У гэтым артыкуле прапануем вам пазнаёміцца з чарговым блокам візуальных крыніц. У мінулым гістарычным матэрыяле [2] мы публікавалі фотаздымкі Пінска і Піншчыны з фотальбома, які належаў кс. Вернэру, каторы вучыўся і працаваў у Пінску. Сёння пашырым геаграфію і прадставім чытачам фотакарткі з розных куточкаў Беларусі.
Фотаздымкі, якія мы прапануем вашай увазе, знаходзяцца ў архіве езуітаў у Кракаве. Храналогія фотаздымкаў, якія датычаць Беларусі, – ХХ ст. Лакалізацыя здымкаў у архіве езуітаў абумоўлена тым, што ў міжваенны перыяд (1921-1939 гг.) езуіты пасля 100-гадовага перапынку вярнуліся на беларускія землі і распачалі працу ў некаторых касцёлах, якія раней належалі ордэну. У пасляваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі працаваў толькі адзін езуіт – кс. Юзаф Марсангер, фотаздымкі якога таксама прысутнічаюць у калекцыі.
Агулам фотакарткі, на якіх адлюстраваныя беларускія землі, можна падзяліць на некалькі груп у залежнасці ад аб’ектаў, каторыя яны адлюстроўваюць: партрэты, душпастырства, пейзажы (архітэктура).
Партрэты – перадусім гэта калектыўныя фотаздымкі (напрыклад, насельнікаў таго ці іншага дома, вучняў езуіцкіх школ альбо школ сясцёр-місіянерак). Тут асаблівую цікавасць уяўляе здымак, дзе Пінскі калегіум езуітаў наведвае біскуп Баляслаў Слосканс. Біскуп Баляслаў Слосканс (19.08.1893-18.04.1981) у 1925 г. працаваў у віцебскім касцёле св. Барбары. У 1926 г. быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Мінскай і Магілёўскай дыяцэзій. У 1927 г. яго арыштавалі. Тры гады адбываў пакаранне на Салаўках. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілёў, дзе ў лістападзе 1930 г. быў арыштаваны зноў. Яго змаглі вызваліць у 1933 г. у межах абмену палітычнымі закладнікамі паміж СССР і Латвіяй.
Наступныя дзесяць гадоў біскуп жыў і працаваў у Латвіі, а ў 1944 г. эміграваў у Бельгію. У 1952 г. быў прызначаны таксама і Апостальскім візітатарам для беларусаў, якія пражывалі ў замежжы (у Заходняй Еўропе). Ёсць звесткі, што біскуп добра валодаў беларускай мовай. Здымак, на якім адлюстраваны біскуп Слосканс і пінскія езуіты, датуецца 1934 годам, то бок зроблены літаральна праз год пасля вызвалення біскупа з лагераў.
Вельмі цікавым з’яўляецца і фотаздымак святароў на ўрачыстасці св. Андрэя Баболі ў Полацку. Адбылася яна, як і сведчыць надпіс на здымку, першы раз пасля доўгага перапынку 23 мая 1908 г. Культ св. Андрэя Баболі быў вельмі пашыраны ў Беларусі, аднак у Расійскай імперыі не надта прыхільна ставіліся да традыцыі шанавання святога, які быў вядомы перадусім сваёй місійнай дзейнасцю, у тым ліку сярод праваслаўных, за што яго называлі Апосталам Палесся. Загінуў мучаніцкай смерцю: забіты казакамі падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага ў 1657 г. у Янаве (на Палессі). Аднавіць традыцыю шанавання святога дазволіў т.зв. “указ аб верацярпімасці” 1905 г.

Група святароў, якія былі на адпусце св. Андрэя Баболі ў Полацку 23 мая 1908 г. Адбыўся ўрачысты адпуст упершыню пасля шматгадовага перапынку. Адзін з прысутных – а. Урбан SJ, які прамовіў казанне.
З 1908 г. фэсты ў дзень памяці св. Андрэя Баболі аднавіліся, аднак працягваліся нядоўга. У сувязі са зменай улады ўжо ў 1922 г. мошчы былі забраныя з полацкага касцёла савецкімі ўладамі па заяве “группы красноармейцев караульного батальона”. У 1923 г. два езуіты, прадстаўнікі папскай камісіі, змаглі вывезці рэліквіі з Савецкага Саюза ў Рым, а пасля – у Варшаву, дзе яны і знаходзяцца да сённяшнага дня. На згаданай урачыстасці 23 мая 1908 г. казанне прамаўляў езуіт кс. Ян Урбан (1874-1940) –гісторык касцёла, вядомы ўніяцкі і экуменічны дзеяч.
Індывідыальныя фотаздымкі. Да іх належаць, напрыклад, здымкі адзінага езуіта, які працаваў у БССР (у в. Краснае, в. Солы) пасля вайны – а. Юзафа Марсангера.
Несумненную цікавасць уяўляе і фотаздымак, на якім адлюстраваны езуіт а. Фелікс Вярцінскі, каторага часам называюць сузаснавальнікам Кангрэгацыі місіянерак святой Сям’і. Айцец Фелікс Вярцінскі (1858-1940) – езуіт, вельмі таленавіты, ведаў 12 моў, добра ведаў гісторыю і традыцыю езуітаў у Беларусі. У 1903-1011 гг. працаваў у розных частках Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі тады і беларускія землі. Менавіта ён у 1905 г. прыехаў у Магілёў да супольнасці сясцёр-місіянерак, якая толькі фарміравалася, і правёў рэкалекцыі для Б. Лямэнт, Л. Гурчынскай і Л. Чэхоўскай. Менавіта кс. Вярцінскаму апавядалі пра свае планы Б. Лямэнт і будучыя сёстры. Вынікам рэкалекцый стала ідэя кс. Вярцінскага пра стварэнне тайнай кангрэгацыі. Ён як апостальскі місіянер меў права такую кангрэгацыю заснаваць.
Пасля рэкалекцый айцец яшчэ на некаторы час затрымаўся ў Магілёве, і разам з Баляславай Лямэнт распрацаваў праект канстытуцыі, абапіраючыся на канстытуцыі ордэна езуітаў. Разам была абраная і назва для новай супольнасці – “Таварыства св. Сям’і” (у 1923 г. змененая на “Місіянеркі св. Сям’і”). Калі постаць Баляславы Лямэнт добра вядомая, то кс. Вярцінскі часта застаецца ў цені. Фотаздымкі гэтага святара – добрая нагода ўзгадаць і яго дзейнасць у справе заснавання адной з кангрэгацый.
Душпастырства. Гэтая група фотаздымкаў цесна звязаная з папярэдняй, з патрэтамі (у т.л. калектыўнымі). Тут у асноўным адлюстраваная дзейнасць руху Эўхарыстычнай Круцыяты. Рух Эўхарыстычнай Круцыяты быў заснаваны ў 1914 г. езуітам а. Бесье, а зацверджаны Папам Рымскім Бэнэдыктам XV у 1921 г. У 1932 г. Папа Рымскі Пій ХІ надаў яму статус галоўнай арганізацыі Апостальства Малітвы. Пасля гэтага рух пачаў хутка распаўсюджвацца як колькасна, так і тэрытарыяльна. У Польшчы (і на заходнебеларускіх землях, якія ў 1921-1939гг. уваходзілі ў яе склад) арганізацыя распаўсюдзілася дзякуючы намаганням Уршулі Ледухоўскай і сясцёр-уршулянак, якія пры сваіх кляштарах пачалі арганізоўваць гэтая таварыствы. У 1927 г. дырэктарам руху ў Польшчы быў прызначаны езуіт а. Юзаф Бок. Гэтым тлумачыцца наяўнасць вялікай колькасці фотаздымкаў удзельнікаў руху Эўхарыстычнай Круцыяты ў архіве езуітаў. У тым ліку гэта і суполкі на беларускіх землях – Ілья, Альберцін, Шчучын, Друя і іншыя мясцовасці.
Езуіты ўсходняга абраду. Альберцін. Вельмі важны блок фотаздымкаў, які адлюстроўвае адну з найбольш цікавых з’яў у міжваеннай канфесійнай гісторыі Беларусі, – адраджэнне ідэй уніі і ролі ў гэтым працэсе ордэна езуітаў. На здымках гэтай групы прадстаўляленыя як агульны від калегіума ў Альберціне, так і яго жыхары.
Архітэктура. Такіх фотаздымкаў дастаткова шмат. Гэтым разам было вырашана не акцэнтаваць увагу на дадзенай групе, а апублікаваць тыя, якія паказваюць страчаныя помнікі і традыцыі. Публікуюцца таксама фотаздымкі адроджаных традыцый, як, напрыклад, працэсіі ў мядзельскай Кальварыі.
- Разліў у Пінску. У архіве падпісана: “Пінск, сапраўднае мора. 8.4.1934”
- Фізічны кабінет Пінскага калегіума, 1934 г.
- Пінск. Працэсія ў гонар Божага сэрца. 10.6.1934.
- Полацк. Царква за Дзвіной.
- Полацк. Царква за Дзвіной.
- Давыд-Гарадок. Выпускнікі на плябаніі з а. Дубаем, 1934 г.
- Біскуп Слосканс з візітам у пінскіх езуітаў, 1934 г.
- Прагулка ў Парахонск каля Пінска.
- Ілья. Эўхарыстычная Круцыята.
- Айцец Юзаф Марсангер.
- Айцец Юзаф Марсангер з бацькам ля старой плябаніі ў Красным (60-я гг. ХХ ст.).
- Айцец Юзаф Марсангер у канфесіянале ў касцёле ў Красным (60-я гг. ХХ ст.).
- Айцец Юзаф Марсангер адпраўляе Імшу ў касцёле ў Красным (22.08.1949).
- Сакрамант шлюбу ў касцёле ў Красным. (50-я гг.(?) ХХ ст.).
- Панарама Пінска, 30-я гг. ХХ ст. У архіве падпісана “Пінск – панарама з Венецыі”.
- Пінск. Шлюзы на канале Агінскага.
- Полацк. Базар (без даты).
- Друя. Эўхарыстычная Круцыята ў гімназіі ксяндзоў-марыянаў. Фотаздымак у дзень прыняцця да Круцыяты.
- Ракаў. Секцыя міністрантаў Эўхарыстычнай Круцыяты.
- Па атрыбуцыі архіва: “Магілёў-фара – паезуіцкі касцёл”.
- Шчучын. Кола міністрантаў кс. Бэрбэка.
- Мядзел. Касцёл кармелітаў босых.
- Працэсія ў мядзельскай Кальварыі.
- Касцёл і кляштар кармелітаў босых у Мядзеле.
- Па атрыбуцыі архіва: алтар у Аршанскім касцёле.
- Баранавічы. Эўхарыстычная Круцыята ў школе.
- Альберцін. Эўхарыстычная Круцыята.
- Альберцін. Эўхарыстычная Круцыята.
- Нясвіж. Эўхарыстычная Круцыята.
- Шчучын. Эўхарыстычная Круцыята. 1 секцыя кс. Бэрбэка.
- Нясвіж. Кляштар бэнэдыктынак (без даты).
- Дзіцячы садок сясцёр-місіянерак св. Сям’і ў Пінску. Наведвае кс. біскуп К. Букраба.
- Прафесійная школа сясцёр-місіянерак св. Сям’і ў Пружанах (30-я гг. ХХ ст.).
- Царква на Палессі (30-я гг. ХХ ст.).
- Група святароў, якія былі на адпусце св. Андрэя Баболі ў Полацку 23 мая 1908 г. Адбыўся ўрачысты адпуст упершыню пасля шматгадовага перапынку. Адзін з прысутных – а. Урбан SJ, які прамовіў казанне.
- Баранавічы. Фотаздымак падпісаны ў архіве наступным чынам: ”Эўхарыстычная Круцыята пры агульнаадукацыйнай школе ім. Т. Касцюшкі займаецца зімовымі відамі спорту, дбаючы не толькі пра выхаванне духа, але і цела. 18.03.1938 г.”
- Альберцін. Калегіум езуітаў усходняга абраду. 1937 г.
- Па атрыбуцыі архіва — езуіт у візантыйскай літургічнай вопратцы. Па меркаванні а. А. Крата — гэта біскуп, на што паказвае панагія на шыі, і жэзл у руках. Знешне падобны да рэдэмптарыста а. Мікалая Чарнецкага
- Альберцін.
- Езуіты ўсходняга абраду з клерыкамі. 04.03.1929.
- Айцец Фелікс Вярцінскі, якога часам называюць сузаснавальнікам Кангрэгацыі місіянерак св. Сям’і.
- Альберцін. Міністранты пры новым касцёле езуітаў і кс. Антоні Гжыбоўскі. 8.12.1937.
Падрыхтавала Раіса Зянюк