Апостал адзінства сабраў духавенства дыяцэзіі ў Віцебску на распачацце юбілейнага года

З 12 лістапада 2023 года ў Беларусі распачаліся юбілейныя святкаванні 25-годдзя ад заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Гэты дзень адметны тым, што з’яўляецца таксама ўрачыстасцю для тэрытарыяльнай адзінкі нашай краіны, бо менавіта 400 год таму арцыбіскуп Полацкі Язафат Кунцэвіч праз прынятую смерць нарадзіўся для неба, супольнасць святых узбагацілася яшчэ адным мучанікам, які праліў сваю кроў у абарону веры і праўды, вернасці Святому Айцу і адзінству Каталіцкага Касцёла. Цяпер жа св. Язафат Кунцэвіч з’яўляецца галоўным апекуном Віцебскай дыяцэзіі.

Юбілейныя святкаванні распачаліся ўрачыстай Імшой у Віцебскай катэдры ў прысутнасці з грэка-каталіцкімі святарамі. Пасля адбылося падвядзенне вынікаў літаратурна-мастацкага конкурса “неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК”.

На наступны дзень катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага сабраў святароў і кансэкраваных асоб на агульнадыяцэзіяльную сустрэчу са сваім ардынарыем.

Пробашч грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа, протапрэзбітар айцец Андрэй Абламейка падчас канферэнцыі прыблізіў асобу святога, які на нашай зямлі здзяйсняў духоўныя подзвігі. Святар распавёў гісторыю атрымання з Вены рэліквій святога Язафата для Беларусі – набедраніка. Гэтую частку адзення святара ў выглядзе парчовага прамавугольніка, якая носіцца на баку ніжэй пояса, перадаў Легат Папы Францішка арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн падчас урачыстасцяў у Будславе ў 2016 годзе.

Святую Імшу ў межах пастырскай сустрэчы цэлебраваў біскуп Алег разам са святарамі дыяцэзіі і прысутнымі грэка-каталіцкімі сабратамі з Віцебска і Мінска.

“400 год таму, 12 і 13 лістапада былі нядзеляй і панядзелкам адпаведна, як і зараз. У нядзелю, як сталася забойства, ні ў цэрквах, ні ў касцёлах не адбылася св. Імша, не гучалі званы, якія пазней былі знятыя, а Віцебск пазбаўлены Магдэбурскага права. А панядзелак стаў такім днём цвярозасці, калі людзі пачалі асэнсаваць што сталася раптам. Вядома, што пазней адбыўся працэс, паляцелі галовы, і тыя віноўнікі забойства, хто быў асуджаны на смерць, акрамя аднаго, прынялі ўніяцтва”, — падкрэсліў біскуп.

Каб зразумець дзе шукаць адзінства паміж сабой, іерарх звярнуўся да віцебскага прэзбітэрыя з парадай пераняць ад св. Язафата:

  • навучанне – “Тое, што сам рабіў сярод вернікаў: напісаў катэхізіс і пад прымусаў загадваў святарам чытаць яго і навучаць Божаму слову іншых”;
  • аскеза – “Жыць у камфорце – не грэх, але як бачым, не толькі ў асобе св. Язафата Кунцэвіча, але тых хто дасягнуў узроўню духоўнага жыцця – адстаўлялі вельмі часта гэты камфорт, бо цела не ведае межаў, заўсёды хочацца нечага большага. Яно на жаль перашкодзіць пошуку глыбіні Божай праўды”, — зазначыў біскуп Алег.

Пазней падчас аб’яў былі прадстаўлены анонсы запланаваных падзей на бліжэйшыя месяцы:

З нагоды ўрачыстых юбілейных святкаванняў 25-годдзя ад заснавання Віцебскай дыяцэзіі, якія праходзяць у Беларусі з 12 лістапада 2023 г. па 1 снежня 2024 г. біскуп Алег Буткевіч аб’явіў аб прызначэнні пяці юбілейных святыняў і магчымасці атрымання поўнага адпусту. Пробашчам касцёлаў былі ўручаны адпаведныя памятныя дошкі, якія будуць размешчаны на бачным месцы, каб кожны хто ўваходзіць у храм ведаў, што на бліжэйшы год гэтая святыня мае асаблівы прывілей.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі