Сёння зноў вяртаемся да постаці святога Пятра, галоўнага апостала. Сваё месца на гербе Барысава яму давялося адваёўваць на працягу некалькіх стагоддзяў. Выява сённяшняй версіі герба аднаго з нашых самых старадаўніх гарадоў пацвярджае: Пётр перамог.
Свой герб разам з Магдэбургскім правам Барысаў, заснаваны ў 1102 г., атрымаў дастаткова позна. Можна адназначна сказаць, што гэта былі апошнія дні існавання Рэчы Паспалітай. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1792 г. надаў Магдэбургскае права, а з ім і гербы шэрагу беларускіх гарадоў. У большасці гэта былі выявы з рэлігійнай тэматыкай.
Апісанне герба Барысава кажа адназначна, што постаць над сярэбранымі варотамі з дзвюма вежамі – гэта святы Пётр. Ключы ў яго руцэ нагадваюць пра пастырскую ўладу, атрыманую ад Хрыста. Апісвае гэта Евангелле паводле святога Мацвея: ”I Я кажу табе, што ты, Пётр, – скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе (Мц 16,18-19).
Апісанне герба сведчыць, што ключы маюць розныя колеры – залаты і сярэбраны. Кожны з іх адлюстроўвае сваё значэнне: залаты адчыняе брамы Божага Валадарства, а сярэбраны – зачыняе.
У гэтым кантэксце вароты з вежамі не што іншае, як брама Божага Валадарства. Таксама карыстаючыся евангельскай падказкай, можна дапусціць меркаванне, што гэта сімвал Касцёла, які не перамогуць сілы зла, або, як кажа Евангелле, пекла.
Трапіўшы пад панаванне Расійскай Імперыі, Барысаў мусіў згадзіцца з новай выявай свайго герба. Так, Пётр застаўся, але разуменне цэласнасці ўсёй выявы радыкальна змянілася. Па першае, герб падзялілі на два “паверхі”, і на першым змясцілі двухгаловага арла, сімвал Імперыі, сімвал свецкай улады, а ўжо ўнізе намалявалі св. Пятра і дзве баявыя вежы. Так сімвал брамы Божага Валадарства і сімвал Касцёла стаўся знакам абаронных магчымасцяў самога горада. І першапачаткова рэлігійны герб атрымаў свецкі характар.
[2]
Свецкую рэдакцыю герба стараліся захаваць і пры яго рэканструкцыі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. На ім адлюстравалі дзве вежы як сімвал горада, і ў месцы, дзе раней знаходзіўся св. Пётр, уставілі дату заснавання. Але такая версія барысаўскага герба праіснавала нядоўга.
Сёння св. Пётр займае сваё пачэснае месца на гербе Барысава, апякуючыся яго жыхарамі і гасцямі.
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін з Росіцы
