- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Беларусь у “святых” гербах:– Янаў

[1]Гэтая мясцовасць стала славутай для нас, католікоў, па прычыне трагічнай смерці вялікага місіянера Палесся св. Андрэя Баболі. Менавіта там святар-езуіт пасля жорсткіх катаванняў і здзекаў атрымаў вянец мучаніка за веру.

Пошукі на карце мясцовасці Янаў не прывядуць нас да паспяховых вынікаў. Калі будзем пільнымі, знойдзем у Брэсцкай вобласці раённы цэнтр Іванава з насельніцтвам каля 16 тысяч чалавек. Гэта і ёсць колішні Янаў, які сваю гістарычную назву насіў да 1940 г., калі і быў пераназваны бальшавіцкай уладай на рускі лад – Іванавам.

Янаў ніколі не меў Магдэбургскага права, таму таксама не меў і гістарычнага герба. Хаця і карыстаўся гербам свайго колішняга гаспадара, біскупа Яна Ласовіча. Сённяшні герб Іванава – гэта новаўтварэнне з 2011 г. Герб цікавы для нас тым, што на ім ёсць выява хрысціянскага храма. Па крыжах на вежах можам вызначыць, што гэта праваслаўная царква. І сапраўды, у цэнтры горада стаіць царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, пабудаваная ў 1901 г. У праектах герба, распрацаваных для Янава  Андрэем Шпунтом, было больш зваротаў да каталіцкай гісторыі мясцовасці, але, на жаль, яны не браліся пад увагу.

І выява царквы, і падкова сімвалізуюць цікавую гістарычную з’яву – працу па збіранні ахвяраванняў на рамонт і будову храмаў людзьмі, якіх звалі “лáбары”. Гэта былі жыхары Янава, у большасці праваслаўныя, якія карысталіся прывілеямі ў падатках. Плацілі менш чым іншыя, таму мелі нашмат больш вольнага часу і прыдумалі, як яго выкарыстоўваць. Жабравалі, збіраючы сродкі для цэркваў, не грэбуючы прымаць у ахвяру не толькі грошы. Даследчыкі зазначаюць, што у сваіх падарожжах лáбары праходзілі неймаверныя адлегласці, таму былі вядомыя на тэрыторыях ад Балтыйскага мора да Чорнага. Іх паслугамі ахвотна карысталіся настаяцелі праваслаўных храмаў.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца