- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Не» культуры смерці. «Так» культуры жыцця

[1]Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з’яўляецца старшынёй камісіі па справах агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дае маральную ацэнку нядаўнім пастановам Еўрапарламенту, якія прызнаюць аборт «правам чалавека».

24 чэрвеня Еўрапейскі парламент прыняў супярэчнае маральным нормам рашэнне, у якім сцявярджаецца, што права на здароў’е, а асабліва права на сексуальнае і рэпрадукцыйнае здароў’е, з’яўляецца фундаментальнай апорай правоў жанчын і роўнасці палоў, якога нельга паменшыць ці адмяніць.

Гэта азначае, што аборт прызнаецца «правам чалавека».

Еўрапарламант заклікае краіны Еўрасаюзу забяспечыць паўсюдны доступ да аборту і даць гарантыю, што аборт па патрабаванні з’яўляецца легальным на раннім тэрміне цяжарнасці, а таксама і пазней, калі здароў’е цяжарнай знаходзіцца пад пагрозай. Прыняты дакумент разам з тым сцвярджае, што парушэнне здароў’я і сексуальных правоў жанчын з’яўляецца формай іх насілля. Такім чынам, адкідаецца так званая «клаўзула сумлення», калі лекар, паводле свайго сумлення і прытрымліваючыся маральных нормаў, можа адмовіцца праводзіць аборт, які з’яўляецца не чым іншым, як забойствам.

Як бачым, секулярызм у Еўропе не запавольваецца, але набірае абароты. Ідэалогія маральнага рэлятывізму пераважае над нязменнымі маральнымі нормамі і здаровым розумам. Культура жыцця, аб якой марылі айцы-заснавальнікі Еўрасаюзу, на нашых вачах перараджаецца ў культуру смерці.

Вядома, што ў Беларусі штогод здзяйсняецца каля 29 тыс. абортаў. Наша краіна перажывае глыбокі дэмаграфічны крызіс. Так, напрыклад, у мінулым годзе насельніцтва Беларусі зменшылася на 60 тыс. чалавек. Прымаўка кажа, што кепскі прыклад — заразны.

Таму нельга дапусціць у нас прынятага ў Еўрасаюзе падыходу да абортаў, які стане генацыдам нашага народа.

Заклікаю ўсіх неабыякавых да будучыні нашай Бацькаўшчыны, асабліва заканадаўцаў, да разважлівасці ў дыскусіях і прыняцці рэпрадукцыйнага заканадаўства, каб яно перадусім адпавядала Божай запаведзі «не забівай». Няхай літасцівы Бог праз заступніцтва нашай нябеснай Апякункі Маці Божай Будслаўскай, Навэнну [2] да якой мы молімся перад Будслаўскім фэстам, дапаможа нам у гэтым змаганні, каб мы жылі паводле прынцыпу: «Не» культуры смерці. «Так» культуры жыцця.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі па справах агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 чэрвеня 2021 г.

Catholic.by [3]