- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: “Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?”– у Будславе, нягледзячы на пандэмію, прайшлі чарговыя ўрачыстасці

[1]Сёлетні фэст адрозніваўся ад усіх папярэдніх тым, што праходзіў падчас пандэміі, таму ён не быў такім шматлюдным. Тым не менш, каб аддаць пашану Божай Маці і памаліцца ў яе санктуарыі, у Будслаў сабраліся больш за тысячу вернікаў.

Урачыстасці распачаліся ўвечары 1 ліпеня святой Імшой а 18 гадзіне, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На богаслужэнні, якое прайшло на палявым алтары, прысутнічала больш за тры сотні вернікаў.

Ранішнюю св. Імшу а 9-й гадзіне цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а галоўную Імшу а 12-й гадзіне – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На гэтай святой Імшы прысутнічала больш за тысячу вернікаў.

Хоць у гэтым годзе ў Будслаў не было арганізаваных пілігрымак, Касцёл не забараняў вернікам праводзіць індывідуальныя.

[2]

Таму былі вернікі, якія самастойна прыйшлі ў Будслаў пешшу, або прыехалі на роварах ці матацыклах. Сярод такіх вернікаў быў і жыхар Глыбокага Генадзь Бервячонак, які прайшоў больш за 230 км з Росіцы ў Будслаў за 8 дзён.

Ён кажа, што ўсе гэтыя дні былі напоўненыя малітвамі за Беларусь. «Я ішоў з адной галоўнай інтэнцыяй – навучыцца давяраць Богу», – кажа спадар Генадзь.

[3]

А пробашч Чырвонага касцёла з Мінску, кс. Уладзіслаў Завальнюк да Будслава прыехаў на монаколе, яго шлях склаў каля ста трыццаці кіламетраў і заняў тры дні. І гэта нягледзячы на сямідзесяцігадовы ўзрост! На гэтым шляху былі розныя цяжкасці: вецер, сонца, дождж, але ўражанне ад такой незвычайнай вандроўкі вельмі станоўчае. Ён плануе ў наступным годзе заахвоціць некалькі моладзь і разам адправіцца на монаколах у Будслаў.

«Гэта ставіцца ў ахвяру на хвалу Багародзіцы, малітва за наш край, за будучыню, каб людзі думалі не толькі пра штодзённы хлеб, але як кажа Хрыстос: «Не адзіным хлебам жыве чалавек». Трэба, каб нас натхняла вера, якую мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў», — адзначыў святар.

[4]

У сваім слове да вернікаў, з якім арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся падчас святой Імшы, ён адзначыў, што разам з цяжкасцямі і выпрабаваннямі, якія прынесла нам гэта страшная пандэмія, яна адначасова паказала нам, што новы свет трэба будаваць на нязменных духоўных прынцыпах. Асабліва гэта тычацца нашай краіны.

Іерарх нагадаў словы Евангелля, у якіх распавядаецца, як Езус супакойвае мора, што разбушавалася. І прывёў аналогію з Беларуссю:»Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары прэзідэнта, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі сіламі… Бог кліча нас да гэтай місіі, і мы павінны яе выканаць. Бо, калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?»

Пасля святой Імшы адбылася працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, фігурай нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла і абразом святой Барбары, якім біскупы на заканчэнне благаславілі з Нацыянальнага санктуарыя ўсю Беларусь.

[5]

А завяршыліся будслаўскія ўрачыстасці вячэрняй Імшой, якая распачалася а 18-й гадзіне 2 ліпеня. Цэлебраваў яе Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён выказаў шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі сёлетняга свята. У першую чаргу гэта пробашч парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, вікарый кс. Аўгуст Калясінскі, сястра назарэтанка Таццяна Стасюкевіч. Ну і, вядома, усе вернікі парафіі ў Будславе.

Зміцер Лупач, тэкст;
Леанід Юрык, фота