Беларуская мова ў Касцёле ў пачатку ХХ стагоддзя

кс. Віктар Шутовіч

У мінулым гістарычным артыкуле “Каталіцкага Весніка” мы распавялі пра тое, як у 1917 годзе дзякуючы біскупу Эдварду Ропу і беларускім святарам у касцёлах Дзісенскага павета вернікі ўпершыню пачулі казанні на роднай мове. Сёння мы распавядзём працяг гэтай гісторыі.

Перыяд 1915-1920 гадоў быў вельмі цяжкі для рэгіёна і яго насельніцтва. Тут некалькі разоў мяняліся ўлады і праходзілі розныя войскі. 7 лістапада 1917 года да ўлады ў Петраградзе прыйшлі бальшавікі, яны ж сталі пераймаць уладу на месцах. Але тая іх улада пратрымалася нядоўга. У лютым 1918 года войскі Нямеччыны і Аўстра-Венгрыі пачалі наступленне на ўсход, не сустрэўшы супраціву з боку бальшавікоў. 3 лютага 1918 года бальшавікі падпісалі з немцамі Брэсцкую мірную дамову, паводле якой большая частка Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. У гэтых зменлівых умовах каталіцкія святары заставаліся са сваімі парафіянамі і працягвалі душпастырскую і дабрачынную працу.

Ксяндзы-беларусы прапаведавалі па-беларуску Божае Слова і вялі грамадскую дзейнасць у гуртках “хрысціянскай дэмакратыі”. Найбольш горача за беларускую справу ўзяўся кс. Віктар Шутовіч, які з лета 1917 года быў пробашчам у вясковай парафіі Барадзенічы. Палякаў у парафіі было мала: нешматлікія сем’і шляхты. Сяляне былі беларусамі. Кс. Шутовіч палічыў за лепшае ўвесці ў касцёле беларускія казанні, малітвы і спевы штонядзелі, а польскія казанні пакінуў толькі на большыя святы. Ён жыў вельмі сціпла, але пры гэтым стараўся дапамагаць парафіянам. Калі бальшавіцкія салдаты неяк зайшлі да яго на плябанію, спадзеючыся нечым там пажывіцца, то нічога каштоўнага не знайшлі, а выйшаўшы, казалі парафіянам: “Как же удивительно беден ваш поп”.

Восенню 1917 года кс. Віктар Шутовіч заснаваў у Барадзенічах школу. У той час, калі часта мяняліся ўлады, духавенства нярэдка брала на сябе адказнасць за адукацыю дзяцей, бо свецкім уладам было не да таго або яны не мелі магчымасці займацца школамі. Настаўніцамі ў Барадзенічах працавалі Вераніка Шутавічанка, пляменніца пробашча, і Гэлена і Ядвіга Еднашэўскія, якія часова жылі ў сваякоў у маёнтку Мілекі. Усе яны з’яўляліся кваліфікаванымі педагогамі. Вераніка Шутавічанка выкладала па-беларуску, у тым ліку вяла ўрокі беларускай мовы. Сёстры Еднашэўскія выкладалі па-польску. Кс. Віктар Шутовіч выкладаў у школе Закон Божы, праводзячы заняткі па-беларуску. Праваслаўным дзецям Закон Божы выкладаў айцец Рафаловіч з Ёдаў.

У Барадзеніцкай парафіі была беларуская школа ў вёсцы Сабалеўшчына. Пра яе ўспаміналі мясцовыя жыхары і праз дваццаць гадоў: “У 1917 годзе ў нас была беларуская школа. Першую нашу беларускую вучыцельку мы дужа і цяпер любім, яе ўспамінаючы. Мы ўсё помнім і цяпер гаворым пра гэныя нашы беларускія часы. Як у нас тады беларускую ёлку строілі, беларускія песьні пяялі, “Беларускую Дудку” чыталі і вершы дэклямавалі”. Захаваліся згадкі пра школы, якія ў тыя гады засноўвалі ў сваіх парафіях ксяндзы-беларусы Міхал Буклярэвіч у Іказні і Міхал Пятроўскі ў Шаркаўшчыне. Аднак не захавалася інфармацыі пра тое, як і на якой мове там была арганізавана праца.

У пачатку 1918 года, скончыўшы навучанне ў духоўнай акадэміі ў Петраградзе, прыехаў у Барадзенічы кс. Адам Станкевіч. Не маючы сваёй парафіі, ён правёў вясну і лета, дапамагаючы кс. Шутовічу на парафіі, а таксама ездзячы па фэстах з казаннямі. Нямецкая вайсковая адміністрацыя, якая кантралявала Дзісненшчыну, не замінала гэтай дзейнасці. За лета 1918 года кс. Станкевіч паспеў прамовіць казанні на роднай мове вернікаў у Замошшы, Далёкім, Новым Пагосце, Германавічах, Шаркаўшчыне, Мёрах, Іказні, Ёдах ды – некалькі разоў – у саміх Барадзенічах.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне, фота 1934 года.

У Шаркаўшчыне пасаду пробашча займаў з 1917 года кс. Міхал Пятроўскі. Ён актыўна прапаведаваў па-беларуску падчас візітацыі біскупа Ропа і працягнуў сваю дзейнасць у наступныя гады. Кс. Пятроўскі актыўна ўжываў у касцёле беларускую мову, а таксама быў кіраўніком хрысціянска-грамадскай дзейнасці (гэтак званай “хрысціянскай дэмакратыі”) у Дзісненскім павеце. Гурткі “хрысціянскай дэмакратыі” існавалі ў той час у Шаркаўшчыне, Іказні, Друі, Дзісне, Барадзенічах, Германавічах. Пры гуртку ў Германавічах дзейнічала бібліятэка.

кс. Міхал Пятроўскі

6 жніўня 1918 года ў Германавічах адбываўся фэст з нагоды свята Перамянення Пана. Гэтую нагоду скарысталі святары Дзісненскага дэканата, каб сабрацца на з’езд і абмеркаваць кірункі душпастырскай і грамадскай працы. На з’ездзе была прынятая рэзалюцыя, аўтарам якой стаў кс. Міхал Пятроўскі. “Што датыча дзейнасці грамадскай, уважаем, што дзе няма народнай сведамасці, там няма культуры. Пастанова: З’езд ксяндзоў дзісненскага дэканата выказваецца, што абшар дзейнасці Каталіцкай Дэмакратыі ў Дэканаце ёсць беларускі”, – гаварылася ў рэзалюцыі. Некаторая ўвага ў дакуменце была прысвечаная і школьніцтву: “У дзісненскім дэканаце з прынцыпу мусяць быць школы беларускія з мовай навучання беларускай, пры поўнай аўтаноміі для іншых народнасцяў”. “У нас блізу ўвесь павет ужо па крысе чуў аб Беларусі і сьвятлейшыя, разьбітнейшыя сяляне добра ведаюць, што яны Беларусы, – пісаў у снежні 1919 года карэспандэнт з Шаркаўшчыны ў віленскай газеце “Krynica”. – Ня зьгінула дарма праца Ксяндза Ад. Станкевіча, які ў летку 1917 году, у большай часьці павету гаварыў па Касьцёлах беларускія навукі. На гэтыя казаньні ішлі людзцы здалёку, часта аж за 20, 30 вёрст, абы толькі пачуць Божае Слова ў сваей роднай мове.

Касцёл Перамянення Пана ў Германавічах, 20-я гады ХХ стагоддзя.

А хто-ж ацэніць працу дзеля дабра душы і цела Бел. Ксянд. М. Пятроўскаго, да недаўняга часу Шаркаўскаго пробашча? Ён беларускімі навукамі ў Касьцелі, беларускімі школамі, беларускай Хрысьціянскай дэмокрацыяй, сваей грамадзянскай працай, засеіў у душы нашаго Беларуса зярно, з якога цяпер вырастае прыгожая краска. Таксама дужа многа працуюць на роднай ніве і ў суседніх парахвіях. Кс. В. Шутовіч у Барадзенічах, Кс. Др. Й. Бобіч у Ідолці і іншыя. Знача, мы Беларусы жывём і жыць будзім”.

кс. Міхал Буклярэвіч

Тым часам Дзісненшчыну чакала новая змена ўлады. Пасля таго, як 9 лістапада 1918 года імператар Вільгельм ІІ адрокся ад трона, нямецкае войска стала адыходзіць з акупаваных тэрыторый на ўсходзе. Дзісненскі павет занялі бальшавікі, а на чале мясцовай улады сталі малаграматныя людзі з нізкімі маральнымі якасцямі. У красавіку 1919 года ў Дзісне расстралялі праваслаўнага святара з Шаркаўшчыны а. Канстанціна Жданава, а настаяцель з Язна а. Аляксей Сакалоў змог уцячы з месца расстрэлу. Католікам бальшавікі забаранілі званіць у званы і праводзіць працэсіі. У чэрвені 1919 года ў павеце сталі выбухаць узброеныя сутычкі, якія перараслі ў антыбальшавіцкае паўстанне. Разграміўшы паўстанне, бальшавікі расстралялі пробашча з Іказні кс. Міхала Буклярэвіча. “Ён, як верны слуга Хрыстуса, быў шчыра адданы працы дзеля духоваго і матэрыяльнаго дабра нашаго сялянства: закладаў хаўрусныя крамы, адчыняў пачаткавыя школы, прытулкі, сьмела гаварыў сваім парахвіянам, што яны не Палякі і не Расейцы, а Беларусы, помніў аб бедных і пакрыўджаных, быў паважным заступнікам слабых прад сільнымі гэтага сьвету, – пісала ў верасні 1919 года “Krynica”. – Відзячы зьдзек бальшавікоў над бедным Беларусам, яго добрая душа больш цярпець ужо не магла – нябожчык сьмела і аткрыта выступіў проціў крывавых катаў”. 27 чэрвеня 1919 года бальшавіцкія салдаты расстралялі кс. Буклярэвіча і яго сястру Эмілію (на помніку, адноўленым у 90-я гады, памылкова напісана Аліцыя) каля станцыі Бігосава. У 1920 годзе іх перапахавалі каля касцёла ў Іказні.

Цікавай старонкай у рэлігійнай гісторыі рэгіёна з’яўляецца служэнне ў Новым Пагосце айца Дыядора Колпінскага. Ён спачатку быў праваслаўным святаром, але ў 1915 годзе перайшоў у каталіцтва і служыў набажэнствы ў візантыйскім абрадзе, як у часы Уніі. У Новым Пагосце была старая драўляная царква, і ў 1919-1920 гадах там служыў згаданы святар. Гэта была першая спроба адраджэння Уніі на Дзісненшчыне.

Царква ў Новым Пагосце, у якой у 1919-1920 гадах вёў грэка-каталіцкія набажэнствы а. Дыядор Колпінскі.

У жніўні 1919 года Дзісненскі павет занялі польскія войскі. Польская ўлада агулам прыхільна ставілася да рэлігіі, асабліва да каталіцкай канфесіі. Аднак палякі глядзелі на наш край як на свае “Усходнія Крэсы”. Рост беларускай нацыянальнай свядомасці, якому дапамагала дзейнасць беларускіх святароў, не ўваходзіў у іх планы. Але пра гэта мы раскажам у наступнай публікацыі.

Кастусь Шыталь, краязнаўца

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі