[1]Герб Жыровічаў мне асабіста чымсьці прыгадвае абраз ці ікону. Ён прываблівае зрок, засяроджвае ўвагу і не хоча адпускаць. А прычынай з’яўляецца шэраг пытанняў: што гэта за святы, чаму чалавек перад ім на каленях, што ён трымае ў руках, што азначае залаты меч?
Дарэчы, у іншай версіі герба мяча няма: замест яго на зямлі ляжыць драўляны крыж. Можна дапусціць, што святар чытае малітву над пілігрымам, які прыйшоў у Жыровічы пешшу, абапіраючыся ў дарозе на крыж, як на паходны посах. Крыж можна інтэрпрэтаваць таксама як знак пакаяння ў грахах, а святар можа быць тым, хто адпускае грахі. Але гэта, хутчэй, фантазія…
Здаецца, таксама не вытрымлівае крытыкі версія, што гэта сцэна хросту. Менавіта такую ідэю найчасцей сустракаем у інтэрнэце. Аднак застаюцца іншыя пытанні, у прыватнасці, што гэта за чалавек, які стаіць на каленях, і што ён трымае ў руках?
Апісанне герба пры наданні Магдэбургскага права Жыровічам не захавалася. Пра тое, як выглядаў герб першапачаткова, мы даведваемся з гарадской пячаткі. Паколькі герб надалі ў 1652 г., можна дапусціць, што постаць святара на ім – гэта базыліянскі манах. Менавіта манахі-базыліяне з 1613 г. апякуюцца абразом Маці Божай Жыровіцкай. Пытанне: чаму ён паказы з німбам, як святы? З гісторыі ведаем, што ў 1613 годзе першым ігуменам кляштара базыліянаў стаў Язафат Кунцэвіч, будучы біскуп і… святы мучанік. Тады становіцца зразумелай і прысутнасць мяча як сімвала мучаніцкай смерці святога Язафата.
І на першай, і на другой выявах герба чалавек на каленях трымае прадмет авальнай формы. Ён вельмі нагадвае абраз Маці Божай Жыровіцкай!
І тады сапраўды можна дапусціць версію, што кленчыць Ян Мялешка, тагачасны ўладар Жыровічаў, які перадае ў 1613 г. абраз пад апеку базыліянаў на чале з іх ігуменам.
Да сённяшняга дня Жыровічы – гэта месца, куды з радасцю пілігрымуюць праваслаўныя, грэка- і рымакатолікі.
Падрыхтаваў айцец Андрэй Сідаровіч MIC

