[1]Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэўся ў Маскве з Мітрапалітам Валакаламскім Антоніем і прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхата
25 жніўня 2026 года сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэўся ў Маскве з Мітрапалітам Валакаламскім Антоніем, старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Пра сустрэчу паведаміў сайт гэтага аддзела.
Разам з Галахерам у ёй удзельнічала дэлегацыя, у склад якой уваходзіў апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Джавані Д’Аньела. Прысутнічалі таксама дарадца Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла протаіерэй Мікалай Балашоў і намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў протаіерэй Ігар Выжанаў. Мітрапаліт Антоній прывітаў гасцей ад імя Патрыярха Кірыла.
Суразмоўцы абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў сучаснай сітуацыі ў свеце. Паводле паведамлення сайта Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, прадстаўніку Святога Пасада таксама была прадстаўлена інфармацыя пра пераслед Украінскай Праваслаўнай Царквы з боку дзяржаўных уладаў Украіны.
У завяршэнне сустрэчы яе ўдзельнікі абмяняліся памятнымі падарункамі.
У той жа дзень арцыбіскуп Пол Рычард Галахер правёў перамовы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Як паведамляе ТАСС, падчас сустрэчы бакі абмеркавалі рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, а таксама гуманітарныя аспекты вайны ва Украіне.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News