[1]Упершыню герб Віцебска мне давялося ўбачыць у стылізаванай версіі – там не хапала некалькіх істотных элементаў. Выява чалавека на гербе выклікала пытанні не толькі ў сяброў, павярхоўна знаёмых з маляваннем абразоў і пісаннем ікон, але і ў мяне, святара з тэалагічнай адукацыяй. У дыскусіі з сябрамі адразу нарадзілася некалькі версій.
Калі меркаваць па выяве мяча, то, відаць, гэты чалавек загінуў у выніку гвалту: можа, гэта Ян Хрысціцель, галаву якога прынеслі цару Іраду? А можа, святы апостал Павел, які быў асуджаны на смерць, але як рымскі грамадзянін не ўкрыжаваны, а пакараны адсячэннем галавы? Але твар чалавека на гербе не падобны ні да Яна Хрысціцеля, якога часта паказваюць чалавекам непрычэсаным, ні да апостала Паўла, каторага часцей адлюстроўваюць лысаватым. Была таксама версія “не пабожная”: можа, гэта не святы, а адзін з князёў або ўладароў Віцебска?
Сумненні развеяліся, калі мы з сябрамі звярнуліся да нармальнай выявы віцебскага герба. Літары на ім адназначна сведчылі: на выяве – Збаўца, Езус Хрыстус!
[3]Але пры чым тут меч? І толькі апісанне герба дапамагло выбрацца з блытаніны розных версій. Выява Хрыста з’явілася на гарадскім гербе па просьбе магістрата Віцебска, які здаўна выкарыстоўваў выяву Спаса Нерукатворнага на сваёй пячатцы. Цікава, што раней Езуса на гербах паказвалі толькі ў выглядзе малога дзіцяці. А меч не датычыцца падзей з жыцця Хрыста. Гэта свецкі сімвал, які азначае няпросты гістарычны шлях горада. Віцебску неаднаразова даводзілася са зброяй бараніць сваю незалежнасць. І першы варыянт герба з канца XVI ст. яскрава гэта паказвае: на ім меч акрываўлены.
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС
