[1]23 красавіка Каталіцкі Касцёл успамінае мучаніка святога Юрыя, рымскага воіна. Выява гэтага святога, які паражае цмока, — адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры.
У в. Барсукі (Докшыцкі дэканат) капліца носіць тытул святога Юрыя, і мясцовага пробашча таксама завуць кс. Юрый Бараўнёў. З гэтай нагоды ў маленькую вёсачку завітаў ганаровы госць арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім маліўся яшчэ адзін святар — куратар першага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Павел Эйсмант.
Арцыбіскуп Тадэвуш ахвяраваў св. Імшу ў інтэнцыі жыхароў парафіі, каб заступніцтва святога Юрыя дапамагала бараніць і жыць паводле хрысціянскай веры.
Падчас гаміліі іерарх распавёў пра жыццё святога. Арцыбіскуп Тадэвуш заклікаў быць жывымі сведкамі хрысціянства ў нашых сем’ях, на працы, каб «людзі бачылі ў нас сапраўдных хрысціян, а мы сталі жывымі старонкамі Бібліі».
Жыхары в. Барсукі скіравалі словы ўдзячнасці арцыбіскупу Тадэвушу за прысутнасць на парафіяльнай урачыстасці і словы віншавання свайму пробашчу Юрыю, які ў гэты дзень адзначаў дзень імянінаў і дзень нараджэння. У сваю чаргу, ксёндз Юрый шчыра падзякаваў парафіянам, якія заўсёды дапамагаюць і падтрымліваюць святара.
Леанід Юрык