[1]15 снежня ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для супрацоўнікаў службы аховы здароўя.
Разам з мясцовымі святарамі кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB і кс. Казімірам Шыдэлко SDB на сустрэчы прысутнічаў ганаровы госць, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Распачалася сустрэча са святой Імшы, перад пачаткам якой да сабраных звярнуўся пробашч парафіі і адказны за душпастырства медыкаў кс. Казімір Шыдэлко SDB. Святар прывітаў біскупа і ўсіх прысутных і выказаў вялікую ўдзячнасць за жаданне прыняць удзел у дадзенай сустрэчы. Кс. Казімір адзначыў, што Бараўляны з’яўляюцца месцам, дзе засяроджана шмат бальніц. Месцам, адкуль да неба ўзносіцца вялікая колькасць малітваў аб аздараўленні, ацаленні і падтрымцы ў цяжкай хваробе. Святар адзначыў, што медыкі першымі суправаджаюць людзей у гэтых цяжкасцях і іх праца вартая вялікай удзячнасці і павагі.
У казанні біскуп Юрый падкрэсліў, што ў сучасным свеце свята Божага Нараджэння губляе сваё першапачатковае значэнне, бо набывае больш камерцыйны характар. Але Адвэнт, усё ж, — гэта час посту, які неабходны, каб зрабіць нас крыху лепшымі. Таксама і час хваробы можна выкарыстаць для пераасэнсавання свайго жыцця. Калі хварээш, на шматлікія рэчы пачынаешь глядзець па-іншаму, перажываешь іх не так як раней. І ў такіх сітуацыях нас заўсёды суправаджаюць супрацоўнікі медыцыны, іх працу сапраўды можна назваць гераічнай. “У працы лекараў, я магу смела сказаць, ёсць таксама дзеянне Духа Святога, гэта не залежыць ад таго, веруючы чалавек ці не, але пэўнае слова, якое злучаецца з пратаколам лячэння, яно можа даць палёгку. Гэта нібы голас Божы, які гучыць з вуснаў чалавека. Гэтая падтрымка, падбадзёрванне можа даць жаданне жыць, таму сёння хачу выказаць вялікую падзяку працаўнікам службы аховы здароўя, якія ёсць сярод нас,” – такія словы ўдзячнасці біскуп Юрый выказаў усім лекарам і тым, хто клапоціцца аб здароўі чалавечага цела.
Калі завяршылася святая Эўхарыстыя, усе перайшлі ў будынак парафіяльнага дому, дзе вернікі падзякавалі біскупу за час, які ён удзяліў ім, а таксама за супольную малітву пад час св. Імшы. Пасля парафіяльны хор заспяваў традыцыйныя калядкі і адбылося ўрачыстае дзяленне аплаткай.
sdb.by [2]