Бацькі і дзеці. Пра дзяцей у касцёле, рэлігійнае выхаванне і кірунак на Пана Бога

Хутка скончыцца пандэмія, святыні напоўняцца вернікамі і пытанне прысутнасці дзяцей у касцёле зноў стане актуальным. З якога ўзросту трэба прыводзіць дзіця на святую Імшу? Што рабіць, калі малое перашкаджае супольнасці на літургіі? А ці грэх гэта – увогуле не браць дзяцей у касцёл, пакуль яны не дасягнулі ўзросту свядомага ўдзелу ў Імшы?

Калі я сустракаю ў каталіцкай прэсе артыкулы па названых пытаннях, заўсёды прачытваю. Пісаў на гэту тэму і “Каталіцкі Веснік” (“Дзеці ў касцёле”, № 2, 2020 г.). Коратка перакажу парады кс. Станіслава Мжыглуда, бо ў сваім артыкуле буду да іх звяртацца. Шмат святароў і свецкіх людзей наракаюць, што дрэнныя паводзіны дзяцей у касцёле перашкаджаюць ім удзельнічаць у літургіі. Калі бацькі не ў стане хутка супакоіць дзіця, ім даводзіцца выходзіць з касцёла. У святыню зноў вяртаецца спакой, але бацькі ўжо не могуць удзельнічаць у святой Імшы. Дзіця вучыцца эмацыянальнаму шантажу: яно разумее, што стуканнем нагамі і крыкам можа дабіцца свайго. І калі бацькі ў такіх выпадках будуць пастаянна выводзіць дзіця з касцёла (дзе яму нудна і нічога незразумела), то, напэўна, зробяць памылку ў рэлігійным выхаванні.

Нельга дазваляць дзіцяці есці ў касцёле, не трэба браць на Імшу цацкі. Ад пачатку вельмі важна вучыць малых уважлівасці, магчымасці сканцэнтравацца на адной рэчы на працяглы час. Гэтая здольнасць будзе пазней патрэбная малому ў школе, дзе трэба быць уважлівым увесь урок, а гадзіна ўрока – гэта прыкладна той час, як і на літургіі.

Вось з гэтага моманту і хачу пачаць сваё разважанне. Магчыма, я памыляюся. Тады буду ўдзячная, калі хтосьці пераканае мяне ў адваротным. Бо нішто так не спрашчае жыццё, як цвёрдае перакананне ў правільнасці выбранага кірунку.

Спачатку акрэслім дзіцячы ўзрост, пра які пойдзе размова. І ксёндз Станіслаў, як можна зразумець з яго артыкула, і я маем на ўвазе дзяцей дашкольнага ўзросту – да сямі гадоў. Ведаеце, колькі ідуць заняткі з дзецьмі сярэдняй групы дзіцячага садка? 25 хвілін. Псіхолагі, педагогі і выхавальнікі зразумелі, што гэта максімум, які можа выдаць дзіця 4-5 гадоў. Пры гэтым выхавальнік шукае падыход да дзіцяці, тлумачыць яму заданні на даступнай мове, дазваляе ўставаць з месца, пытацца пра незразумелае, нават гімнастыка для пальчыкаў прадугледжана. Ці можам мы дазволіць рабіць усё гэта падчас Імшы? Ці не занадта шмат мы патрабуем ад сваіх дзяцей, калі просім (або прымушаем) іх ціха сядзець на незразумелым для іх мерапрыемстве сярод чужых людзей? А ў якім узросце, шаноўныя бацькі, мы з вамі самі зразумелі, што сапраўды адбываецца на cвятой Імшы?

Усе нашы дзеці, незалежна ад таго, наведвалі яны дзіцячы садок ці не, ва ўзросце 6-7 гадоў ідуць у школу. І гэта вельмі важная падзея для іх. У школе яны правядуць адзінаццаць гадоў жыцця, атрымаюць неабходныя веды, навучацца супрацоўнічаць з калектывам, сябраваць, быць адказнымі і самастойнымі. Нам, бацькам, так хочацца, каб дзеці пайшлі ў школу падрыхтаванымі і каб першыя дні ў новых абставінах не выклікалі ў іх страху. Але ж мы не пачынаем прыводзіць іх на заняткі з першых месяцаў жыцця, каб спрасціць ім адаптацыю і навучыць вытрымцы. Не! Толькі ва ўзросце шасці гадоў! І нагадаю, што ўрокі ў першакласнікаў – па 35 хвілін з займальнымі перапыначкамі (фізкультхвілінкамі, гімнастыкай для пальчыкаў, практыкаваннямі для зроку) у сярэдзіне ўрока.

Я вяду да таго, што нельга патрабаваць ад дзіцяці немагчымага. Жвавы чатырохгадовы хлопчык і дапытлівая трохгадовая дзяўчынка – гэта не той кантынгент, для якога пабудавана літургія. Пан Бог чакае дзяцей, Ён хоча іх бачыць, хоча, каб яны развіваліся ў любові і спагадзе, каб пазнавалі Яго, але ж, напэўна, у Яго хопіць цярпення дачакацца, пакуль Яго будучыя вучні дарастуць да свядомага ўзросту.

А зараз хачу паглядзець на справу з іншага боку – з боку маці, якая ўдзельнічае ў св. Імшы разам са сваімі малымі дзецьмі. З уласнага вопыту ведаю, што нават адно дзіця да 4-5 гадоў вельмі перашкаджае маці падчас літургіі. А калі прывесці двух, трох або чатырох дзяцей? Аднаму трэба адказаць на ўсе пытанні, другі хоча то піць, то есці, трэці пастаянна цікавіцца, колькі хвілін засталося да канца, а самы маленькі ўвогуле ні пра што не пытаецца і нічога не чакае: пачынае гучна плакаць, пакуль не выйдзеш з ім на двор. Маці, якая дома аддае ўвесь свой час дзецям, і тут не можа спакойна маліцца, спяваць з іншымі вернікамі, слухаць казанне. Дзецям малодшага ўзросту на публічных мерапрыемствах неабходны выхавальнік, які будзе дапамагаць ва ўсіх патрэбах. І маці ў касцёле з’яўляецца такім выхавальнікам, а ёй добра было б пабыць звычайнай верніцай. Бо нядзельная святая Імша, калі прыводзіш на яе маленькіх дзяцей, становіцца толькі гадзінай часу, які неабходна адбыць, нягледзячы ні на што.

Сваім артыкулам я не хачу сказаць, што гэта дрэнна –  прыводзіць малых дзяцей на Імшу. Ні ў якім разе! Мне самой чужыя дзеці не перашкаджаюць у касцёле. Мяне настолькі загартавалі мае пяцёра дзяцей, што ні гучныя размовы, ні плач, ні беганне па святыні дзяцей, за якіх я не нясу непасрэднай адказнасці, не могуць перашкодзіць мне ў перажыванні літургіі. Але тое, што я разумею сітуацыю і спачуваю бацькам (і асабліва дзецям, якія вымушаны цярпець чужых людзей і незразумелыя абставіны, яны нават уявіць не могуць, які цуд вось-вось адбудзецца, – асабліва дзецям спачуваю!), зусім не значыць, што такая сітуацыя павінна мець месца ў касцёле. Я згодная з ксяндзом Станіславам, што есці ў касцёле – дрэнна, гуляць у цацкі – дрэнна, але не ведаю спосабу, як прымусіць дзіця адбыць хаця б 45 хвілін самай кароткай Імшы.

Прыгадаю тут выпадак, сведкай якога стала аднойчы на рэкалекцыях. Касцёл невялікі, шмат пажылых вернікаў. На Імшу прыйшла мама з двухгадовым хлопчыкам. Спачатку хлопчык трымаўся і ціха сядзеў. Але ж калі пачалося казанне, цярплівасць малога скончылася і ён пачаў хадзіць па касцёле. Затым пачаў адчыняць і зачыняць дзверы. Людзі сталі адварочвацца. Святар таксама заўважыў паводзіны малога і сказаў, каб мама не хвалявалася, бо яму хлопчык не перашкаджае. Шаноўныя мамы! Святары – вельмі выхаваныя асобы, яны не могуць папрасіць нас выйсці з касцёла. Але ж мы самі можам здагадацца пра гэта! Бо тая мама, калі атрымала “дазвол” ад святара, працягвала хадзіць па касцёле за сваім хлопчыкам, які грукаў, бегаў, выкрыкваў нешта. А святар столькі сур’ёзных рэчаў збіраўся расказаць у той дзень…

А зараз крыху слоў у абарону бацькоў. У артыкуле кс. Станіслава прагучала думка аб прыхоўванні частых памылак бацькоў у рэлігійным выхаванні і меркаванне, што “ў нядобрых паводзінах дзіцяці ў касцёле вінаватыя ў большай ступені самі бацькі”. Так, вінаватыя. Але вінаватыя ў тым, што прыводзяць дзяцей не ў тое месца не ў тым узросце. А наконт рэлігійнага выхавання хачу выказацца так: каб рэлігійна выхаваць дзяцей, бацькам самім трэба быць у гэтым сэнсе добра выхаванымі. І справа не ў ціхім сядзенні на Імшы, а ў рэлігійнай свядомасці, рэлігійнай адукаванасці і добрым разуменні таго, што і для чаго адбываецца падчас літургіі. Ці шмат бацькоў майго ўзросту могуць пахваліцца гэтым? А ці спрыяе паглыбленню рэлігійных ведаў шматгадовае наведванне касцёла разам з дзецьмі і ўдзел у Імшы з казаннем для дзяцей?

Я не ведаю, добра ці дрэнна выхоўваю сваіх дзяцей (гэта з якога боку паглядзець і чыімі вачыма). Шмат разоў я трапляла з імі ў непрыемныя сітуацыі, неаднаразова мне было сорамна за іх паводзіны і за свае. Але ўсё залежыць ад высноў, якія мы разам робім пасля недарэчнай сітуацыі. Галоўнае – рухацца наперад. У пазнанні Бога, у знаёмстве з жыццём, у валоданні сабой, у барацьбе з цяжкасцямі і выпрабаваннямі. Рабіць высновы, давяраць Богу – і наперад. Нельга казаць пра дрэннае выхаванне двух- або трохгадовых дзяцей, бо выхаванне – доўгі, непрадказальны і шматгранны працэс.

Калі прааналізаваць рэлігійную “спадчыну”, якую перадалі мне маці з бабуляй, то, акрамя базавых ведаў пра Бога, знойдуцца ў ёй і непатрэбныя на Імшы жэсты, і неактуальныя ўжо формы культу, нават рэлігійныя забабоны. Але ж галоўнае, што патрэбна было зрабіць бацькам, мае бацькі зрабілі дасканала. Па-першае, яны своечасова паведамілі мне, што Бог ёсць, Ён быў і будзе, незалежна ад таго, што кажуць іншыя. А па-другое, бацькі дазволілі мне верыць таму, што кажуць у касцёле, дазволілі святарам і сёстрам кіраваць маім рэлігійным выхаваннем і ніколі не бралі пад сумнеў сцвярджэнні, якія я прыносіла з касцёла. І сапраўды, многае з таго, што не змаглі перадаць мне бацькі (яны па зразумелых прычынах не атрымалі выхавання з боку Касцёла), я пачула ад святароў, прачытала ў каталіцкай прэсе, рэлігійных выданнях, знайшла ў Бібліі. І чым больш пазнаю Касцёл і Бога, тым больш разумею, як шмат прабелаў у маіх ведах.

Напрыканцы артыкула хацела б падкрэсліць, што сваімі словамі я не змагаюся супраць малых дзяцей у касцёле, супраць наведванняў нядзельнай Імшы цэлымі сем’ямі з некалькімі малымі дзецьмі. Выступаць супраць не ў маіх правілах. Але я дакладна ведаю, за што змагаюся на старонках выдання, якое вы зараз чытаеце. За міласэрнасць да дзяцей і выхаванне з улікам узросту. За любоў да супольнасці і павагу да святароў і вернікаў, якія ўдзельнічаюць у Імшы. За права маці (і асабліва шматдзетнай маці) на поўны і індывідуальны ўдзел у святой Імшы. За пастаянны духоўны рост і рэлігійную свядомасць. За здаровае рэлігійнае выхаванне і перадачу дзецям кірунку на Бога, а не толькі набору жэстаў, укленчванняў і правілаў паводзін.

Мае дочкі здымаюць відэа для папулярнай сацсеткі. Мне спадабаўся адзін трэнд (гукавая дарожка), які яны бралі за аснову: “Усе шукаюць сваю другую палову, а мне пашанцавала – я нарадзілася цалкам!” І мне пашанцавала. Я таксама нарадзілася цалкам. Усё астатняе – толькі заданне…

Аксана Нядвецкая

для друку для друку