[1]2 жніўня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Да парафіяльнага фэсту былі прымеркаваныя дзве падзеі: асвячэнне абраза Святой Тройцы і адкрыццё мастацка-літаратурнага пленэру.
На ўрачыстасць сабраліся шматлікія парафіяне і госці свята, сярод якіх мастакі і літаратары — удзельнікі пленэру, які ў гэтым годзе праходзіць пад назвай «Друя — месца спаткання гісторыі і мастацтва».
На пачатку святой Імшы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч, які адзначыў, што на працягу вякоў у мурах старажытнага друйскага касцёла аддаецца пашана Найсвяцейшай Панне Марыі — Маці Божай Анёльскай. «Сёння мы збіраемся разам, каб скласці пашану Пану Богу праз Маці Найсвяцейшую. Дзякуем Багародзіцы за Яе падтрымку, апеку і дапамогу. У гэты дзень, адкрываючы пленэр мастакоў і літэратараў, хочам распачаць яго малітвай, каб праз творчую натхнёнасць і прыгажосць кіравацца да Пана Бога».
Тэму пашаны да Маці Божай Анёльскай працягнуў біскуп Алег Буткевіч, які падкрэсліў, што сярод разнастайных вялікіх тытулаў, якімі хрысціянская традыцыя называе Панну Марыю, ёсць таксама тытул Каралева Анёлаў. Ён паказвае нам, што Маці Божая валадарыць таксама і над духоўным светам, які стварыў Бог. Гісторыя сённяшняга свята вяртае нас да асобы святога Францішка Асізскага, 800-годдзе з дня смерці якога ў гэтым годзе ўзгадвае Касцёл.
Ардынарый нагадаў прысутным гісторыю свята Маці Божай Анёльскай, якое бярэ пачатак у ХІІІ стагоддзі, і звязана з асобай святога Францішка і маленькай капліцай Парцюнкула, размешчанай у ваколіцах Асізі. Паводле традыцыі, аднойчы Францішак убачыў у капліцы Пана Езуса і Марыю ў атачэнні анёлаў. Падчас візіі, адказваючы на просьбу святога Францішка, Хрыстус паабяцаў поўны адпуст для ўсіх, хто пасля споведзі і прыняцця святой Камуніі наведае гэтую капліцу. Праз пэўны час гэту прывілею зацвердзіў Папа Ганорый ІІІ. З таго часу культ Маці Божай Анёльскай паступова пашыраўся.
«Праз заступніцтва Багародзіцы просім сёння натхнення для мастакоў і літаратараў, каб іх творчая праца падчас пленэру стала праслаўленнем Бога і садзейнічала духоўнаму ўзрастанню кожнага чалавека, які стане гледачом і слухачом гэтай творчасці» — адзначыў іерарх.
Напрыканцы святой Імшы біскуп Алег асвяціў абраз Святой Тройцы, аўтарам якога з’яўляецца вядомы беларускі мастак Уладзімір Кандрусевіч. Майстра займаецца станковым і манументальным жывапісам. З’яўляецца аўтарам шэрагу манументальных прац у касцёлах Віцебшчыны, сярод якіх роспіс святынь у Чашніках і Віцебску, фрэскі ў Ахрэмаўцах, Дзеркаўшчыне, Полацку, Расонах, вітражы ў Мёрах і касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску.
Чарговая праца мастака — абраз Святой Тройцы — упрыгожыць друйскі касцёл. Дарэчы, храм за апошнія некалькі гадоў папоўніўся значнай колькасцю новых абразоў, якія з’яўляюцца вынікам творчай працы ўдзельнікаў пленэру.
Пасля святой Імшы адбылася яшчэ адна значная і прыемная падзея. Біскуп Алег, з удзячнасцю за прыклад хрысціянскага жыцця і вернасці дадзенаму перад Богам слову, склаў віншаванні з нагоды юбілею 50-годдзя сужэнскага жыцця Віктару і Вользе Адамовіч — бацькам ксяндза Вячаслава, якія прысутнічалі на ўрачыстасці.
Жадаючы сужэнцам шматлікіх Божых ласкаў, вытрываласці, апекі Багародзіцы і заступніцтва Нябесных апекуноў, ардынарый падкрэсліў, што залатыя юбіляры даюць усім нам прыклад таго, што, нягледзячы на ўсе слабасці і недасканаласці, з Божай дапамогай магчыма пражыць доўгія гады разам і цешыцца плёнам сужэнскага жыцця.
Пасля Эўхарыстыі свята прадоўжылася ў мурах былога кляштара, дзе на першым паверсе была наладжана выстава прац 16 мастакоў, якія ў гэтым годзе прымаюць удзел у пленэры. Сярод іх як вядомыя імёны, так і пачынаючыя аўтары. Упершыню на пленэры прысутнічаюць таксама работы мастака Уладзіміра Кандрусевіча.
На вернісажы кожны жадаючы змог пазнаёміцца не толькі з мастацкімі працамі, але таксама і з іх аўтарамі. Была магчымасць абмеркаваць творчыя дасягненні і планы, перспектывы развіцця мастацтва і яго сувязі з Касцёлам.
Госцем выставы стаў таксама настаяцель мясцовай праваслаўнай царквы айцец Ігар.
Мастацка-літаратурны пленэр толькі распачаў сваю працу. На працягу ўсяго наступнага тыдня ў друйскім касцёле будуць праходзіць разнастайныя літаратурныя імпрэзы, а праца мастакоў завершыцца чарговым вернісажам.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by [11]














