- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Арцыбіскуп Галахер: няхай Касцёл у Расіі будзе будаўніком мастоў

[1]Візіт сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў Маскву завяршыўся сустрэчай з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, а таксама цэлебрацыяй святой Імшы ў катэдры Беззаганнага Зачацця, у якой узялі ўдзел каталіцкія біскупы краіны. Падчас гаміліі арцыбіскуп Галахер адзначыў, што Евангелле заклікае нас быць міратворцамі ў штодзённым жыцці.

На сустрэчы з каталіцкім духавенствам і кансэкраванымі асобамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выказаў удзячнасць за вернасць, з якой яны выконваюць сваё душпастырскае, адукацыйнае і дабрачыннае служэнне, “часта ў няпростых умовах”, а таксама за іх адданасць справе касцёльнай еднасці і дыялогу з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі.

Сустрэча прайшла ў атмасферы глыбокай любові і ўзаемаразумення. Арцыбіскуп Галахер пачаў з таго, што перадаў шчырае прывітанне Папы Льва XIV усёй супольнасці святароў, законнікаў і законніц. Нагадаўшы пра агульнае пакліканне да святасці праз хрост, “які Другі Ватыканскі сабор рашуча паставіў у цэнтр касцёльнага жыцця”, іерарх падкрэсліў, што праз пакліканне кожнага чалавека заклік да святасці знаходзіць свой выраз у паўнаце любові, “да якой пакліканы ўсе”. Касцёл расце і будуецца на сапраўдных сведках, – сказаў арцыбіскуп Галахер, дадаючы, што духавенству даручана асаблівая адказнасць – сведчыць Евангелле сваім жыццём. “Там, дзе пануюць еднасць і адзінства, сведчанне становіцца праўдзівым і плённым”, – падкрэсліў ён.

Закранаючы тэму душпастырскай дзейнасці манахаў і манахінь, арцыбіскуп Галахер нагадаў заклік Папы Францішка ў Асізі: ісці з народам, “часам наперадзе, часам пасярэдзіне, а часам ззаду» – наперадзе, каб весці; пасярэдзіне, каб падтрымліваць; і ззаду, каб не пакінуць нікога; але, перш за ўсё, ісці разам, каб дапамагаць адзін аднаму, умець прасіць прабачэння і дараваць.

Служэнне Касцёла праяўляецца таксама ў стварэнні шляхоў дыялогу “з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі і касцёльнымі супольнасцямі, з іншымі рэлігіямі, з тымі, хто не падзяляе наш шлях”. Спасылаючыся на энцыкліку Папы Льва XIV “Magnifica humanitas” і на абраны ім дэвіз “In illo uno unum” («У Ім адзіным мы адзіныя») , арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што дыялог мусіць адбывацца без адмовы “ад уласнай ідэнтычнасці, але з паважлівай адкрытасцю да праўды і дароў, прысутных у іншых”.

Касцёл пакліканы быць міратворцам і будаўніком мастоў. Гэтую місію даручыў яму Папа Леў XIV на пачатку пантыфікату, гаворачы пра бяззбройны і абяззбройваючы, пакорлівы і трывалы супакой. “Будаваць мост значыць прызнаваць адлегласць паміж двума бакамі – падзел, нянавісць, неразуменне – і адмовіцца лічыць яе непераадольнай”, – сказаў арцыбіскуп Галахер, просячы заступніцтва Маці Божай, апякункі архідыяцэзіі, “каб Яна дала нам магчымасць спрыяць пабудове свету, у якім пануюць любоў, справядлівасць і мір”.

Пасля сустрэчы з духавенствам, законнікамі і законніцамі, арцыбіскуп Галахер узначаліў урачыстую Імшу ў катэдральным саборы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У набажэнстве прынялі ўдзел каталіцкія біскупы краіны. Святую Імшу ў катэдры, запоўненай вернікамі, разам з нунцыем Джавані Д’Аньела і дарадцам нунцыятуры Міславам Ходжычам канцэлебравалі біскуп Ёзэф Верт, апостальскі адміністратар біскуп Мікалай Дубінін і біскуп Штэфан Ліпке.

У атмасферы глыбокай засяроджанасці і хвалявання арцыбіскуп Галахер пачаў сваю гамілію, перадаючы каталіцкай супольнасці ў Расійскай Федэрацыі словы падбадзёрвання ад Папы: “Працягваць з яшчэ большым энтузіязмам шлях веры”. Потым ён зноў звярнуўся да тэмы ўмацавання міру: “Тут, на гэтым урачыстым набажэнстве, прадстаўлены ўсяленскі Касцёл: мы паходзім з розных краін, культур і гісторый, і мы сабраліся тут, у сэрцы Масквы, як адна сям’я, аб’яднаная адной верай у Бога”, — сказаў іерарх.

“Жыць Евангеллем – азначае таксама ісці разам дзеля агульнага дабра па гасцінцу дыялогу і міру”, — дадаў арцыбіскуп Галахер. Спасылаючыся на размову Езуса з Самаранкай ля калодзежа, іерарх нагадаў, што сапраўдны дыялог ніколі не з’яўляецца кампрамісам, які перакрэслівае ўласную ідэнтычнасць, гэта сустрэча сэрцаў. Евангелле заклікае нас нястомна шукаць тое, што аб’ядноўвае: “наша сацыяльнае супрацоўніцтва, служэнне бедным, хворым, разгубленым і тым, хто пакутуе, не мае канфесійных меж». Такім чынам мы адказваем на заклік Папы Льва XIV «стаць сапраўднымі міратворцамі ў штодзённым жыцці», «будуючы масты дыялогу і ўзаемаразумення, раззбройваючы сэрцы і ацаляючы раны блізкасцю, прабачэннем і дабрынёй».

Сустрэча арцыбіскупа Пола Рычарда Галлахера з біскупамі працягнулася братэрскай трапезай, прапанаванай у яго гонар у архідыяцэзіяльнай курыі. Пасля яе завяршэння іерарх заклікаў біскупаў працягваць сваю душпастырскую місію з абноўленым натхненнем.

Стэфана Ляшчынскі, пераклад і адаптацыя Марыя Валодзіна — Vatican News [2]