Пантыфік праз Апостальскую элемазінарыю накіраваў 5 тысяч доз антыбіётыкаў для дзяцей у Газе. Адначасова працягваецца размеркаванне харчовых набораў ва Украіне.
Праз Апостальскую элемазінарыю ў Газу было накіравана 5 тысяч доз антыбіётыкаў, прызначаных для дзяцей, якія з’яўляюцца аднымі з найбольш пацярпелых ахвяр двухгадовага канфлікту. Гэты жэст стаў магчымым дзякуючы адкрыццю пунктаў пропуску для гуманітарнай дапамогі мясцоваму насельніцтву.
«Мы кіруемся словамі апостальскай адгартацыі «Dilexi te», прысвечанай бедным, — сцвярджае кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, — бо неабходна дзейнічаць, надаваць увагу тым, хто ў патрэбе».
Адпраўленыя антыбіётыкі ўжо размеркаваны сярод тых, хто мае патрэбу, праз Лацінскі Патрыярхат у Іерусаліме.
Дабрачыннасць Папы не спыняецца і ў кантэксце канфлікту ва Украіне. Пасля шматлікіх місій па дастаўцы дапамогі, генератараў, цёплай вопраткі для барацьбы з холадам, Апостальская элемазінарыя працягвае падтрымліваць пацярпелых.
Нядаўна ў Харкаў прыбылі пакеты з надпісам на італьянскай і ўкраінскай мовах: «Дар Папы Льва XIV для насельніцтва Харкава». Унутры знаходзяцца кансервы, алей, макароны, мяса, а таксама мыйныя сродкі.
Гэта канкрэтны жэст салідарнасці Святога Айца з людзьмі, якія церпяць ад наступстваў ваеннага канфлікту.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [3] Vatican News

