[1]Пасля шасцігадовага маўчання на вялікія экраны вяртаецца класік амерыканскага незалежнага кіно Джым Джармуш. Яго новая праца – кінаальманах з трох навэл “Бацька маці сястра брат” (Father Mother Sister Brother, 2025) – была адзначаная галоўным прызам Венецыянскага кінафестывалю, чым прывабіла да сябе не толькі заканамерную ўвагу знаўцаў, але і вялікую цікавасць шырокай публікі. І хоць гэта не самая значная карціна ў багатай фільмаграфіі майстра, яна можа стаць добрым пачаткам для знаёмства са слынным амерыканскім эстэтам, інтэлектуалам і паэтам звычайнай штодзённасці.
Аўтамабіль няспешна прасоўваецца па заснежанай сельскай мясцовасці недзе ў амерыканскай глыбінцы. Мужчына за рулём і жанчына на пасажырскім сядзенні абменьваюцца рэдкімі няёмкімі фразамі. Праз драбніцы з іх абрывістай размовы праступае карціна: брат і сястра едуць адведаць пажылога бацьку, які жыве самотнікам. Робяць яны гэта рэдка ды і самі не тое, каб надта блізкія. Сястра гаворыць, што не ўяўляе, як іх беспрацоўны бацька выжывае, але брат прызнаецца, што не раз дапамагаў тату грашыма. Брат з сястрой заўважна нервуюцца, размова не клеіцца, а за акном мільгаюць то зацененыя, то залітыя сонцам заснежаныя пейзажы.
Ужо з першых сцэн фільма пачынае ўгадвацца аўтарскі стыль рэжысёра. Доўгія, па-мастацку выбудаваныя кадры змяняюцца дыялогамі з кароткіх абрывістых фраз, гісторыя і характары раскрываюцца паступова, праз дробныя дэталі і ледзь прыкметныя нюансы. І часам аўтар, быццам не ў стане супрацьстаяць спакусе, адцягвае ўвагу гледача на від за акном ці прыгожую мізансцэну. Эстэтыка фільма шмат у чым адсылае да ранейшых карцін аўтара. Віды з акна аўтамабіля нагадваюць “Зламаныя кветкі”, паэзія штодзённасці пераклікаецца з “Патэрсанам”, а характэрныя ракурсы зверху на стол з напоямі – а таксама і сама форма кінаальманаха – навяваюць асацыяцыі з “Кавай і цыгарэтамі”.
Нечым адносна новым для рэжысёра становіцца тэма сямейных зносін. Бацькі і дарослыя дзеці ў яго гісторыях адчуваюць патрэбу падтрымліваць сувязь – як даніну павагі, як традыцыю, але іх сустрэчы вымучаныя і нягеглыя. Пакой раз-пораз запаўняе цішыня, якую перарываюць нязначныя рэплікі і размовы ні пра што. Героі знаходзяцца ў пакутлівым чаканні канца адведзінаў, гэта ўжо розныя, нічым не звязаныя людзі, і тым не менш, праз сцяну няёмкасці і адчужанасці раз-пораз прабіваецца ледзь заўважны прамень пяшчоты, настальгіі па блізкасці і бацькоўскім доме.
Асабліва ярка кантраст характараў паказаны ў другой навэле, дзе дзве сястры прыязджаюць на традыцыйнае штогадовае чаяванне да сваёй маці. Сёстры – літаральна супрацьлегласці: адна – паказальна правільная і стрыманая, а другая – як распешчаны падлетак. За сталом абедзве змагаюцца за ўвагу і адабрэнне маці, але гэта ўжо не тое шчырае змаганне, якое, пэўна, было ў іх дзяцінстве, але змаганне фармальнае, па інерцыі. Маці ж трымаецца падкрэслена холадна і неэмацыйна. Ярка ілюструе іх адносіны маўклівая сцэна чакання таксі ў канцы сустрэчы.
У адрозненні ад многіх іншых аўтараў Джармуш не бярэцца асуджаць сваіх герояў. Ён не дае адказаў, не выносіць суджэнняў, а толькі падводзіць да пытанняў. Што робіць людзей роднымі? Сумесныя ўспаміны, агульная кроў, а можа, густы ў адзенні? Пры сустрэчы бацькі і дзеці выяўляюць, што выпадкова апрануліся ў тон адно аднаму – і гэта становіцца сімвалам роднаснасці паміж адчужанай раднёй, сімвалам прагі блізкасці. Але адначасова гэта і жарт, і своеасаблівая рыфма ў паэзіі штодзённасці. Карціна багатая на такія простыя і ў той жа час забаўныя паўтаральныя матывы, якія не толькі змацоўваюць эпізоды адной гісторыі, але і яднаюць розныя кінанавэлы ў адно цэльнае палатно.
Своеасаблівым выйсцем за межы няёмкасці і адчужанасці служыць трэцяя навэла, у якой двайняты сустракаюцца пасля пахавання бацькоў. Яны ездзяць па Парыжы, п’юць каву, разважаюць пра крохкасць чалавечага жыцця і важнасць кожнага імгнення. Фінальная гісторыя становіцца кранальным падагульненнем усяго фільма. Брат і сястра, якія таксама, напэўна, мелі нямала непаразуменняў з бацькамі, аддаюцца настальгіі і рэфлексіі. Усё тое, што магло быць цяжкім і няёмкім у свой час, цяпер бачыцца ў новым святле.
Вярнуўшыся ў кватэру, дзе яны правялі сваё дзяцінства, двайняты сядаюць на падлогу і разглядаюць бацькоўскія фотаздымкі і іншыя памятныя рэчы.
З’яднаныя навэлы і скразным вобразам скейтбардыстаў. У кожнай з гісторый яны раптам з’яўляюцца пасярод вуліцы і ў запаволеных кадрах лятуць свабодныя насустрач невядомасці. Насустрач даросласці і непаразуменням, няёмкасці і адчужанасці, насустрач настальгіі па сабе свабодных.
Стах Лысы