найгоршае. Бо без чалавечнасці не будзе і вечнасці”. Сапраўды, дабрыня і чалавечнасць з’яўляюцца падмуркам нашага жыцця, яны ўзвышаюць асобу, таму варта будаваць жыццё на гэтых простых агульначалавечых прынцыпах.

Марта Венславовіч