- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Аплаткавая сустрэча з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адбылася ў Мінскім тэалагічным каледжы

[1]Лічаныя дні аддзяляюць вернікаў каталіцкай канфесіі ад аднаго з самых прыгожых хрысціянскіх святаў – Божага Нараджэння. Напярэдадні важнай для кожнага католіка ўрачыстасці ў парафіях і супольнасцях па ўсёй краіне адбываюцца аплаткавыя сустрэчы, галоўная мэта якіх – у духу братэрства і любові сустрэць маленькага Хрыста, абмяняцца каляднымі пажаданнямі.

Чатырнаццатага снежня чарговая такая сустрэча прайшла ў сталічнай парафіі Святога Духа, што адносіцца да дэканату Мінск-Усход. У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты, выкладчыкі і адміністрацыя Мінскага тэалагічнага каледжа. Завітаў на спатканне з навучэнцамі і мітрапаліт Юзаф Станеўскі.

Аплаткавая сустрэча пачалася са святой Імшы, якую цэлебраваў іерарх. Ва ўступным слове арцыбіскуп прывітаў дырэктара навучальнай установы ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, выкладчыкаў, святароў і навучэнцаў.

[2]

Падчас гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі разважаў над глыбінёй і значнасцю свята Божага Нараджэння, яго вялікім сэнсам для кожнага католіка. Акрамя таго, іерарх акцэнтаваў увагу на важнасці духоўнага развіцця і атрымання новых ведаў. Прыгадаў арцыпастыр пра выключную ролю крыжа для кожага католіка. Невыпадкова крыж называюць ключом, які адкрывае нябёсы.

[3]

Пасля заканчэння Літургіі ўдзельнікі сустрэчы перайшлі ў дольны касцёл, каб прадоўжыць святкаванне ў сямейнай атмасферы. Навучэнцы першага курса падрыхтавалі цікавую конкурсна-забаўляльную праграму, насычаную тэматычнымі пытаннямі і заданнямі.

Цэнтральнай фігурай на свяце стаў святы Мікалай, які з’явіўся з вялікім мехам разнастайных падарункаў. Ён шчодра адорваў салодкімі прэзентамі і студэнтаў, і выкладчыкаў, і духавенства.

Арцыпастыр шчыра падзякаваў першакурснікам за падрыхтоўку цікавай праграмы, пасля чаго благаславіў аплаткі. Хвалюючым стаў момант дзялення аплаткамі, які зрабіў прысутных адной вялікай сям’ёй. Удзельнікі сустрэчы абменьваліся шчырымі пажаданнямі, цёплымі ўсмешкамі і братэрскімі абдымкамі. Кожны меў магчымасць асабіста павіншаваць Мітрапаліта і атрымаць пажаданні ў адказ.

Фінальным акордам сустрэчы стаў сумесны пачастунак.

Марта Багдановіч