[1]13 снежня ў мінскім араторыі імя святога Яна Боска пры парафіі святога Яна Хрысціцеля адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча Салезіянскай Сям’і. Яна сабрала больш за 120 удзельнікаў: святароў, сясцёр, салезіянаў супрацоўнікаў, прадстаўнікоў суполкі ADMA і аніматараў, паведамляе sdb.by [2].
На пачатку сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які ў сваім слове адзначыў, што ламанне аплаткай уводзіць Салезіянскую Сям’ю ў прастору глыбокага духоўнага перажывання еднасці і супольнай адказнасці. Ён падкрэсліў, што гэты жэст варта ўспрымаць не толькі як традыцыю, але як выраз жывой супольнасці — адкрытай на будучыню і здольнай несці надзею нават у часы стомы і няпэўнасці.
У сваім выступленні настаяцель падкрэсліў, што цэнтральным духоўным арыенцірам сустрэчы сталі словы Маці Божай з Каны Галілейскай: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”, абраныя дэвізам Салезіянскай сям’і на наступны год. Гэтыя словы з’яўляюцца заклікам да ўважлівага слухання Хрыста і да даверу, які патрабуе канкрэтных учынкаў і штодзённай вернасці. Асобна кс. Віктар звярнуў увагу на тое, што ў салезіянскай логіцы служэння Божае дзеянне раскрываецца там, дзе ёсць гатоўнасць служыць і ісці разам. У духу спадчыны кс. Боско і Вальдокко — менавіта супольны шлях, узаемная адказнасць і ціхая настойлівая любоў адкрываюць дарогу да будучыні, поўнай надзеі і душпастырскіх плёнаў.
Заканчваючы сваё слова, ксёндз Віктар заклікаў усю Салезіянскую Сям’ю да слухання, даверу і сумеснай дарогі, параўнаўшы супольнасць з домам у Вальдокко: “Няхай гэтая аплатка нагадае нам пра дух Вальдокко — пра дом, у якім кожны адчувае сябе патрэбным, пра сэрца, здольнае слухаць, і пра любоў, якая не шуміць, але з ціхай настойлівасцю будуе”.
Словы віншавання і пажаданняў прагучалі таксама ад прадстаўнікоў розных галінаў Салезіянскай Сям’і, якія падкрэслілі вялікую вартасць супольнасці і ўзаемнай падтрымкі ў місіі служэння моладзі.
Атмасферу сапраўднага сямейнага свята стварылі сумесныя калядныя спевы, шчырыя размовы і галоўны момант сустрэчы — дзяленне аплаткай. Гэты просты, але глыбока сімвалічны жэст прымірэння, міласэрнасці і ўзаемадапамогі яшчэ раз аб’яднаў усіх прысутных.
Цёплая і душэўная сустрэча пакінула ў сэрцах удзельнікаў глыбокі след і стала сапраўднай духоўнай падрыхтоўкай да святкавання Нараджэння Збаўцы, нагадваючы пра сілу супольнасці, веліч паклікання і невычэрпную крыніцу надзеі ў нованароджаным Хрысце.



