[1]Про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі падвёў вынікі першага года пантыфікату Папы Льва XIV, вылучыўшы мір, адзінства і камунію як галоўныя прыярытэты сучаснага папскага вучэння.
Падчас серыі сустрэч у Каталіцкім універсітэце Амерыкі ў Вашынгтоне арцыбіскуп Рына Фізікела прааналізаваў першы год служэння Папы Льва XIV, гадавіна абрання якога прыпадае на 8 мая 2026 года.
Іерарх адзначыў, што ўся дзейнасць Святога Айца – ад самага першага звароту з лоджыі Базілікі Святога Пятра да нядаўняга падарожжа ў Афрыку – прасякнута глыбокай адданасцю справе міру. Гэтае непахіснае «не» вайне стала няспынным заклікам Пантыфіка да прымірэння паміж народамі.
Для евангелізацыі свету Касцёл павінен чэрпаць моц у літургіі і захоўваць бачнае адзінства вернікаў.”
На думку арцыбіскупа Фізікелы, адзінства з’яўляецца жыццёва важнай неабходнасцю, асабліва ва ўмовах шматлікіх памылковых інтэрпрэтацый і радыкальных практык, якія правакуюць балючыя падзелы. Расколы, як падкрэсліў прамоўца, з’яўляюцца ранай, што падрывае давер да Касцёла і плённасць яго душпастырскай працы.
Менавіта таму Папа, абраўшы сваім дэвізам словы “In illo uno unum” («У Ім адзіным мы адзіныя”), робіць адзінства і камунію стрыжнем сваёй навукі. Камунія для Пантыфіка – гэта не проста тэорыя, а сам змест евангелізацыі, які павінен выяўляцца ў стылі жыцця кожнага верніка.
Асаблівую ўвагу прадстаўнік Апостальскай Сталіцы звярнуў на антрапалагічны выклік эпохі лічбавай культуры. Папа Леў XIV неаднаразова перасцерагаў моладзь ад улады алгарытмаў, якія спрабуюць дыктаваць чалавеку, што яму глядзець, як думаць і з кім сябраваць.
Сапраўдная свабода чалавека сёння патрабуе абароны яго духоўнай прыроды ад лічбавага маніпулявання.”
Арцыбіскуп Фізікела падагульніў, што евангелізацыя ў разуменні Папы Льва XIV павінна быць непарыўна звязана з літургіяй і малітвай. Менавіта праз літургічнае жыццё малітва Касцёла перамяняецца, даючы вернікам сілы сведчыць пра Божую любоў у свеце, які ўсё больш пакутуе ад руйнавання чалавечых каштоўнасцей і грамадскай раз’яднанасці.
Кс. Аляксандр Амяльчэня – беларуская рэдакцыя Vatican News [2]